- Працаваць у роднай гаспадарцы я пачаў яшчэ да арміі. А потым, адслужыўшы, зноў вярнуўся сюды. І, ведаеце, ніколькі не шкадую, бо работа трактарыста мне вельмі падабаецца і я з захапленнем выконваю даручаныя мне заданні. А яны для мяне і майго МТЗ-82 заўсёды знаходзяцца ў любую пару года: пагрузіць салому або ўгнаенні, дапамагчы на ферме ўправіцца... Гэта вельмі добра, калі заўсёды знаходзішся ў руху.
Як выявілася, Яфім – чалавек мясцовы, родам з Божына. Прыкладам у працы для яго заўсёды служыў дзядуля, які таксама доўгі час працаваў у гаспадарцы механізатарам. Менавіта яго шляхам і вырашыў пайсці юнак, стаць прадаўжальнікам сямейнай справы. Ды і бацька таксама больш за чвэрць стагоддзя аддаў сельскай гаспадарцы і доўгі час шчыраваў на мясцовым КЗС.
Юнаку налета ў студзені споўніцца 21 год. Наперадзе яшчэ доўгае і, верыцца, шчаслівае жыццё. Мяняць яго лад, як і месца прыкладання сваіх намаганняў, Яфім не збіраецца. Але і стаяць на месцы таксама не ў яго характары. Сваёй мэтай ён паставіў далейшы прафесійны рост і ўдасканальванне ўжо набытых і набываемых ведаў. Так, у далейшых планах маладога чалавека набыццё навыкаў работы па пагрузчыках, энерганасычаных трактарах і на камбайнах, каб стаць механізатарам-універсалам, які быў бы на “ты” з любой тэхнікай і мог бы выканаць любое заданне, у тым ліку паўдзельнічаць у жніве.
Годны пачатак шляху заўсёды спадарожнічае поспеху і ажыццяўленню задуманага. Дык няхай мары кожнага з нас абавязкова збываюцца!
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.