У адпаведнасці з графікам і Выбарчым кодэксам

Date 18.02.2022 Man
Comment 926
У адпаведнасці з графікам і Выбарчым кодэксам

Менавіта ў такім рэжыме працуе гэтымі днямі напярэдадні правядзення рэспубліканскага рэферэндуму ўчастковая камісія №1 г. Беразіно, якая размешчана ў памяшканні СШ №2 г.Беразіно.

– Зараз (на 15 лютага, падчас нашай размовы) мы праводзім з органамі пашпартна-візавай службы апошняе ўдакладненне спісаў галасуючых і паралельна з гэтым выпісваем запрашэнні да ўдзелу ў гэтай важнай палітычнай кампаніі, – расказала сакратар камісіі Людміла Чалей. – Традыцыйна наш участак для галасавання з’яўляецца адным з самых шматлюдных і налічвае больш за 2300 чалавек.

Са спісамі асоб, якія прымуць удзел у галасаванні, кожны жадаючы можа асабіста пазнаёміцца падчас дзяжурстваў членаў участковай камісіі: гэтыя дакументы знаходзяцца ў пакоі для датэрміновага галасавання. Тут жа выстаўлена дзяржаўная сімволіка, ёсць неабходная літаратура (Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, праект новай Канстытуцыі, дадатковая метадычная літаратура), ужо сёння ўстаноўлены урна і кабінкі для галасавання.

Як адзначыла Людміла Паўлаўна, асноўны касцяк членаў камісіі застаўся ранейшым, частка з іх была вылучана шляхам збору подпісаў, астатнія – сходамі вытворчых калектываў, а таксама грамадскіх аб’яднанняў. Свае заяўкі падалі і назіральнікі. Ды і падчас самога працэсу галасавання на ўчастак рэгулярна наведваюцца місіі з краін СНД і еўрапейскіх краін, якія сочаць за захаваннем выбарчых норм. Працэс выбараў тут звычайна праходзіць без канфліктаў і парушэнняў Выбарчага кодэкса. Не стане выключэннем і 27 лютага, спадзяецца Л.Чалей.

У тым, што рэферэндум адбудзецца, Людміла Паўлаўна пераканана. Па яе шматгадовых назіраннях менавіта такія важныя палітычныя падзеі, як выбары Прэзідэнта або правядзенне рэферэндуму, выклікаюць у выбаршчыкаў найбольшую палітычную актыўнасць і, адпаведна, найбольшы працэнт яўкі на выбарчыя ўчасткі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER