Спаборніцтву садзейнічае канкурэнцыя

Date 04.08.2023 Man
Comment 799
Спаборніцтву садзейнічае канкурэнцыя

Калі мы прыехалі ў ААТ “Багушэвічы”, ліў дождж. Таму ўрачыстасць з нагоды віншавання вадзіцеля гаспадаркі Аляксандра Крука, які з пачатку жніва перавёз сваю першую тысячу тон збожжа, давялося праводзіць не на полі, а ў кабінеце дырэктара сельгаспрадпрыемства Юрыя Сухоцкага.

Такая акалічнасць ніякім чынам не паўплывала на значнасць дасягнутага поспеху і святочнасць мерапрыемства.

Шчырыя словы падзякі за старанную працу выказалі начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Карына Аруцюнян, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Краткоўская.

Грамату і грашовую прэмію Аляксандру Круку ўручыў і дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Сухоцкі. А знакаміты бярэзінскі музыка Міхаіл Папруга парадаваў віноўніка ўрачыстасці і прысутных задушэўнымі спевамі.

Нягледзячы на тое, што магутнаму МАЗу Аляксандра Крука ўжо 15 гадоў, аўтамабіль годна служыць яму і дапамагае дабівацца высокіх вынікаў. Яно і зразумела: ва ўмелых руках спецыяліста і пры належным рамонце, які быў праведзены напярэдадні жніва, падводзіць свайго гаспадара ён не можа. 

Дарэчы будзе сказаць, што Аляксандр Іванавіч у сельскай гаспадарцы не навічок, аддаў любімай справе больш за дваццаць гадоў і за гэты час тысячны рубеж асвойвае ўжо далёка не першы раз. Негаваркі па натуры, у сваіх учынках ён большую перавагу аддае канкрэтным справам. І дасягненне ім тысячнага рубяжа па адвозцы збожжа ад камбайнаў – яскравы таму прыклад.

Дарэчы, сёлета ён трэці ў раёне вадзіцель-тысячнік (двое яго калег – прадстаўнікі ААТ “Пагосцкі” Віталь Семашкевіч і Аляксандр Зязюля).

Спыняцца на дасягнутым Аляксандр Крук не намераны, бо ў гаспадарцы пакуль што ўбрана толькі 40 працэнтаў збожжавых палеткаў і разгарнуцца яшчэ ёсць дзе, таму мужчына не адвяргае магчымасці падвоіць свой сённяшні паказчык. Тым больш, што на адвозцы занята не надта многа адзінак тэхнікі (пакуль што, акрамя яго, на гэтай справе шчыруе малады трактарыст Мікіта Хадунько), і гэта рэальна.

Юрый Сухоцкі расказвае, што ў гаспадарцы для атрымання высокага ўраджаю былі прыняты ўсе неабходныя захады, але свае істотныя карэктывы ўнесла засушлівая вясна, якая не дазволіла ажыццявіць намечанае ў поўнай меры. Ды і сам ход уборкі быў бы больш аператыўным, калі б не дажджы.

Але настрой у працаўнікоў па-ранейшаму баявы і кожны імкнецца даручаную справу выканаць сумленна, адказна і старанна. Паміж экіпажамі (а на жніве задзейнічана шэсць камбайнаў) стварылася жывая канкурэнцыя, што садзейнічае ходу кампаніі. Вынікі работы падводзяцца рэгулярна і кожны ведае свае паказчыкі. Паклапаціліся ў гаспадарцы і пра харчаванне ўдзельнікаў уборачнай, так што ў полі яны шчыруюць да позняга вечара.

Лідарам спаборніцтва сярод камбайнераў у гаспадарцы з‘яўляецца Валянцін Корзун.

- На сённяшні дзень мой намалот крыху перавышае 500 тон збожжа. Хацелася б, зразумела, як і ў мінулыя гады, стаць тысячнікам, але пры такой шчыльнай канкурэнцыі наўрад ці гэта ўдасца, - расказвае мужчына. – Хаця летась у нас, здаецца, было ажно чатыры тысячнікі. Сёлета, на жаль, нашы поспехі больш сціплыя. Найбольш урадлівымі былі ўчасткі, засеяныя азімым ячменем, які мы ўжо ўбралі, ды і азімы рапс таксама быў някепскім. Работы наперадзе яшчэ шмат, так што без справы не сядзім і імкнёмся ўбраць усё вырашчанае да апошняга зярнятка.

Крыху меншы паказчык намалоту на рахунку экіпажа ў складзе Ігара Цісецкага і Міхаіла Дубовіка, бо ўключыліся ў жніво яны не з самага пачатку, да таго ж убіралі насеннікі траў. Гэты зладжаны міні-калектыў добра праявіў сябе і летась, калі не толькі прымаў удзел на жніве ў роднай гаспадарцы, а яшчэ дапамагаў хлебаробам і суседняга Крупскага раёна.

Сярод камбайнераў добрых паказчыкаў дасягаюць на ўборцы таксама Сяргей Лагоўскі, Алег Шагойка, Мікалай Собаль. Ды і што гаварыць, стараюцца ўсе занятыя на жніве рабочыя і спецыялісты. Сярод іх і аператар КЗС Сяргей Карповіч. У гаспадарцы працуе ён толькі першы сезон, хаця справу на зернетаку ведае выдатна – даводзілася быць аператарам і ў мінулыя гады. А летась па выніках раённага спаборніцтва ён нават заняў другое месца на Бярэзіншчыне сярод аператараў КЗС (працаваў на той час у ААТ “Першамайскі”). Яго напарнік Максім Маслакоў (яны працуюць пазменна) чалавек малады, аднак таксама ставіцца да справы адказна. Таму на зернесушылцы праблем не бывае ніколі і працуе яна безпрастояў.

Сярод тых, хто абслугоўвае КЗС, і механізатар Міхаіл Блізнюк. У яго абавязкі ўваходзіць загрузка вільготнага зерня ў сушылку, адвозка ўжо дапрацаванай збажыны на склад, вываз адходаў вытворчасці і г.д. Хапае спраў таксама Юрыю Антаневічу і Мікалаю Федаровічу, якія пазменна займаюцца загрузкай і падгортваннем збожжа.

Як бачым, у ААТ “Багушэвічы” кожны на сваім месцы годна выконвае пастаўленыя перад ім задачы. І не столькі дзеля высокага паказчыка прыкладае максімум намаганняў. Але калі адно з другім супадае, тут умеюць і парадавацца за свайго калегу, і годна ўшанаваць яго.

 

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER