Пачалі сеяць кукурузу

Date 17.04.2025 Man
Comment 657
Пачалі сеяць кукурузу

Вось і ўсталявалася нарэшце з выхадных устойлівае надвор’е, якое перастала перашкаджаць сяльчанам весці палявыя работы. І яны актыўна прыступілі да выканання сваіх штодзённых абавязкаў, навёрстваючы страчаны час. І хоць яравая сяўба ранніх каласавых у раёне ўжо завершана, спраў на зямлі  засталося яшчэ нямала: як парупішся веснавым днём, тое і атрымаеш увосень.

У ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” добра ведаюць гэтую аксіёму, таму і дбаюць аб тым, каб атрымаць годны ўраджай не толькі збожжа і іншых культур, а і кармоў.

Да прыкладу, Аляксандр Жалябін гэтымі днямі на “Расе” заняты другой падкормкай азімых на палетку, што размешчаны каля вёскі Пружанка. Пакуль чакаем яго на ўскрайку поля, пакуль ён пад’едзе на чарговую запраўку, размаўляем з Аляксандрам Жукоўскім, які забяспечвае касам тэхніку свайго калегі.

- Гэты ўчастак мы апрацоўваем ужо другі раз. Тут пасеяна сумесь жыта і свірэпіцы. Трэба, каб яны набраліся і выйшлі ў рост, бо потым будуць выкарыстаны на зялёны корм жывёле. А на іх мецы затым пасеюць аднагадовыя травы: пакуль стаіць спрыяльны перыяд, трэба атрымаць з кожнага гектара максімум аддачы. Без спраў стаяць не даводзіцца, бо праз кожныя 15-20 мінут даводзіцца дазапраўляць апрысквальнік.

Не стаіць без спраў і  Мікалай Самец. На сваім энерганасычаным трактары ён заняты на ворыве. Разгарнуцца яму тут, на вялікім полі каля вёскі Альхоўка, ёсць дзе. Вось ён набліжаецца да ўскрайку, акуратна выконвае разварот і займае чарговы гон даўжынёй у добры кіламетр. Толькі за плугамі застаецца шырокая палоска свежаўзаранай глебы.

А вось Сяргея Ждановіча мы засталі за вёскай Прыбярэжная якраз у той момант, калі ў прычэплены да МТЗ “Ферабокс” ішла загрузка насення кукурузы. За сяўбой царыцы палёў мужчына ўжо другі дзень. Наперадзе ж работы вельмі многа, бо агульная плошча пад кукурузай у гаспадарцы складае аж 1200 гектараў, з якіх 200 тут будуць вырошчваць на зерне.

- З гэтага дня на сяўбе будзем працаваць удваіх, - расказвае Сяргей Міхайлавіч. -У сярэднім за дзень кожны здольны засеяць па 25 і больш гектараў. Такім чынам, пастаўленую задачу адсеяцца да 15 мая павінны выканаць своечасова.

Значны аб’ём работ вялі працаўнікі гаспадаркі ў той дзень і на ўчастку, размешчаным на другім канцы раёна – непадалёк ад вёскі Бялавічы: паспець трэба ўсюды і не страціць спрыяльны час.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER