Адно са звенняў цыкла

Date 09.01.2023 Man
Comment 804
Адно са звенняў цыкла

Гэта новая пабудова, што вырасла летась літаральна за паўгода пры ўездзе на тэрыторыю Капланецкага малочнатаварнага комплексу ААТ “Пагосцкі”, істотна адрозніваецца ад астатніх сваёй лёгкасцю канструкцыі і вялікімі, амаль на ўсю сцяну, вокнамі. Будынак больш нагадвае сабой аранжарэю, чым хлеў для ўтрымання жывёлы. І такое знешняе падабенства невыпадковае, бо тут пастаўлены на ўтрыманне маленькія нованароджаныя цяляткі, якім, як і раслінам, патрабуюцца асаблівыя ўмовы.

– А яны тут створаны, сапраўды, асаблівыя, – расказвае брыгадзір МТК “Капланцы” Таццяна Крывашэя-Дзамукашвілі. – У параўнанні з памяшканнем, дзе стаялі цяляткі раней, тут начыста адсутнічае іх скучанасць, заўсёды свежае паветра, шмат святла, клеткі для ўтрымання жывёлы ўтульныя, маюць дастатковыя памеры, яны заўсёды падасланыя. У кармушках пастаянна ў дастатковай колькасці ёсць камбікорм КР-1, самых маленькіх цялятак поім вадой, выпойваем малаком з вядзерцаў, аснашчаных соскамі. Палепшаны і ўмовы работы жывёлаводаў.

Памяшканне разлічана на пастаноўку 150 гадаванцаў ва ўзросце да трох месяцаў. Гэтую колькасць пагалоўя даручана даглядаць дзвюм цялятніцам – Ксеніі Бярозка і Настассі Савайтан. Яны – не навічкі ў сваёй справе і завіхаліся каля сваіх гадаванцаў яшчэ ў старым хлеве. Жачыны разлічваюць у будынку прафілакторыя дасягаць больш важкіх прыбаўленняў у вазе цялят і, што самае галоўнае і дзеля чаго, уласна, і задумвалася будаўніцтва, - істотна скараціць паказчык невытворчага выбыцця жывёлы і павялічыць працэнт яе захаванасці.

Названая праблема існуе ў многіх гаспадарках і адмоўна ўплывае на вытворчыя паказчыкі работы галіны жывёлагадоўлі. Таму яе станоўчае вырашэнне і выпраўленне сітуацыі знаходзіцца пад пільным кантролем не толькі спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Вось і названы аб’ект быў  узведзены ў адпаведнасці з распрацаванай Мінаблвыканкамам праграмай для сельгаспрапрыемстваў, якія маюць патрэбу ў будаўніцтве падобных прафілакторыяў. Фінансавыя сродкі на будаўніцтва аб’екта выдзеліў барысаўскі філіял “Здравушка-мілк” ААТ “Слуцкі сырзавод”, на які ААТ “Пагосцкі” пастаянна здавала сваю малочную прадукцыю.

Работы па ўзвядзенні новага памяшкання сельгаспрадрыемства вяло ўласнымі сіламі – намаганнямі будаўнічай брыгады. Працэс заняў няшмат часу і ўжо крыху больш месяца назад прафілакторый пачаў засяляцца. Для яго выхаду на “праектную магутнасць” у памяшканні яшчэ засталося ўстанавіць адзін рад клетак для маладняку. На комплексе не адмаўляюцца і ад практыкі ўстаноўкі клетак з цялятамі на вуліцы. Прыбягаць да такой меры тут будуць у выпадку масавых расцёлаў жывёлы і немагчымасці паставіць усіх нованароджаных цялятак у памяшканні прафілакторыя. Адмоўнага адбітку на самаадчуванні жывёлы быць не павінна, бо падобная сітуацыя можа назірацца ўжо з наступленнем больш цёплых веснавых дзён.

Пасля таго, як новае папаўненне маладняку БРЖ прабудзе ў прафілакторыі першыя тры месяцы свайго жыцця і дасягне адпаведнай вагавой катэгорыі, пагалоўе пераводзіцца на косаўскі адкормачнік гаспадаркі з тым, каб затым ізноў вярнуцца на комплекс або іншую ферму сельгаспрадпрыемства спачатку ў якасці цялушкі, якую затым перавядуць у “штат” асноўнага дойнага пагалоўя, а атрыманы прыплод трапіць у прафілакторый для таго, каб даць старт чарговаму цыклу аднаўлення і павелічэння пагалоўя ў гаспадарцы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER