Наша сіла – у адзінстве, працавітасці і шчырасці!

Date 22.03.2022 Man
Comment 291
Наша сіла – у адзінстве, працавітасці і шчырасці!

Стала добрай традыцыяй правядзенне на Бярэзіншчыне Дня працы, на якім падводзяцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за мінулы год, ушаноўваць лепшых работнікаў, якія асабістым прыкладам задаюць тон у рабоце і вядуць калег да новых перамог і здзяйсненняў.

 

 

Дзень працы ў раёне пройдзе ў бліжэйшую пятніцу. А напярэдадні, вядома ж, хочацца падвесці вынікі за мінулы год. Якім ён быў для жыхароў Бярэзіншчыны, як будзем працаваць і развівацца далей, што ў прыярытэце? Аб гэтым мы гутарым са старшынёй райвыканкама Дзянісам Дзішуком.

– Дзяніс Ігаравіч, ахарактарызуйце, калі ласка, якім быў мінулы год і пачатак бягучага для нашага раёна?

– Няпростым і рознапланавым, як у палітычным, так і ў сацыяльна-эканамічным плане. Але з усімі цяжкасцямі мы паступова спраўляемся, дзякуючы адзінству і працавітасці. Мы дружна, адзінай вялікай сям’ёй прагаласавалі на рэферэндуме за праект абноўленай Канстытуцыі, за мірнае і стабільнае развіццё нашай любімай Беларусі. І ў жыцці нашай краіны распачалася новая старонка гісторыі. Зараз, можна сказаць, мы будуем новую краіну. І якой яна будзе, залежыць ад працавітасці, самааддачы кожнага з нас.

Я пераканаўся, што бярэзінцы – сумленныя і працавітыя людзі, якія адказна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў і ўчасткаў работы. І раён не стаіць на месцы. За мінулы год па шэрагу напрамкаў мы папрацавалі здавальняюча, дзесьці хацелася б бачыць больш істотныя поспехі.

Так, па выніках работы за 2021 год сукупныя паступленні даходаў у бюджэт раёна – 113,9 працэнта пры прагнозе 108,1, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата – 1104,7 рубля (тэмп росту 115,3 пры прагнозе 109,2%).

Аб'ектыўна скажам, што год быў вельмі напружаным і няпростым. Асноўным драйверам эканомікі нашага рэгіёна з'яўляецца аграрны сектар, а ў ім не ўсе крытэрыі вынікоўнасці залежаць выключна ад чалавека, яго здольнасцей і жаданняў. Як вядома, нябесная канцылярыя ўносіць карэктывы ў дзейнасць аграрыяў. І ў мінулым годзе, як ніколі, мы адчулі ўплыў умоў надвор'я на раслінаводстве, а па ланцужку – і ў жывёлагадоўлі, дзе поспех напрамую залежыць ад колькасці і якасці нарыхтаванай кармавой базы (нарыхтавана 78,6 тыс. тон кармавой адзінкі).

Асаблівая роля ва ўмацаванні эканомікі сельскай гаспадаркі належыць малочнай галіне, якая, да таго ж, з'яўляецца стабільнай крыніцай паступлення фінансавых сродкаў.

Па выніках работы за 2021 год у сельскай гаспадарцы атрымана 93,2 млн. рублёў валавой прадукцыі альбо 94,3 да ўзроўня мінулага года. Заданне выканалі толькі два сельгаспрадпрыемствы: ААТ «Пагосцкі», сельгасфіліял «Арэшкавічы».

Няблага працуюць і нашы жывёлаводы. Найбольшым поспехам вызначаецца ААТ "Ома", на другім месцы сельгасфіліял "Арэшкавічы", на трэцім СУП "АграМАЗ".

Немалаважны такі факт: наш раён па выніках 2021 года ў спаборніцтве жывёлагадоўчай галіны аказаўся на 69-й пазіцыі сярод 118 раёнаў рэспублікі, у той час, як у 2020 годзе ён быў 72. Здавалася б, не вельмі высокі  вынік, але, тым не менш, ён сведчыць, што мы ўпэўнена і планамерна рухаемся наперад.

У чарговы раз добра праявілі сябе нашы працаўнікі сельскай гаспадаркі падчас правядзення жніва. Дзякуючы працы хлебаробаў, істотна папоўнілася наша хлебная скарбонка.

Летась з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў мы ўжо шмат чаго паспелі дасягнуць, зразумець адзін аднаго. Быў вырашаны шэраг кадравых пытанняў. Адбылося аб’яднанне такіх арганізацый, як ААТ "Брадзец" і "Месціна", “Пагосцкі” і “Бярэзінскі”, вось-вось аб’яднаюцца “Уша” і “Першамайскі”. Да свядомасці людзей усё больш даходзіць думка аб тым, што трэба не проста працаваць, а працаваць сумленна. Таму і атрымалі станоўчы вынік, які далёка не з’яўляецца мяжой. Вывучылі дапушчаныя памылкі і не збіраемся паўтараць іх.

Упэўнены, што сёлета вынікі працы будуць больш значнымі. А для гэтага неабходна ў першую чаргу кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў прыкласці максімум намаганняў. Як неаднаразова адзначаў Прэзідэнт краіны, “Никакой чрезвычайщины. Нужно раздеваться и работать”.

– Дзяніс Ігаравіч, асноўная мэта палітыкі нашай дзяржавы – паляпшэнне жыцця людзей не толькі на аснове росту даходаў, але і дзякуючы стварэнню камфортных умоў для працы і самарэалізацыі. Як рэалізуюцца дадзеныя задачы ў нашым раёне?

