А Васілій Міхайлавіч за свой амаль 30-гадовы стаж папрацаваў вадзіцелем, і станочнікам, і вальшчыкам, цяпер шчыруе лесніком. Напачатку вопытам дзяліўся з ім Сяргей Глінскі, ён і цяпер шчыруе ў лясніцтве майстрам леса. Свайму настаўніку Васілій удзячны і дагэтуль...
- Я жыву зараз у бацькоўскай хаце, у Арэшкавічах.
Жонка засталася ў Беразіно, сын Дзмітрый вучыцца ў Магілёве, дачка Наташа працуе ў Мінску, малодшая дачушка Вераніка яшчэ школьніца. Прыязджаюць, дапамагаюць. Зразумела, на мне асноўныя клопаты па хатняй гаспадарцы: і парсючка трымаю, і каня даглядаю, ёсць і куры, і сабака – наш верны сябар і вартаўнік. Паляванне, рыбалка – таксама мае хобі. Калі ў грыбы-ягады іду ў выхадны дзень, заадно і абход пагляджу...
А плошча абходу, замацаваная за Васіліем Міхайлавічам, немалая – 1150 гектараў. Сярод абавязкаў лесніка – пасадка і догляд за ляснымі насаджэннямі, нарыхтоўка насення, ахова лесу ад пажару. У пажаранебяспечны перыяд леснікі на варце лесу - з ранку да позняга вечара.
- Прыемна адзначаць, - гаворыць Васілій Палягошка, - што мясцовыя жыхары і адпачываючыя турысты сталі больш беражліва адносіцца да прыроды, і рыбакі таксама пасля сябе прыбіраюць, не пакідаюць смецця і беспарадку. Магчыма, прафілактычная работа дае свой плён.
За сваю добрасумленную шматгадовую працу Васілій Міхайлавіч мае вялікую колькасць грамат. Сёлета да Дня работнікаў лясной галіны ён таксама прадстаўлены да чарговай ўзнагароды – Ганаровай граматы Міністэрства лясной гаспадаркі.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.