Мерапрыемствы ладзім штотыднёва

Date 14.02.2022 Man
Comment 469
Мерапрыемствы ладзім штотыднёва

Сёлета спаўняецца 33 гады з часу, калі Савецкі Саюз вывеў свае войскі з тэрыторыі Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан.

Шмат перамен адбылося за гэты час у краіне і свеце, а некалі маладыя воіны-інтэрнацыяналісты ператварыліся ў паважаных людзей перадпенсійнага ўзросту. Але яны па-ранейшаму воіны, адзінае брацтва тых, каго ахрысціла вайна на чужой зямлі. Кожны з іх з’яўляецца членам раённай арганізацыйнай структуры грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Створана гэта фарміраванне ў верасні 1999 года. І з таго часу яго нязменным кіраўніком з’яўляецца былы воін-інтэрнацыяналіст Алег Купіч.

Аўтарытэт гэтага чалавека, як і грамадскай арганізацыі ў цэлым, даволі вялікі ў нашым рэгіёне. Былыя афганцы з’яўляюцца ініцыятарамі многіх цікавых ідэй і праектаў, яны – пастаянныя ўдзельнікі многіх дабрачынных акцый і г.д. Аб тым, чым жывуць сёння былыя воіны-інтэрнацыяналісты, гутарым з А. Купічам.

– Сваім асноўным напрамкам дзейнасці мы, удзельнікі і сведкі апошняй вайны, лічым культурна-ідэйнае выхаванне моладзі і падрастаючага пакалення, бо ідэя і ідэалогія неаддзельныя ад культуры. У нас на працягу апошніх пяці гадоў усталяваўся цесны творчы кантакт з раённым цэнтрам культуры і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Ахвотна адгукаемся і на цікавыя прапановы арганізацый, устаноў, школ, праваслаўнай царквы, РК “БРСМ”, іншых грамадскіх арганізацый і таварыстваў, з якімі ладзім сумесныя мерапрыемствы.

Да прыкладу, летась мы арганізоўвалі паездкі на Курган Славы, у Хатынь і на Лінію Сталіна, удзельнічалі ў такіх акцыях, як “Нашы дзеці”, “Падтрымай пажылых людзей”, “Па праве памяці жывой”. Займаліся дабрачынным рамонтам некаторых аб’ектаў, выступалі спонсарамі пры правядзенні конкурсаў юных талентаў і “Бярэзінскія лыжачнікі”, у час правядзення хрэснага ходу правялі асвячэнне памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам і сцяга, вось ужо два гады запар з’яўляемся ініцыятарамі правядзення валейбольнага турніру памяці загінуўшых землякоў-інтэрнацыяналістаў У. Шумскага і С. Карканіцы. Шэраг мерапрыемстваў арганізоўвалі ў Чэрвеньскім і Пухавіцкім раёнах, г. Мінску. У цэлым за мінулы год наша арганізацыя паспела “засвяціцца” ў 52 мерапрыемствах, гэта значыць, што праходзілі яны штотыднёва. На іх было патрачана звыш 55 тысяч рублёў.

– Так, спіс і сума значныя. Ды і партнёраў у вас шмат. А што найбольш хвалюе сёння былых афганцаў раёна і асабіста Вас, як іх кіраўніка?

– Зараз у нашай арганізацыі крыху больш за 40 чалавек. За мінулы час рады нашы парадзелі прыкладна на трэць. Так, мы па-ранейшаму збіраемся разам, хоць гэта і няпроста з-за занятасці кожнага на рабоце, раскіданасці па розных населеных пунктах, а іншы раз і з-за стану здароўя. Падтрымліваем адзін аднаго, арганізоўваем сумесныя мерапрыемствы (на 15 лютага – абавязкова!). Жывём звычайным жыццём.

Хутка ўсіх нас чакае вельмі важная палітычная кампанія па прыняцці новай рэдакцыі Канстытуцыі. Мы не застаёмся пабочнымі сузіральнікамі таго, что адбываецца ў нашай краіне і які лёс чакае нашых нашчадкаў. Вельмі радуе, што ў Асноўным Законе шмат увагі надаецца ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення і захаванні гістарычнай памяці аб подвігу нашага народа, зацвярджэнню сябе як вольналюбівай і мірнай нацыі. І асабіста я буду галасаваць за абноўлены варыянт Канстытуцыі Беларусі. Спадзяюся, што пры фарміраванні новай заканадаўчай базы памяняецца і шэраг законаў, у тым ліку тых, што датычацца нас. Напрыклад, служба ў Афганістане ў свой час разлічвалася дзень за тры. І гэта бралася ў разлік пры выхадзе на пенсію. Чым больш адслужыў, тым хутчэй ідзеш на заслужаны адпачынак. Асабіста ў мяне “набегла” 22 месяцы. Памнажаем на тры – гэта больш пяці гадоў. Аналагічна і ў астатніх салдат. На жаль, сёння гэтая норма не працуе і мы на роўных з астатнімі выходзім на пенсію ў 63.

Ёсць у мяне і некаторыя іншыя меркаванні наконт змяненняў у заканадаўстве, якія тычацца воінаў-інтэрнацыяналістаў і іх сацыяльнай падтрымкі. Упэўнены, што ў мяне будзе магчымасць выказаць іх адпаведным упаўнаважаным органам і я знайду водгук і падтрымку наспеўшым прапановам. Але гэта – справа заўтрашняга дня.

А сёння віншую ўсіх сваіх былых сяброў па зброі з нашым памятным днём і жадаю ўсім моцнага здароўя, бадзёрасці, шчасця ў сем’ях і дабрабыту.

Упэўнены, што мы яшчэ здольныя шмат чаго зрабіць для сваёй Айчыны, для свайго раёна, для моладзі, якая толькі ўступае на шлях самастойнага жыцця. Мы моцныя пакуль разам і не станем здавацца цяжкасцям.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER