Задача – ліквідаваць “мінус” да канца года

Date 23.09.2022 Man
Comment 449
Задача – ліквідаваць “мінус” да канца года

Нарада, якая была прысвечана рабоце жывёлагадоўчай галіны раёна за восем месяцаў і за жнівень 2022 года, сабрала кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, галоўных спецыялістаў галіны гаспадарак і загадчыкаў малочнатварных ферм Бярэзіншчыны.

Такі пашыраны састаў запрошаных на мерапрыемства старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук патлумачыў неабходнасцю давядзення агучваемай на нарадзе інфармацыі да кожнага работніка жывёлагадоўлі і сумеснага выканання пастаўленай задачы выйсці на канец года з “мінуса” па асноўных паказчыках галіны.

Невыпадковым быў і адрас правядзення мерапрыемства – малочнатаварны комплекс “Лешніца” ААТ “Пагосцкі”, які як і МТК “Паложына”, што ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, з’яўляецца адным з варыянтаў комплексу з замкнёным цыклам утрымання жывёлы і арганізацыі ўсяго тэхналагічнага працэсу. Менавіта на падобныя, але больш дасканалыя комплексы, і неабходна рабіць стаўку ў далейшым, узводзіць іх на Бярэзіншчыне, падкрэсліў Дзяніс Ігаравіч.

– Сапраўды, – падкрэсліў Дзяніс Ігаравіч, – вынікі работы жывёлагадоўлі з пачатку года не радуюць і нам ніяк не ўдаецца пазбавіцца ад утворанага “мінуса”. А магчымасці для гэтага сёння створаны як ніколі. Спасылацца на недахоп кармоў або адсутнасць канцэнтратаў не даводзіцца. Пры сёлетнім намалоце збожжа недахопу зерня для стварэння ўласных канцэнтратаў або яго абмену на гатовыя няма. Неўзабаве запасы зерня папоўняць і кукурузныя пачаткі. Удосталь нарыхтавана і сакавітых кармоў. Таму жывёлаводам неабходна правільна распарадзіцца існуючымі кармамі і выкарыстаць іх з найбольшай аддачай. А для гэтага неабходна ствараць паўнацэнныя кормасумесі, разлічаныя на канкрэтныя групы статка, ажыццяўляць кармленне жывёлы па строгім графіку і не дапускаць яго зрываў, не мяняць штодзённа рацыён і наогул імкнуцца менш падвяргаць гадаванцаў стрэсам, уплыў якіх адразу адбіваецца на колькасці атрыманага малака.

У ходзе мерапрыемства прысутныя заслухалі інфарамацыю дырэктара ААТ “Пагосцкі” Наталлі Сокал аб рабоце комплексу і наогул жывёлагадоўчай галіны ў гаспадарцы, мелі магчымасць азнаёміцца з вытворчым працэсам і ўмовамі ўтрымання тут жывёлы.

Працягам абмеркавання ўзнятай тэмы стала пленарнае пасяджэнне. На ім з інфармацыяй аб развіцці жывёлагадоўлі за названы перыяд выступілі галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Іна Брагіня, начальнік Бярэзінскай ветэрынарнай станцыі Марыя Самец і начальнік раённай племстанцыі Уладзімір Гарошка. Асноўныя паказчыкі работы галіны за восем месяцаў прыведзены ў змешчаных на гэтай старонцы зводках, таму не будзем дубліраваць лічбы, а спынімся на асноўных праблемах і хібах працы і мерах па іх пераадоленні. Менавіта на гэтых аспектах акцэнтаваў сваю ўвагу на мерапрыемстве Дзяніс Дзішук.

Колькасць малака напрамую звязана і з работай па ўзнаўленні статка. Гэта не толькі выбракоўка малапрадуктыўных кароў, якія даюць да 10 кілаграмаў малака ў суткі, але і асемяненне жывёлы.

Тут мы яўна кепска па-працавалі з пачатку года, у выніку чаго гэтымі днямі гаспадаркі атрымліваюць толькі адзінкавыя расцёлы, і калі да канца года сітуацыя памяняецца да лепшага (а гэта па прагнозах павінна ўсё ж адбыцца), гадавую сітуацыю гэта выправіць мала. Для таго, каб яна выглядала станоўча, неабходна двойчы на месяц ажыццяўляць адбор цялушак пад асемяненне, давесці паказчык іх асемянення не менш як 85 працэнтаў. І ў работу неабходна ўключацца ўжо сёння, каб не страціць вялікае малако 2023 года.

На рост паказчыкаў работы жывёлагадоўчай галіны ўплывае і нямала іншых фактараў, у ліку якіх Дзяніс Ігаравіч назваў забяспечанасць гаспадарак кваліфікаванымі кадрамі спецыялістаў, захаванне тэхналогіі ўтрымання жывёлы, укараненне новых перспектыўных метадаў работы з ёй, такіх як выкарыстанне энергетыкаў і метаду дрэнчавання.

Немалаважным застаецца і праблема пераходу да ўтрымання статка ў зімова-стойлавы перыяд, падчас правядзення якога неабходна прадугледзець усе аспекты маючай адбыцца зімоўкі, пачынаючы ад належнай падрыхтоўкі саміх памяшканняў для ўтрымання жывёлы.

Асаблівую ўвагу старшыня райвыканкама звярнуў і на чалавечы фактар прадукцыйнай работы галіны. Па-першае, гэта годная заработная плата жывёлаводаў і загадчыкаў ферм, якая павінна быць прапарцыянальнай той нагрузцы, якую яны выконваюць. Па-другое, сярод работнікаў галіны павінен абавязкова прысутнічаць дух спаборніцтва, калі лепшыя працаўнікі заслужана атрымліваюць даплаты або прэміі за высокія паказчыкі. Па-трэцяе, на фермах штомесяц павінны праводзіцца сходы, на якіх падводзяцца вынікі работы, а таксама ладзяцца санітарныя дні па навядзенні парадку ў памяшканнях для ўтрымання жывёлы і бытавых памяшканнях. Па-чацвёртае, работа на эфектыўную аддачу жывёлагадоўчай галіны ў гаспадарках павінна насіць не эпізадычны характар, ёй павінна быць падпарадкавана работа ўсяго калектыву – арганізаваная, зацікаўленая, адной камандай. У супрацьлеглым выпадку прыкладваемыя намаганні не знойдуць сваёй аддачы.

Праведзенае мерапрыемства павінна з’явіцца сур’ёзным штуршком для работы сельгаспрадпрыемстваў раёна для павышэння аддачы жывёла-гадоўчай галіны. Падобныя нарады стануць рэгулярнымі і будуць прысвячацца не толькі разбору наспелых праблем, але і прыняццю адпаведных мер да тых, хто дапусціў іх і не здолеў пазбавіцца “мінуса”. Пастаўлена задача ліквідаваць яго да канца года.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Новый центр силы Вот они, дары березинских лесов! »