Жніво – гэта заўсёды экзамен

Date 19.07.2024 Man
Comment 708
Жніво – гэта заўсёды экзамен

У той дзень усе чатыры камбайны сельгасфіліяла “Ома” працавалі на полі непадалёк ад вёскі Міхалёва і з дарогі, што вядзе на Бабруйск, было добра відаць, як дружна, загонка за загонкай, абмалачваюцца шырокі гектары, засеяныя азімай пшаніцай. Відовішча, сапраўды, прыцягальнае і рамантычнае. А яшчэ яно прыносіць спакой у нашы душы: будзем з хлебам! Але як і кожны год хлеб гэты даецца няпроста і з’яўляецца вынікам вялікіх намаганняў аграрыяў, апошнім пунктам якіх з’яўляецца жніво.

Азімая пшаніца, якую гэтымі днямі ўбіраюць у “Оме” – ужо чацвёрая па ліку культура, якую тут абмалачваюць. Спачатку быў ячмень, які паказаў хоць не самую высокую ўраджайнасць, але аказаўся больш урадлівым, чым летась. Затым наступіла чарга рапсу. І хоць убіраць яго давялося на 83 гектары менш, чым было пасеяна (менавіта такую плошчу давялося спісаць яшчэ на пачатку вясны, калі ён не здолеў выйсці з зімоўкі), намалочанага ўраджаю хапіла для таго, каб закрыць свае патрэбы. Больш за трыста тон дало жыта, восем гектараў яго яшчэ засталіся няўбранымі – павінны яшчэх даспцеь. Дарэчы, гаспадарка адной з першых у раёне выканала па гэтай культуры дзяржзаказ.

– Пры правядзенні пасяўной мы і сёлета больш арыентаваліся на азімыя культуры, – расказвае дырэктар філіяла Дзмітрый Калацэй. – Яны традыцыйна паказваюць больш стабільны вынік і менш падвяраюцца кліматычным катаклізмам, якіх у нас заўсёды нямала. Таму з агульнага кліну сяўбы яравыя культуры ў нас занялі ўсяго 150 гектараў, а азімых – без малога 700. Дарэчы, азімыхна сёння мы ўжо ўбралі, лічы, 50 працэнтаў плошчаў, а ў апошніх чыслах ліпеня пяройдзем і да яравых. Ужо сёння мы бачым, што ўраджайнасць атрымаем большую, чым летась як і з гектара, так і па валу. Прывяду толькі адзін прыклад у пацвярджэнне гэтых слоў. Азімай пшаніцы нам застаецца ўбраць яшчэ каля 90 гектараў, а леташні валавы яе намалот мы ўжо дасягнулі. І гэта пры тым, што плошчы пад яе мы не павялічвалі.

З добрым настроем працуюць камбайнеры. У састаў кожнага экіпажу ўваходзіць па два чалавекі. Памочнік камбайнера адначасова займаецца і адвозкай збожжа, а таксама прымае ўдзел у рамонце агрэгата, калі здараецца такая неабходнасць. Намалочаныя і перавезеныя тоны дзеляцца на абодвух, так штоніхто ў фінансавым плане пакрыўджаным не застаецца. А стымул працаваць дружна і аператыўна- самы непасрэдны.

Самым вопытным экіпажам, па словах дырэктара, з’яўляюцца Аляксандр Міхайлавіч і Аляксандр Барысавіч Валасевічы. У ліку экіпажаў ёсць і навічкі жніва – маладзёжны экіпаж у саставе Леаніда Драгуна і Уладзіслава Пісарава. Абодвум яшчэ да 30 гадоў, у пары працуюць яны ўпепршыню. Хаця, як сведчыць Леанід, для яго жніво гэта ўжо не першае, і мінулых пару гадоў таксама даводзілася праваць на камбайне. Яго памочнік у “Оме” працуе не так даўно, летась у гэтую гарачую пару быў задзейнічаны на ўборцы саломы. Таму і адчуванне ў механізатара на гэты раз зусім іншае, як і больш важкая адказнасць за працэс жніва.

 

Яшчэ адным аладым працаўніком на ўборцы з’яўляецца Васіль Пінчук, напарнікам якога – вадзіцель Васіль Буры, вопытны і старанны спецыяліст. Экіпаж працуе на новым камбайне, таму камбайнер разлічвае на высокія паказчыкі. А ён жа і на старэнькім “Доне” добра ўпраўляўся. І два гады назад адзначаўся ў якасці члена маладзёжнага экіпажа, быў лідарам сярд маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа ў раённым спаборніцтве.

 

Новым камбайнам кіруе ў гэтым сезоне і Андрэй Дыбаль. Добры і станоўчы дуэт, які дапаўняе Анатоль Цімашэнка, не раз выпрабоўваўся на працавітасць і адказнасць. Як падлічылі мужчыны, у адной звязцы яны ўжо каля дваццаці гадоў. Пачыналі яшчэ і са старога камбайна, і з ГАЗіка. А зараз – толькі праццуй ды радуйся. Таму і разлічваюць на высокія паказчыкі.

 

Нягледзячы на тое, што да завяршэння жніва яшчэ часу нямала, паралельна вядуцца работы і па ліквідацыі яго наступстваў. Так, адразу за ўбокай збажыны на полі пачынаецца падборка і прасаванне саломы. Тут на двух новых трактарах з прэс-падборшчыкамі шчыруюць Сяргей Мешыч і Алег Кунавіч. У працэсу задзейнічана і яшчэ чатыры адзінкі тэхнікі: два трактары на звозцы спрасаванай саломы і два агрэгаты на яе пагрузцы, выгрузцы і складзіравані ў штабелі. Апусцеўшыя ўчасткі таксама не стаяць без справы, і ўжо вядзецца падрыхтоўка глебы пад будучую сяўбу. На гэтай справе заняты з плугамі два энегранасычаных трактара.

Жніво – гэта заўсёды экзамен для аграрыяў. У калектыве сельгасфіліяла “Ома” яго традыцыйна здаюць паспяхова і з высокай ацэнкай.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER