Уборка вядзецца талакой

Date 24.07.2025 Man
Comment 462
Уборка вядзецца талакой

Сапраўды, у такой важнай кампаніі, як жніво, не бывае пабочных асоб і людзей, якія не былі б зацікаўлены ў яе выніках. І гэта часта не толькі самі аграрыі-сяляне. Ім на дапамогу з году ў год актыўна прыходзяць прадстаўнікі іншых арганізацый і ўстаноў, каб падставіць сваё надзейнае плячо і ўнесці свой уклад у агульнадзяржаўную справу. Прычым, людзі гэтыя знаёмыя з сельскагаспадарчай вытворчасцю і добра валодаюць навыкамі работы на сучаснай тэхніцы, у тым ліку і збожжаўборачных камбайнах.

Так, у ААТ “Пагосцкі” ў саставе збожжаўборачных камбайнаў (а іх тут восем) трое цяпер з’яўляюцца прадстаўнікамі іншых арганізацый, хаця ў свой час кожны з іх паспеў ужо “засвяціцца” на землях “Пагосцкага”, у тым ліку і ў якасці камбайнераў. Так што яны – не толькі не навічкі на палетках, а і ў цэлым у калектыве.

Напрыклад, Вячаслаў Бандарчык. Гэта сёння ён лесавод Пагосцкага лясніцтва, дзе працуе з 1996 года. Першыя ж прафесійныя крокі рабіў у тагачасным саўгасе “Вяшэўскі”. Першае жніво праводзіў яшчэ на СК-5 “Ніва”, потым перасеў на новенькі КЗС. Такім чынам, сёлетняя ўборка для яго ўжо 13-ая па ліку. Сам рыхтаваў камбайн да гарачай пары, таму і ўпэўнены ў яго рабоце. Напарнікам камбайнера стаў яго журоўскі зямляк – малады спецыяліст Арцём Сіняк, які толькі нядаўна атрымаў дыплом трактарыста-машыніста пасля заканчэння Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Пад кіраўніцтвам умелага механізатара юнаку будзе лягчэй спасцігаць ўсе сакрэты жніва. Да таго ж, як высветлілася, Вячаслаў Міхайлавіч з’яўляеца хросным бацькам Арцёма.

Слесар бярэзінскага вытворчага ўчастка па вытворчасці спірту Сяргей Драко на прадпрыемстве вось ужо 19 гадоў. Але і да гэтага часу не лічыць ААТ “Пагосцкі” чужым для сябе, як і работу не сельскай ніве. Сам з Любушан, там і працаваў да арміі, пасля службы ў ёй атрымаў пасведчанне механізатара. З часам пераехаў у Гарэнічы, стаў працаўніком тагачаснага саўгаса “Бярэзінскі”. Не раз удзельнічаў у жніве - на “Доне”, потым на новенькім КЗС-10. Калі сёлета мужчыну прапанавалі паўдзельнічаць ва ўборцы, адразу згадзіўся, каб, па яго ж словах, дапамагчы роднай гаспадарцы.

Не чужымі палеткі сельгаспрадпрыемства аказаліся і для аператара пагрузчыка торфапрадпрыемства “Бярэзінскае” Андрэя Молчана. Хоць ён і вырас у Багушэвічах, доўгі час затым працаваў механізатарам у “Бярэзінскім” да яго аб’яднання з ААТ “Пагосцкі”. Дарэчы, яго жонка і цяпер з’яўляецца асемянатарам МТК “Капланцы”. Жніво для мужчыны таксама не ў навінку. Першае з іх было яшчэ калі з’яўляўся старшакласнікам Багушэвіцкай школы. Так што ёсць і багаты вопыт, і практычныя веды, і адпаведнае майстэрства.

На жаль, тэмпы ўборачных работ сёння не вельмі шпаркія і поўнасцю залежаць ад умоў надвор’я, якое амаль штодня пасылае нашай зямельцы дожджыкі – то кароткатэрміновыя, то на ўвесь дзень. Таму зараз у ААТ “Пагосцкі” вядзецца ўборка азімага ячменю. На карані пакуль што застаецца яго гектараў 200 з 608 пасеяных. Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Гоман, культура на круг дае па 30 цэнтнераў. Усяго ў сельгаспрадпрыемстве азімымі і яравымі зерневымі і зернебабовымі культурамі занята 1780 гектараў. У сярэднім нагрузка на камбайн не вельмі вялікая – прыкладна па 250 гектараў, а гэта дае магчымасць аператыўна ўбраць усе плошчы. Толькі, на жаль, працаваць увесь светлавы дзень з-за непагадзі не ўдаецца. Паралельна са жнівом, дадае Аляксей Уладзіміравіч, тут вядуць і нарыхтоўку кармоў, паступова запаўняючы сянажныя траншэі. Назапашана ўжо па 19 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што дазволіць да канца сезона мець прыкладна па 40 цэнтнераў. А гэта – трывалая кармавая база на стойлавы перыяд.

Калі мы прыехалі на поле, дзе вялася ўборка азімага ячменю, у камбайнераў ізноў быў вымушаны перапынак: сыпаў дробны дожджык. Са шкадаваннем глядзелі мужчыны на неба ў спадзяванні, што ім ўдасца да канца дня яшчэ хоць на пару гадзін запусціць у работу камбайны, не марнавалі час і корпаліся вакол сваёй тэхнікі, робячы яе тэхагляд. Злітуйся над імі, надвор’е, дай камбайнерам паказаць сваю працавітасць і сабраць годны багаты ўраджай!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER