Узнагароду Таццяне Анатольеўне ўручыў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі:
- Дзякуй за плённую працу! – заўважыў Уладзімір Міхайлавіч. – Дзякуй за тое, што дапамагаеце бярэзінцам справіцца з захворваннямі. Жадаю Вам, вядома ж, як мага больш станоўчых эмоцый, здароўя.
– Прыемна атрымаць такую значную ўзнагароду за сваю працу, – заўважыла Таццяна Анатольеўна. – У чым сакрэт поспеху? Ён просты: люблю сваю работу, таму імкнуся выконваць яе на выдатна. Я проста выконваю свае абавязкі і не лічу сябе героем. Шчаслівыя твары ачунялых пацыентаў — найлепшая ўзнагарода для мяне.
У Бярэзінскай ЦРБ Тацяна Анатольеўна працуе больш за 20 гадоў. Прыйшла сюды на працу адразу ж пасля заканчэнння Барысаўскага медыцынкага каледжа.
- Шчыра прызнаюся, не адразу вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай. Спачатку паступіла ў іншую навучальную ўстанову, але даволі хутка зразумела: гэта не маё. І тады згадаліся словы бабулі, якая казала, што лепшая прафесія – медыцынскі работнік, маўляў, людзей у белых халатах заўсёды паважаюць. Я ўладкавалася на працу ў нашу раённую бальніцу санітаркай. Складаная, напружаная праца мяне не напужала, а наадварот, я пераканалася, што хачу атрымаць медыцынскую адукацыю. Ды і калегі падтрымлівалі, раілі падаваць дакументы ў медкаледж.
Пасля каледжа Таццяна Анатольеўна пэўны час шчыравала медыцынскай сястрой у рэанімацыйным аддзяленні, затым – у інфекцыйным. А цяпер – старшая медыцынская сястра інфекцыйнага аддзялення.
Павіншавалі з узнагародай Таццяну Анатольеўну калегі і галоўны ўрач райбальніцы Крысціна Крук.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.