– Так, Бярэзіншчына – не валаўтваральны раён Міншчыны. Але і мы павінны жыць камфортна, нават у самых аддаленых вёсках. Гэта – асноўнае, да чаго я імкнуся ў сваёй рабоце, на гэта нацэльваю ўсіх кіраўнікоў устаноў і арганізацый раёна.

Лепшае сведчанне клопату пра насельніцтва - сацыяльная накіраванасць палітыкі краіны.

Мы заўсёды клапоцімся, каб нашы дзеці атрымлівалі дастойную адукацыю. Правялі да пачатку навучальнага года належны капітальны рамонт Пагосцкай СШ. Амаль завяршыўся рамонт СШ №2 г. Беразіно. Патрабуюць нашай пільнай увагі з боку рамонту і гарадскія дзіцячыя садкі, узведзеныя яшчэ ў савецкі час. Зразумела, за адзін год капітальна адрамантаваць іх не атрымаецца, а вось за два-тры – рэальна. На такі рытм і арыентуемся.

Як заўсёды, значная ўвага ўдзялялася ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы і Бярэзінскай ЦРБ. Праведзена замена даху харчаблоку, бягучы рамонт хола паліклінікі; добраўпарадкавана бетонная пляцоўка для размяшчэння крыяцыліндраў; праведзена замена вокнаў у інфекцыйным аддзяленні; усталявана папераджальная тактыльная плітка; праведзена замена драўляных шчытоў агароджы на бетонныя панэлі (Лешніцкі, Косаўскі, Ушанскі ФАПы, Брадзецкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі) і іншыя.

Закуплялася новае абсталяванне (да прыкладу, апарат ультрагукавой дыягностыкі). Пастаянна абнаўляецца і аўтапарк бальніцы.

Ажыццяўляецца планавы рамонт дарожных артэрый, якія знаходзяцца на балансе раёна, згодна з чаргой і ўлікам фінансавання.

Актыўна ідзе і будаўніцтва жылля ў нашым раёне. У 2021 годзе ўведзены ў эксплуатацыю жылыя дамы агульнай плошчай 10,4 тысячы квадратных метраў, што склала 100% гадавога задання. Забяспечана жыллём 26 шматдзетных сем’яў. І на гэтым мы не спыняемся: сёлета запланавана здача пяціпавярховага дома па вуліцы Красіна.

Пагадзіцеся, горад “жыве”, калі будуецца. Думаю, усе ўжо ведаюць, што хутка адчыніць свае дзверы пасля рэканструкцыі будынак бібліятэкі, дзе будуць размешчаны ЗАГС і маладзёжны цэнтр. Ды і не за гарамі адкрыццё пажарнага дэпо.

– Камфортнае жыццё – гэта і стварэнне новых працоўных месцаў. Ці ёсць ужо якія-небудзь планы ў гэтым напрамку?

– Я ўжо неаднаразова паўтараў, што ў Беразіно наўрад ці будзе адкрыццё вялікіх прамысловых аб’ектаў, нам патрэбна развіваць невялікія вытворчасці.

За мінулы год у нас адчынілася некалькі гандлёвых аб’ектаў – гэта, вядома ж, новыя працоўныя месцы.

На 1 студзеня ў нашым раёне здзяйсняюць прадпрымальніцкую дзейнасць 736 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку 598 індывідуальных прадпрымальнікаў, 138 юрыдычных асоб. І мы заўсёды гатовы падтрымаць малы бізнес. На адным з саветаў прадпрымальнікаў я звярнуўся да бізнесменаў з прапановай, да прыкладу, адкрыць на трэцім паверсе Дома гандлю дзіцячую гульнёвую зону. Галоўнае – абгрунтаваныя ідэі. А з нашага боку заўсёды будзе падтрымка.

– Прэзідэнт, звяртаючыся да беларускага народа ў час штогадовага Паслання, адзначыў: «Як толькі мы задзейнічаем унутраны патэнцыял кожнага беларуса, мы ў два разы будзем багацейшымі!» і звярнуўся да грамадскасці з пытаннем: "Ці гатовы грамадзяне Беларусі быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?" Як вы ацэньваеце працоўны патэнцыял бярэзінцаў, ці гатовыя яны быць ініцыятыўнымі і працаваць, не шкадуючы сіл?

– Вядома ж, бярэзінцы – працавітыя людзі. Усё, што мы маем, гэта вынік нашай згуртаванай працы. Нашы людзі ўмеюць працаваць з энтузіязмам і выконваць пастаўленыя перад імі задачы, імкнуцца выхоўваць працавітасць у сваіх дзецях, што вельмі важна для будучага маладога чалавека.

Сардэчна дзякую кожнаму з бярэзінцаў, хто клапоціцца пра дабрабыт сваёй роднай зямлі і ўносіць пасільны ўклад у развіццё сваёй малой радзімы, хто на працягу многіх гадоў застаецца адданым прафесіі, хто паважае працу – галоўную каштоўнасць грамадства. Хто застаецца патрыётам сваёй краіны, адстойвае яе гонар.

Час выпрабоўвае нас на трываласць кожны год, нават кожны дзень, і жыхары Бярэзіншчыны ўстойліва пераносяць усе нягоды.

Жадаю здароўя ўсім жыхарам раёна, важкіх вынікаў працы і дастатку кожнай сям'і. Няхай новы жыццёвы этап, новы працоўны год увасобіць у жыццё ўсе добрыя задумы, стане годам новых перамог і прыемных адкрыццяў, годам добрых чалавечых адносін, цяпла і радасці. Няхай заўсёды мы будзем ганарыцца сваім адзінствам, працавітасцю і шчырасцю. Зычу, каб мы заўсёды жылі пад мірным небам.

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER