– Ужо не першы раз грамадскiя прыёмныя выступаюць своеасаблiвай перагаворнай пляцоўкай на Бярэзіншчыне, – гаворыць Алена Мікалаеўна, – Жыхары рэгiёна напрамую звяртаюцца да прадстаўнiкоў мясцовай улады з любымi пытаннямi, праблемамi i прапановамi, якiя iх цiкавяць. Як паказвае практыка, тэмы, што выклiкаюць занепакоенасць у грамадзян, надзённыя па характары. Варта заўважыць, што наладжаная такая форма працы з грамадзянамi, безумоўна, прыносiць свой плён, бо многiя глабальныя пытаннi вырашаюцца менавiта тут. Сёння ж у нас задача куды больш складаная: патрэбна падрабязна азнаёміцца і ўнесці свае канструктыўныя дапаўненні і змяненні ў Асноўны Закон краіны. Трэба дэталёва ўнікнуць у праект, які стаў даступны шырокаму колу насельніцтва ўсяго некалькі дзён.
Першай звярнулася ў грамадскую прыёмную пенсіянерка з вуліцы Набярэжнай горада Тамара Белая. Жанчыну вельмі цікавіла пытанне наконт двух прэзідэнцкіх тэрмінаў. Гэта стала навацыяй праекта ў раздзеле “Прэзідэнт. Усебеларускі народны сход. Парламент. Урад. Суд”.
– Канстытуцыйная камісія прапанавала пакінуць у Беларусі прэзідэнцкую форму праўлення і замацаваць у Асноўным Законе норму, – зазначыла Алена Михайлаўна, – якая прадугледжвае, што чалавек, які выбіраецца на пасаду кіраўніка дзяржавы, не можа займаць больш за два прэзідэнцкія тэрміны. Прапанавана для заняцця пасады прэзідэнта ўсталяваць больш высокі ўзроставы цэнз — 40 гадоў, а таксама цэнз аседласці (пастаяннае пражыванне ў Беларусі не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі) і цэнз грамадзянства (не мець грамадзянства замежнай дзяржавы). Прапануецца таксама ўдакладніць канстытуцыйныя тэрміны знаходжання на пасадзе прэзідэнта, усталяваўшы, што адна і тая ж асоба можа быць прэзідэнтам не больш за два тэрміны.
Таксама жанчыну цікавіла, куды здаць старую бытавую тэхніку. Алена Міхайлаўна патэлефанавала ў ЖКГ і дала жанчыне нумар тэлефона, куды можна звярнуцца.
— Дзякуй за дапамогу ў вырашэнні маіх пытанняў, — зазначыла жанчына.
Усяго па выніках працы камісіі прапануецца 59 артыкулаў Канстытуцыі змяніць, 2 артыкулы выключыць, 16 артыкулаў уключыць. Акрамя гэтага, прапануецца вызначыць у поўным аб’ёме заканадаўчыя паўнамоцтвы парламента, пашырыць яго кантрольныя – паўнамоцтвы і ўдзел у вырашэнні кадравых пытанняў. Таксама сярод прапаноў павялічыць тэрмін паўнамоцтваў парламента з чатырох да пяці гадоў. Змяніць парадак правядзення сесій парламента: адна сесія – з верасня па чэрвень – на працягу года.
– Мяркую, што гэта не адзінае пытанне, якое ўзнікне ў бярэзінцаў пасля азнаямлення з праектам новай Канстытуцыі, – лічыць Алена Токан. – Значыць, любы, хто пажадае, можа патэлефанаваць i агучыць пытаннi, якiя яго хвалююць. Таму смела звяртайцеся ў грамадскую прыёмную за канкрэтнымi тлумачэннямi аспектаў праекта, а таксама ўносьце свае прапановы па ўдасканаленнi заканадаўства краiны, дзяржаўнай маладзёжнай палiтыкi. Нам жа з вамі жыць па новай Канстытуцыі!
Грамадскiя прыёмныя працягнуць работу.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.