Абяцаем служыць годна!

Date 21.10.2022 Man
Comment 583
Абяцаем служыць годна!

Провады ў армію – гэта заўсёды кранальнае і адначасова ўзнёслае мерапрыемства, бо маладым людзям (у большасці сваёй учарашнім выпускнікам школ) даводзіцца пакідаць родныя мясціны і сем’і і прывыкаць да новага статутнага жыцця.

А ўзнёсласць яму надае важнасць той справы, якую будуць спасцігаць прызыўнікі, стоячы на абароне рубяжоў Айчыны, ператварацца ў сапраўдных мужчын, набываць загартоўку цела і духу.

У час чарговага планавага асенняга прызыву ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь рады воінаў папоўняць больш за трыццаць выхадцаў Бярэзіншчыны. Менавіта яны сталі віноўнікамі праведзенага ў чацвер у раённым цэнтры культуры традыцыйнага Дня прызыўніка. З цікавасцю і захапленнем глядзелі на іх прысутныя ў зале старшакласнікі, падтрымлівалі лагоднымі ўсмешкамі і гучнымі апладысментамі.

І гучалі яны не толькі ў адрас прызыўнікоў, а і гасцей свята, якія прыйшлі на яго, каб выказаць словы пажаданняў на дарогу юным землякам. У ліку выступоўцаў быў і старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Зябко. Ён не толькі пажадаў лёгкай і спакойнай службы заўтрашнім воінам, а і прыгадаў той час, калі і яго, 18-гадовага юнака, прызывалі ў армію і з якім гонарам выконваў ён свой грамадзянскі доўг.

Так, сапраўды, служба ў радах арміі заўсёды была справай высакароднай, адказнай і паважанай. Стаўленне да арміі за шмат гадоў не памянялася, як і тая адказная роля, якая выпадае на лёс салдат. Сёння, калі вакол Беларусі складаецца няпростая палітычная абстаноўка, роля Узброеных Сіл істотна ўзрастае. А значыць больш важкім з’яўляецца і адказнасць кожнага салдата, яго аўтарытэт і значнасць.

Самым урачыстым момантам падобнага мерапрыемства з’яўляюцца, безумоўна, мінуты ўручэння павестак прызыўнікам. Гэтую місію выконвае начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Мінскай вобласці Максім Клюеў.

Боскае благаслаўленне з пажаданнямі лёгкай службы будучым салдатам выказаў настаяцель храма прэабражэння Гасподня іерэй Васіль Васількоў. На памяць аб мерапрыемстве і ў якасці памочніка і аберагальніка кожнаму з іх засталася іконка. Няхай аберагае Усявышні нашых хлопчыкаў, няхай тэрмін службы ў арміі праляціць для іх непрыкметна і дасць толькі шмат станоўчых эмоцый і новых ведаў.

Больш за 75 гадоў жыве Беларусь пад мірным небам, не ведаючы жахаў вайны. Няхай будзе так і надалей. Апошні раз, калі беларускія воіны прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, было выкананне інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане. І хоць прайшло пасля тых падзей таксама нямала часу, яны помняцца нам, асбліва тым, хто прайшоў тымі ваеннымі сцяжынкамі. У ліку такіх бярэзінцаў і Алег Купіч – старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане. Цёпла і шчыра гаварыў ён са сцэны з сённяшнімі прызыўнікамі, пажадаўшы ім у час армейскай службы зброю выкарыстоўваць толькі ў вучэбных мэтах для ўмацавання абароназдольнасці нашай дзяржавы. Яшчэ больш пранікнёна гучала ў яго выкананні песня, прысвечаная памяці яго былых аднапалчан.

Гучалі на мерапрыемстве і іншыя музычныя нумары ў выкананні артыстаў раённага цэнтра культуры, якія стваралі цёплую атмасферу.

Ужо праз некаторы час нашы землякі будуць прымяраць на сабе ваенную форму, прывыкаць да новага рэжыму і рытму жыцця, стануць мужнець і набірацца новага, невядомага раней сэнсу жыцця.
Хай пройдзе гэты час армейскай службы хутка, з карысцю і будзе толькі мірным.

Васіль ГОЦМАН:

– У рады Узброеных Сіл іду з радасцю. Выканаць свой грамадзянскі і канстытуцыйны доўг – гэта вельмі ганарова і адказна. Лічу, што для кожнага мужчыны гэта і неабходна, і карысна. У тым ліку і для самазацвярджэння. У армію іду не адразу пасля школы. Паспеў ужо закончыць універсітэт фізічнай культуры і спорту, працаваў да гэтага інструктарам-метадыстам у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Лазурный”. Відаць, дзякуючы майму фізічнаму стану і падрыхтоўцы, на службу трапляю у спецвойскі. Лічу гэта ганаровым і абяцаю не падвесці землякоў.

 

Ігар РАМАНОЎСКІ:

– Мне таксама ўжо не 18 гадоў. Атрымаў вышэйшую адукацыю па сваім прызванні ў аграрна-тэхнічным універсітэце. Першым рабочым месцам стаў калектыў ПМС. Сустрэлі добра, далі пасаду механіка. Наконт службы ў арміі – толькі “за”. Да службы ставіўся заўсёды толькі станоўча. Перакананы, што яна дасць мне шмат вопыту, а яе навука дапаможа мне ў далейшым жыцці. Спадзяюся, што час пройдзе хутка і з карысцю, я завяду шмат новых сяброў і вярнуся да сваёй работы, далейшага ўдасканалення сваёй кар’еры і стварэння ўласнай сям’і.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER