Гайда, у «Лазурный»!

Date 18.11.2022 Man
Comment 581
Гайда, у «Лазурный»!

Гэты выраз ужо больш за дзесяць гадоў гучыць сярод падлеткаў і моладзі. Падхапілі яго і людзі больш сталага ўзросту і пенсіянеры, якія таксама з задавальненнем рэгулярна наведваюць заняткі ў гэтай фізкультурна-аздараўленчай установе. 

Варта напомніць, што фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Лазурный” пачаў сваю дзейнасць у 2011 годзе пасля рэканструкцыі аб’екта незавершанай будоўлі 1991 года. Быў час, гэты будынак палохаў сваім недагледжаным і закінутым выглядам гараджан і гасцей раёна, а сёння ён ужо даўно ўяўляе ўпадабаны бярэзінцамі сучасны спартыўны аб’ект з гульнёвай залай на 122 месцы, трэнажорнай, фітнес-залай, саўнай з купеллю, адкрытымі плоскаснымі пабудовамі, хакейнай пляцоўкай.

Усе яны не прастойваюць без справы, бо задзейнічаны для аказання паслуг. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца ў гараджан трэнажорная і спартыўная залы, більярд, настольны тэніс і аэробіка. Дзятва з бацькамі з ахвотай бавіць час на вулічных пляцоўках, дзе да іх паслуг яшчэ і надзіманыя атракцыёны, і батут-сетка.

– З мэтай павышэння эфектыўнасці работы цэнтра пастаянна пашыраецца спектр паслуг, – гаворыць дырэктар ФАЦ “Лазурный” Сяргей Вальчэўскі. – Сёння тут аказваецца шмат відаў паслуг. Трэнажорная зала занята на 78%, зала аэробікі – на 80%, гульнёвая зала – на 70%, більярд – на 35%.

Заслуга ў гэтым належыць непасрэдна інструктарам-метадыстам цэнтра. Так, заняткі аэробікай праводзіць Надзея Самец. Яна сапраўдны прафесіянал і заўзяты аматар здаровага ладу жыцця, сабрала вакол сябе не толькі моладзь, але і жанчын паважанага ўзросту.

– Заняткі праводзяцца ва ўсе дні, акрамя нядзелі, – расказвае Надзея Пятроўна. – Нярэдка здараецца, што ў трэнажорнай зале не хапае месца для ўсіх жадаючых. Да заняткаў падыходзім дыферэнцыравана. Так, людзям старэйшага ўзросту больш падабаецца пілатэс, а маладзейшым – кардыянагрузка і сілавыя практыкаванні. Маецца ў нас самы сучасны інвентар. Ды і, напэўна, лепшым стымулам наведваць заняткі служыць не толькі жаданне прывесці сваё цела ў форму, але і рэальна ўмацаваць здароўе і зарадзіць сябе энергіяй.

У трэнажорнай зале таксама збіраецца свая аўдыторыя. Тут рупіцца Валерый Драздоўскі. Вопыту і ўменняў працаваць з моладдзю яму не пазычаць.Таму вакол яго заўсёды поўна падлеткаў.

– Наведваюць сёння трэнажорную залу людзі самых розных узростаў, – заўважае Валерый Іосіфавіч, – але ў пераважнай большасці гэта старшакласнікі і моладзь. Усіх іх вабіць сюды вялікая колькасць трэнажораў і магчымасць займацца па ўласным плане пад наглядам інструктара. Нямала сярод пастаянных наведвальнікаў таксама маладых юнакоў і дзяўчат, якія выбралі спорт сваім ладам жыцця.

Варта ўспомніць і яшчэ адзін год – 2015. Тады першае месца было прысвоена фізкультурна-аздараўленчаму цэнтру “Лазурный” у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў 2014 годзе ў групе “Раённыя фізкультурна-спартыўныя клубы, цэнтры фізкультурна-аздараўленчай работы”.

Гэта важкая ўзнагарода бярэзінскага спартыўнага аб’екта служыла бясспрэчным прызнаннем яго вартасцей у рэспубліцы і прафесіяналізму яго інструктараў-метадыстаў.

– Мы памятаем пра такое пачэснае прызнанне нашых інструктараў-метадыстаў, – зазначае Сергей Валер’евіч, – і імкнёмся яшчэ не адзін раз паўтарыць яго. Праўда, свае карэктывы ўнеслі пандэмія і яшчэ некалькі прычын. Але мы рук не апускаем і стараемся пашыраць сетку спартыўных і масавых мерапрыемстваў. Ужо на нашай базе праводзяцца раённыя спаборніцтвы па валейболе. Таму чакаем у сябе каманды і балельшчыкаў. Нямала ў нашай зале наладжваецца розных аздараўленчых акцый для дзяцей, інвалідаў і пенсіянераў. Колькасць іх адназначна будзе расці, як і наш пракат спартыўнага інвентару, у нас можна ўзяць нават веласіпед! А яшчэ ў нас любяць займацца ў зале гадаванцы раённай комплекснай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву і каманды-аматары розных гульнявых відаў спорту.

З нецярпеннем чакаюць тут і маразоў, каб наладзіць работу катка. А гэта ўжо ўпадабаная забава для бярэзінскіх дзяцей і дарослых. Галоўнае, каб зіма была сапраўднай, з маразамі, і дазволіла ўдосталь пакатацца з сябрамі на каньках. А гэта значыць, што колькасць аматараў здаровага ладу жыцця павялічыцца, а фізкультурна-аздараўленчы цэнтр памножыць колькасць наведвальнікаў.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER