Дзякуй за працу, хлебаробы!

Date 13.09.2022 Man
Comment 745
Дзякуй за працу, хлебаробы!

У пятніцу на Бярэзіншчыне пройдуць раённыя Дажынкі. І хоць свята гэта не пазначана ў календары чырвоным колерам, не з’яўляецца дзяржаўным і не мае канкрэтнай даты, шануецца і цэніцца яно народам як адно з самых любімых. Бо стаяць за ім заможнасць нашай дзяржавы, упэўненасць у заўтрашнім дні яе жыхароў, у цэлым эканамічная бяспека краіны. Традыцыйна ў гэты дзень падводзяцца вынікі самай важнай сельскагаспадарчай кампаніі года, гучаць імёны лепшых земляробаў і камбайнераў, аддаецца даніна павагі працаўніку-селяніну.

Ураджай сабраны! І самы час пагаварыць пра вынікі нашай працы.

Як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, жніво – гэта стратэгічная дзяржаўная кампанія. Таму і прайсці яна павінна на самым высокім ўзроўні. Кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтную задачу: ураджайнасць бягучага года павінна быць вышэй за мінулагоднія. І мы з гэтым справіліся. Я з гонарам хачу адзначыць, што на Бярэзіншчыне сёлета вырашчаны багаты ўраджай – адзін з самых важкіх за апошнія 10 гадоў.

Агульны намалот у раёне склаў 45 тысяч 200 тон, ураджайнасць па раёне – 33,7 цэнтнера з гектара. А гэта амаль на 10 цэнтнераў з гектара больш, чым у мінулым годзе.


І заслуга ў гэтым не толькі ў літасці прыроды і спрыяльным надвор'і, якое, да таго ж, не перашкаджала нам і ў час жніва. Высокая аддача кожнага гектара зямлі – гэта перш-наперш стараннасць і руплівасць кожнага працаўніка, пачынаючы ад механізатара і да спецыялістаў агранамічнай службы, своечасова праведзеныя падрыхтоўчыя і пасяўныя работы, добры задзел зямелькі арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі, дакладнае захаванне тэхналогіі на кожным этапе росту і фарміравання будучага ўраджаю. Усе гэтыя фактары і прывялі нас да поспеху.

У час раённых Дажынак прагучыць нямала ўдзячных слоў за працу і імён лепшых удзельнікаў уборачнай кампаніі, мы будзем ушаноўваць камбайнераў і вадзіцеляў, работнікаў зернесушыльных агрэгатаў і спецыялістаў.


І вядома ж, назавём гаспадаркі-пераможцы жніва-2022. Сёлета імі сталі сельскагаспадарчае прадпрыемства “Арэшкавічы” ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" (кіраўнік Сяргей Счасны, выхад зерня на адзін бала-гектар пашні 171 кілаграм, намалочана – 2502 тоны), на другім месцы – ААТ “Пагосцкі” (кіраўнік Наталля Сокал, выхад зерня на адзін бала-гектар пашні 169 кілаграмаў, намалочана 9809 тон), на трэцім - ААТ “Брадзец” (кіраўнік Аляксандр Крук, выхад зерня на адзін бала-гектар пашні 144 кілаграмы, намалочана 7182 тоны).

 

Лепшыя!

Ва ўборачнай кампаніі было задзейнічана 55 камбайнавых экіпажаў. Вырашчаная ніва аказалася такой шчодрай, што амаль палова з іх (25 экіпажаў) дасягнулі тысячнага намалоту. А тры экіпажы – нават двухтысячнага! Нашымі зоркамі сталі вядомыя хлебаробы, якія заўсёды ў лідарах спаборніцтва на Бярэзіншчыне, можна сказаць, распачынаюць жніво – Вячаслаў Кашлачоў з ААТ “Пагосцкі” і Уладзімір Сігаёў з СУП “Здравушка-агра”. За плячыма гэтых слаўных хлебаробаў не адно жніво. Прыемна, што ў гэтай адказнай кампаніі актыўны ўдзел прымае і моладзь. Ды і як працуе! Нага ў нагу з нашымі аксакаламі хлебных палеткаў. Прафесія хлебароба па-ранейшаму застаецца адной з самых ганаровых. А прыклад падрастаючаму пакаленню паказаў сёлета сваімі стараннымі адносінамі да даручанай справы Даніла Данільчанка з ААТ “Пагосцкі”. Нягледзячы на тое, што яму толькі 19 гадоў і працаваў ён на камбайне ў час жніва адзін, намалаціў ён больш за 2000 тон зерня.

Слаўна папрацавалі і вадзіцелі. 21 з іх сталі тысячнікамі, а сямёра – нават двухтысячнікамі. І тут зноў жа вызначыўся прадстаўнік маладога пакалення. Менавіта Віталій Семашкевіч з ААТ "Пагосцкі" аказаўся першым вадзіцелем-тысячнікам.

Дарэчы, Віталій справу адвозкі збожжа ад камбайна сумяшчаў з абавязкамі памочніка камбайнера. Ужо другі год запар працаваў ён у зладжаным тандэме з Вячаславам Кашлачовым.

А вось першымі вадзіцелямі, якія адолелі рубеж у 2000 тон, аказаліся адразу два прадстаўнікі ААТ “Багушэвічы” Леанід Антаневіч і Аляксандр Крук.

 

Хто ў лідарах сярод хлебаробаў?

Шмат, шмат годных імёнаў назвала сёлетняе жніво. Хто ж стаў па выніках раённага спаборніцтва лепшым з лепшых і заняў п'едэстал гонару?

Сярод камбайнавых экіпажаў неаспрэчнае лідарства трымаюць Вячаслаў Кашлачоў і Віталь Семашкевіч з ААТ "Пагосцкі". На другім месцы прадстаўнік СУП "Здравушка-агра" Уладзімір Сігаёў, трэці радок займае зноў жа прадстаўнік ААТ "Пагосцкі" Юрый Гоман.

Пераможцамі ў маладзёжным спаборніцтве названы Уладзіслаў Корык з ААТ "Брадзец", Леанід Драгун, а таксама Сяргей Буры (абодва з філіяла ТАА "Ома").

Найбольш руплівымі на адвозцы збожжа сталі вадзіцелі Мікалай Собаль (ААТ "Брадзец"), Аляксандр Крук (ААТ "Багушэвічы") і Дзмітрый Драгун (ААТ "Бярэзінскі райаграсэрвіс"). У маладзёжным спабоніцтве сярод вадзіцеляў лідарства трымае Васіль Пінчук з філіяла ТАА "Ома".

Названы таксама і лепшыя аператары зернесушыльных комплексаў, якія на працягу ўсяго жніва заставаліся, нягледзячы на сваю штодзённую руплівую працу, у цяні. Імі сталі Аляксей Юнец (ААТ "Брадзец"), Сяргей Карповіч і Рыгор Жаўняровіч (ААТ "Першамайскі") і Канстанцін Чорны (філіял ТАА "Ома").

У ліку спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія будуць ушаноўвацца падчас свята, - галоўны аграном філіяла СП "Арэшкавічы" ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" Васіль Ермачонак і галоўны інжынер ААТ "Брадзец" Мікалай Крук.

 

Убралі сваё – дапамаглі суседзям

Старанная праца на жніве кожнага яе ўдзельніка дапамагла нам правесці ўборачную кампанію ў сціслыя тэрміны, без страт і пры высокіх тэмпах. Мы аднымі з першых у вобласці закончылі жніво. Толькі без справы нашы камбайнеры на засталіся. У гарачыя дні ўборачнай кампаніі хлебаробы Бярэзіншчыны прыйшлі на дапамогу і крупскім хлебаробам.

Усяго з Бярэзіншчыны ў суседні Крупскі раён адправілася 6 камбайнаў. І гэта былі лепшыя экіпажы, бо ўжо паспелі на Бярэзінскіх землях тады намалаціць па 1000 тон. Гэта два экіпажы з ААТ “Пагосцкі”, з ААТ “Багушэвічы” і “Брадзец”, а таксама СУП “Здравушка-агра” і СУП “АграМАЗ”. Годна паказалі сябе бярэзінцы і на палетках сваіх суседзяў.

 

Азімы ячмень і рапс

Так, жніво-2022 ужо засталося ў мінулым, але сельскагаспадарчы год для аграрыяў не завершаны. І сёння яны працягваюць рупіцца на палетках – папаўняюць кармавы баланс якасным кукурузным сіласам, убіраюць з палеткаў рэшткі саломы, шырокім фронтам прыступілі да азімай сяўбы. На яе ў нас вялікія спадзяванні. Сярод іншых культур, якія пасеяны ўжо або засяваюцца гэтымі днямі, не толькі рапс, а і азімы ячмень, які толькі сёлета шэраг гаспадарак у выглядзе эксперымента вырошчвалі ў сябе і засталіся задаволенымі вынікам.

Думаю, што і другі распачаты сёлета трыма гаспадаркамі раёна эксперымент па вырошчванні сланечніка (а з яго атрымаўся багаты на бялок сакавіты корм) таксама будзе прадоўжаны.

Сёння мы з упэўненасцю можам глядзець у перспектыву. Атрыманы ўраджай і нарыхтаваная дастатковая колькасць кармоў дазволяць больш прадукцыйна працаваць галіне жывёлагадоўлі, атрымліваць больш прадукцыі ферм і тым самым папаўняць бюджэт гаспадарак, рабіць вынікі больш стабільнымі. Аддачу ад сёлетняга жніва мы павінны адчуць на працягу наступнага года.

 

Жніво нас яднае

Вельмі сімвалічна, што Дажынкі мы, бярэзінцы, будзем адзначаць напярэдадні Дня народнага адзінства (17 верасня). Упэўнены, важным для кожнага з нас, беларусаў, святам. І, пагадзіцеся, жніво, убочная кампанія – гэта тое, што нас усіх таксама яднае.

Усе, спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, камбайнеры, вадзіцелі, работнікі КЗС, повары, прафсаюзы, ідэолагі… – усе працавалі разам, дружна, зладжана, каб як мага хутчэй сабраць багаты ўраджай.

І ў гэтым моц і сіла беларусаў – у адзінстве і працавітасці.

 

Са святам!

Са святам, з Дажынкамі! І, вядома ж, з Днём народнага адзінства! Давайце заўсёды будзем ганарыцца сваім адзінствам, працавітасцю і шчырасцю.

Жадаю, каб мы заўсёды жылі пад мірным небам.

Усім – добрага настрою, дабрабыту, моцнага здароўя і шчасця ў кожны дом. І няхай гэты год стане той нулявой адзнакай, ад якой мы ў будучым штогод будзем прырастаць ураджаем, узбагачаць сваю краіну! Няхай у наступным годзе наш бярэзінскі каравай будзе яшчэ больш важкім!

Дзяніс ДЗІШУК,
старшыня Бярэзінскага райвыканкама.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER