Сям’я Радзевічаў з верай, надзеяй і любоўю

Date 02.07.2022 Man
Comment 584
Сям’я Радзевічаў з верай, надзеяй і любоўю

У актыўнай жыццёвай пазіцыі сям’і Аляксандра і Вольгі Радзевічаў сумнявацца ніяк не даводзіцца.

Маюць пяцёра дзяцей. Сямейны стаж у іх пачынаецца з 2003 года. 14 чэрвеня споўнілася 19 гадоў сумеснага жыцця.

Старэйшая дачка Руфіна зараз студэнтка факультэта камп’ютарнага праектавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта радыёфізікі і электронікі, дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў Маладзёжным тэлебачанні (МалТВ) і марыць у далейшым звязаць жыццё з тэлебачаннем. Малодшы сын Елісей яшчэ ходзіць у дзіцячы садок. Ва ўтульным доме пануюць чысціня і парадак, на ўчастку растуць дагледжаныя дрэўцы, квітнеючыя расліны, гародніна і садавіна, як мае быць у дбайных гаспадароў. У сям’і пануюць ветлівасць і ўзаемапавага, дзеці добрыя, паслухмяныя, ніхто ні на каго не павышае голас. Вольга і Аляксандр вучаць дзетак любіць Радзіму, родную зямлю, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці горада.

Сям’я ўдзельнічала ў адборачным туры абласнога этапу конкурсу “Сям’я года”. Конкурс складаўся з двух частак: “Радавод” і сацыяльны праект. Радзевічы прадстаўлялі на конкурсе Бярэзінскі раён і пакінулі ў гледачоў неперадавальныя ўражанні. Старшыня журы – намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінскага аблвыканкама Надзея Цупа высока ацаніла падрыхтаваныя нумары нашых землякоў. Асаблівае ўражанне надало вакальнае выступленне дачкі Аліны. Зачараваныя гледачы не скупіліся на кампліменты і станоўчыя водгукі.

У звычайным жыцці Радзевічы – простыя людзі. Тата Аляксандр Тадэвушавіч шчыруе вадзіцелем “МАЗа” ў аўтапарку №22. Выдатны прафесіянал з адкрытым шчырым сэрцам, Аляксандр Радзевіч карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод калег, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і ўзаемавыручку.

Мама Вольга Мікалаеўна працуе настаўніцай музыкі ў сярэдняй школе №2, закончыла у свой час Барысаўскі педагагічны каледж, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў і музыкі.

Ніколі не сумаваць, вылучаць аптымізм, з верай, надзеяй і любоўю глядзець у будучыню – галоўныя рысы характару гэтай сям’і.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER