Вынікі работы ЖКГ за студзень-лістапад 2021 года

Date 28.12.2021 Man
Comment 445

Вы хоць раз сустракалі чалавека, які б быў задаволены абсалютна ўсім? Асабіста я — не. Мы прывыклі скардзіцца на надвор’е і жыццё, нізкую зарплату. А яшчэ мы любім скардзіцца на тых, хто ў меру сваіх абавязкаў павінен ствараць нам утульнае і беспраблемнае жыццё — на работнікаў гандлю, аховы здароўя, бытавікоў, транспартнікаў… Не на апошнім месцы прапануемага спісу знаходзяцца і камунальнікі, бо з іх дзейнасцю мы сутыкаемся, лічы, кожны дзень і пільна сочым за іх недапрацоўкамі.

Бачым і кантралюем іх не толькі мы — патэнцыяльныя спажыўцы іх паслуг, а і вышэйстаячыя інстанцыі. Вось перада мной даклад генеральнага дырэктара ДА ЖКГ Мінскай вобласці Юрыя Какашука “Аб выніках работы галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскай вобласці за студзень-лістапад 2021 года”. Прыведзеныя тут лічбы і паказчыкі сведчаць аб тым, што і ў Бярэзінскай ЖКГ ёсць нямала праблем. Хаця, адзначу адразу, што нашы камунальнікі па шэрагу пазіцый выглядаюць зусім някепска на абласным узроўні. Для таго, каб апеляваць не толькі голымі лічбамі, а і пачуць каментарый да іх, звяртаюся да галоўнага інжынера прадпрыемства Віталія Кнігі.

Перакладка цеплавых сетак

Найбольш нізкім за справаздачны перыяд аказаўся па Бярэзінскім раёне працэнт выкананых работ па перакладцы цеплавых сетак — 33,6%. Як стала вядома, з пачатку года Бярэзінская ЖКГ пераклала цепласеткі толькі на двух аб’ектах — у вёсцы Дулебы і на вуліцы Марыі Рамановіч, дзе знаходзіўся даволі праблемны іх участак. Прычым работы тут вяліся за кошт уласных сродкаў прадпрыемства з-за адсутнасці бюджэтнага фінансавання, што, здаецца, здымае праблему невыканання даведзенага плана.

Капітальны рамонт

Пры сярэднеабласным паказчыку выканання задання па капітальным рамонце жыллёвага фонду ў 46,4% за 11 месяцаў на рахунку Бярэзінскіх камунальнікаў было 81,6% выканання гадавога задання. На той час яшчэ не былі завершаны работы па дамах №17а і №43 па вуліцы Перамогі, што было зроблена ўжо ў снежні. Але вось поўнасцю забяспечыць выкананне гадавога задання нам усё ж не ўдасца, бо распачаты капрамонт дома па завулку Ленінскім, 18 камунальнікі змогуць завяршыць толькі ў наступным годзе. Навагодняга падарунка не атрымаецца. Таксама пераходным аб’ектам стане і добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі каля дома па вуліцы Кірава, 8: тут да гэтага часу так і не паклалі плітку.

— Гэты аб’ект мы выконвалі ў рамках звароту грамадзян, — расказвае Віталь Кніга. — І ён быў не адзіны на працягу года. У ліку іншых зваротаў былі таксама замена ўчастка ліўневай каналізацыі па другім завулку Я. Коласа, падсыпка гэтага завулка і вуліцы ў в. Гарэнічы, укладка дарожнай трубы па вуліцы Ульянава, на кантролі — укладка трубы на ўчастку аднаго з жыхароў вуліцы Садовай. У цэлым жа зваротаў паступае нямала — ад замены перагарэўшай лямпачкі на слупе і навядзенні парадку на пляцоўцы для смецця да больш аб’ёмных праблем — таго ж рамонту даху або падтаплення ўчастка. Імкнёмся рэагаваць своечасова, наколькі нам дазваляюць фінансавыя магчымасці. Але яны даволі абмежаваныя.

Збор другасных матэрыяльных рэсурсаў

Яшчэ адным важным відам дзейнасці камунальнікаў з кожным годам усё больш настойліва становіцца збор і нарыхтоўка другасных матэрыяльных рэсурсаў. У іх ліку папера, шкло, палімерныя адходы, бытавая тэхніка, адпрацаваныя шыны і машыннае масла. Па большасці паказчыкаў Бярэзінская ЖКГ ужо выканала даведзенае ёй заданне або набліжаецца да гэтага. Але кантрольныя лічбы даведзены ў цэлым на раён з улікам таго, што другасную сыравіну здаюць і іншыя яе пастаўшчыкі — суб’екты гаспадарання. І вось тут малюнак выглядае менш аптымістычным. У той жа час са зборам такой сыравіны праблем не існуе: у ЖКГ дзейнічае перасоўны пункт збору другаснай сыравіны, які па заяўках выязджае ў любы куток раёна. Да таго ж, тут аптымізуюць збор гэтай сыравіны ад прыватных асоб за кошт ліквідацыі пляцовак для збору смецця і ўстаноўкі кантэйнераў непасрэдна каля сядзіб домаўладальнікаў і заключэння з імі адапаведных дагавораў. Толькі сёлета такім чынам было ўстаноўлена ў горадзе 1500 новых 250-літровых кантэйнераў.

Забеспячэнне пітной вадой

Шэраг раённых камунальных службаў вобласці заняты і такой істотнай праблемай, як водазабеспячэнне пітной вадой належнай якасці, падтрыманне ў належным стане водаправодных сетак, будаўніцтва станцый абезжалезьвання і г.д. З нядаўняга часу, з моманту перадачы функцый водаканала барысаўскім спецыялістам, вырашэнне гэтых пытанняў належыць ім. Бярэзінскай ЖКГ належыць да канца года завяршыць чарговы этап работы па забеспячэнні работы станцыі абезжалезьвання ў аграгарадку Паплавы, бо гэты аб’ект з самага пачатку быў замацаваны за нашымі камунальнікамі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER