Корманарыхтоўка на завяршальным этапе

Date 23.10.2025 Man
Comment 332
Корманарыхтоўка на завяршальным этапе

У гаспадарках раёна завяршаецца ўборка кукурузы на зерне. Вядуць яе і аграрыі ААТ “Першамайскі”. На гэтай рабоце задзейнічана два камбайны і дзве аўтамашыны, занятыя адвозкай абмалочанага ўраджаю. Вазіць жа зерне даводзіцца не з бліжняй адлегласці – палеткі царыцы палёў размешчаны непадалёк ад вёскі Высокая Гара.

- Тым не менш, прастояў з-за адсутнасці транспарту ў нас не бывае, - расказвае адзін з камбайнераў – Дзяніс Крук, які да таго ж у гаспадарцы нядаўна прыступіў да выканання абавязкаў загадчыка мехмайстэрняў, - бо МАЗы з вялікімі кузавамі, а адзін з іх да таго ж з прычэпам. Ды і вадзіцелі – хлопцы адказныя і спраўныя. Гэта Аляксандр Зязюля і Уладзіслаў Трафімаў. Яны яшчэ ў час жніва паспелі праявіць сябе высокімі паказчыкамі.

Дарэчы, у час жніва паспеў вызначыцца і другі заняты на ўборцы кукурузы на зерне камбайнер – Васіль Палянскі. Па выніках кампаніі ён стаў камбайнёрам-двухтысячнікам. Узяты тэмп захоўвае і зараз, бо для яго ўборачная кампанія не спынялася: пасля завяршэння жніва ён адразу ж перасеў на КВК і ўбіраў кукурузу на зялёную масу, а зараз ізноў перасеў на камбайн, каб ізноў малаціць зерне.

- Працы засталося на некалькі дзён, - дадае Васіль. – Хутка яе завершым. Радуе, што пачаткі атрымаліся важкія, маюць высокую ўраджайнасць. Будзе добры дадатак у рацыёне кармлення жывёлы.

Калі мы прыехалі да механізатараў, то засталі іх за прывычнай справай: перад выездам на поле яны чысцілі свае камбайны, рабілі тэхабслугоўванне і даводзілі іх да ладу, каб затым на працягу ўсяго рабочага дня не здарылася паломкі, якая магла б перашкодзіць ходу работ. І вось нарэшце камбайны гатовы і прыступаюць да работы. Няхай спорыцца яна ва ўмелых і працацітых руках!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER