Служаць ахоўнікамі бацька і сын

Date 01.03.2022 Man
Comment 557
Служаць ахоўнікамі бацька і сын

Дзень беларускай міліцыі – яшчэ адно прафесійнае свята ў сям’і Ермачонак. Тут бацька і сын на дваіх маюць 28 гадоў службы ў радах Бярэзінскага аддзялення Дэпартаменту аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Размова ідзе пра міліцыянераў групы затрымання страявога падраздзялення міліцыі прапаршчыка міліцыі Аляксандра Ермачонка і страявога падраздзялення міліцыі сяржанта міліцыі Паўла Ермачонка.

– Прызнаюся сумленна, што нам куды бліжэй па духу святкаваць Дзень утварэння Дэпартаменту аховы, які адзначаецца 29 кастрычніка, – першым загаварыў бацька Аляксандр Іванавіч, – але і сакавіцкае свята міліцыянераў сваёй няўвагай мы не крыўдзім. Быў час, у складзе адзінага падраздзялення неслі ахову правапарадку. Ды і сёння мы практычна выконваем аднолькавыя задачы – забяспечваем маёмасную бяспеку і спакой людзей, сочым за падтрыманнем правапарадку ў рэгіёне.

Вартаўніком стаў па конкурсе

Аляксандр Іванавіч родам з вёскі Арэшкавічы, атрымаў прафесію станочніка шырокага профілю ў Барысаўскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы машынабудаўніцтва. Аднак пасля тэрміновай службы ў арміі ніводнага дня не працаваў па спецыяльнасці.

– Я прыйшоў на службу вартаўніком яшчэ ў Бярэзінскае раённае аддзяленне аб‘яднання “Ахова” ў далекім 1996 годзе, — расказвае пра сябе мужчына. — Тады туды ўладкавацца можна было толькі па конкурсе. Мяне гэта акалічнасць ніколькі не палохала, бо здароўе меў добрае і настрой на працу рашучы. Напэўна таму ўжо літаральна праз год стаў міліцыянерам- кінолагам.

На гэтай пасадзе Аляксандр Іванавіч папрацаваў амаль 18 гадоў.

– За ўвесь гэты час службу давялося несці з двума службовымі сабакамі, – працягвае ён размову. – Звычайна чатырохногіх памочнікаў выкарыстоўвалі, каб выйсці на след злачынцы. Але трэба зазначыць, што падрыхтаваць сабаку для гэтага няпроста. Таму сёння я ўжо іх не трымаю і дома – выгарэў.

Вялікая павага да кіраўнікоў

Праўда, выгарэць канчаткова ад вартаўніцкай службы і расчаравацца ў ёй Аляксандр Іванавіч не змог.

– Я яшчэ ніколі не пашкадаваў аб гадах ахоўніцкай службы, бо сустрэў тут надзвычай прыстойных і сумленных кіраўнікоў аддзяленняў, — зазначае міліцыянер. – Так, прымаў мяне на працу Мікалай Толкач. Светлая памяць гэтаму надзвычай прыстойнаму і добраму чалавеку, які заклаў слаўныя традыцыі нашага аддзялення Дэпартаменту аховы. Не забыцца мне і пра слаўныя гады працы з Юрыем Барысевічам. Ён быў чалавекам слова, вялікай патрабавальнасці і прынцыповасці, ды і аўтарытэту сярод калег яму было не пазычаць. Не пакрыўджу няўвагай і астатніх кіраўнікоў, якія ставілі сваёй задачай сабраць надзейны і прафесійны калектыў, удасканаліць матэрыяльна– тэхнічную базу і трымалі на вышыні аўтарытэт ахоўніцкай службы ў раёне.

На памяць пра слаўныя гады міліцэйскай службы ў Аляксандра Ермачонка не толькі цёплыя ўражанні і шчымлівыя ўспаміны, але і медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені.

Па бацькавых сцежках

Па бацькавых сцежках прыйшоў на службу ў Дэпартамент аховы і сын Аляксандра Іванавіча – Павел. Яго стаж службы яшчэ не мае і двух гадоў.

– Куды можа ўладкавацца на працу сын ахоўніка? – разважае Аляксандр Іванавіч. – У нашым асяроддзі практычна ўсе людзі ў пагонах. Ды і яму, як і мне, прыйшлася па душы суровая дысцыпліна, адмысловы парадак і высокая адказнасць. Таму пасля службы ў арміі ён адразу ўладкаваўся міліцыянерам.

Паўлу Ермачонку служба падабаецца. Ён ахвотна нясе варту на розных аб’ектах.

– У нашага пакалення ўжо няма такога выразу, як прэстыжная работа, — расказвае Павел, — бо кожны з маладых жадае знайсці справу па душы і аднадумцаў. Мне ж пашчасціла: работа прыносіць задавальненне і нясе розныя прыемныя стасункі.

Сыну, як і бацьку, па душы кіраўніцтва аддзялення, настрой у калектыве і сяброўскія адносіны са старэйшымі калегамі.

– У нас няма канфлікту бацькоў і дзяцей, – тлумачыць Аляксандр Іванавіч,- бо мы аднолькава паважаем усіх у сваім калектыве, вучымся ў моладзі і перадаём ім свой назапашаны вопыт. Аб’ядноўвае нас не толькі бездакорная рэпутацыя, але і жаданне несці спакой і бяспеку людзям.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER