Пад кукурузу – 1500 гектараў!

Date 23.04.2025 Man
Comment 617
Пад кукурузу – 1500 гектараў!

Шырокім фронтам вядуцца сельскагаспадрчвыя работы ў ААТ “Багушэвічы”. Тут завяршаецца ўнясенне арганікі пад будучы ўраджай.

Гэтай справай заняты механізатар Алег Шагойка і аператар “Амкадора” Мікалай Федаровіч. Яшчэ двое чалавек, а гэта Дзяніс Марчанка і Генадзь Кукуруза, на энерганасычаных трактарах вядуць падрыхтоўку глебы. 

Мікалай Федаровіч

Вядуць падрыхтоўку глебы Дзяніс Марчанка і Генадзь Кукуруза

 

Прыкладна з 15 чысла ў гаспадарцы прыступілі і непасрэдна да сяўбы кукурузы. Гэтымі днямі яе вядуць Уладзімір Лепяшко на лідскай СТВ-8 і Міхаіл Блізнюк на “Ферабоксе”. Пасяўная плошча кукурузы складае ў гаспадарцы 1500 гектараў, з якіх было засеяна крыху больш за 200. З улікам уводу ў строй трэцяй сеялкі, механізатары плануюць завяршыць гэтую работу да 9 мая.

Уладзімір Лепяшко

 

Вядзецца таксама ўнясенне мінеральных угнаенняў. Гэтую адказную справу выконвае Міхаіл Лагоўскі. А яго калега Сяргей Танковіч тым часам займаўся на адным з палеткаў каля в. Якшыцы хімахоўнымі работамі. Добрым памочнікам у справе яму з’яўляецца апарат дакладнага земляробства, устаноўлены на трактары, які дазваляе не толькі ашчадна выкарыстоўваць расходнікі, а і ўказвае тыя ўчасткі глебы, якія ўжо апрацаваны, каб не трапіла на іх двайная доза рэчыва.

Сяргей Танковіч

 

Наш аб’езд па палетках разам з маладым кіраўніком гаспадаркі Віталем Самцом як раз супаў з часам абедзеннага перапынку. І вось да рабочага месца Міхаіла Блізнюка пад’езджае “Ніва” галоўнага агранома гаспадаркі Івана Тарасені, якой кіруе Уладзімір Бінжук. Тут жа з прывезеных бачкоў механізатару выдаюцца стравы, прыгатаваныя ў мясцовай сталоўцы.

Міхаіл Блізнюк і Надзея Дзярновіч

 

– Нашы ж хлопцы працуюць, лічы, з шасці раніцы, – расказвае раздатчыца Надзея Дзярновіч. – Вось і клапоцімся, каб сытыя былі і добра працавалі. А смачныя стравы рухтуе наша повар Святлана Няхай. За дзень сёння трэба аб’ехаць восем кропак. З такім вадзіцелем даставім усё без перашкод.

Пакуль механізатар абедае, прыбыўшы з машынай галоўны аграном Іван Тарасеня правярае усходы на суседнім полі, затым абмяркоўвае ход пасяўной з дырэктарам сельгаспрадпрыемства. Так, пагутарыць ім ёсць пра што, каб вызначыць найбольш аптымальныя варыянты вядзення работ і своечасовага іх завяршэння.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER