Адзін дзень з аховай

Date 29.10.2022 Man
Comment 581
Адзін дзень з аховай

Сёння Дэпартамент аховы перагортвае 70-гадовую старонку ўласнай гісторыі.


Усё пачыналася ў 1952 годзе, калі на базе аддзела прамысловай міліцыі была створана Служба аховы пры МУС. Да 1991 года яна называлася ўпраўленнем пазаведамственнай аховы пры МУС. Потым Пастанаўленнем Савета Міністраў БССР было арганізавана аб’яднанне “Ахова” пры тым жа міністэрстве. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2004 года №268 на базе аб’яднання “Ахова” быў створаны Дэпартамент аховы Міністэрства ўнутраных спраў з правамі юрыдычнай асобы. Яго дзейнасць накіраваная на ахову правоў уласнасці, як асновы жыццядзейнасці дзяржавы.

За перыяд свайго існавання служба пастаянна развівалася. Планамерны рух наперад зрабіў яе надзейнай, забяспечанай сучаснымі сродкамі аховы, структурай.

Цікава, чым Дэпартамент аховы жыве зараз?

- Работы ў нас хоць адбаўляй, парою хапае і нечаканасцей, і сюрпрызаў, аднак варта зазначыць: усе супрацоўнікі Бярэзінскага аддзялення Дэпартамента аховы дзейнічаюць у любой сітуацыі прафесійна і зладжана, не дапускаючы памылак, усе людзі ў нас правераныя і надзейныя, галоўнае, адказныя да маёмасці, якую ахоўваюць, эфектыўна спраўляюцца з абавязкамі, – шчыра прызнаецца начальнік Бярэзінскага аддзялення Дэпартамента аховы лейтэнант міліцыі Данііл Тарацін.

– Дарэчы, толькі па горадзе ў нас на ахове налічваецца звыш 300 аб’ектаў рознай формы ўласнасці. З іх звыш 80 абсталяваныя трывожнай кнопкай. Маецца 13 пастоў фізічнай аховы, дзе дзяжураць вартаўнікі, і 4 пасты міліцэйскай аховы, на якіх нясуць вахту міліцыянеры. У штаце Бярэзінскага аддзялення Дэпартамента аховы 85 чалавек, з іх 22 міліцыянеры, сярод якіх паставыя, міліцыянеры-вадзіцелі, міліцыянеры-кінолагі. Укамплектаванасць кадрамі поўная. Акрамя вартаўнікоў ёсць нават уласныя электраманцёры – для ўстаноўкі сігналізацыі, усталявання і абслугоўвання камунікацыйных ліній і іншага.

 

Вартаўнікі не спяць

Звычайны працоўны дзень работніка аховы вызначаецца межамі працоўнай змены, якая доўжыцца 12 гадзін. Графік плаваючы: дзяжурства ў дзень, затым у ноч, пасля “адсыпны” і выхадны. Які чытач падумае: ну што складанага ў рабоце вартаўніка-ахоўніка, асабліва ноччу? Маўляў, вароты зачыніў і на бакавую да раніцы. Як у вядомай кінастужцы: “У Багдадзе ўсё спакойна”.

Аднак спакойна бывае далёка незаўсёды. Многія бярэзінцы помняць леташні выпадак, калі рабаўнікі-гастралёры праніклі на тэрыторыю лясгаса, і толькі дзякуючы пільнаму воку супрацоўніка аховы ўдалося затрымаць злачынцаў і пазбегнуць крадзяжа. Падобных прыкладаў шмат. Але ж не спаць ноччу – не адзіная рыса ў спецыфіцы работы вартаўніка.

Існуе шмат незаўважных дэталяў, пра якія патрабуецца ведаць вартаўніку. Каб дакладна імі валодаць і не забывацца, штомесяц у апошнія аўторак-сераду праводзяцца тэматычныя заняткі, якія вядзе начальнік аховы ўчастка Пётр Цюхай. Напрыклад, у кастрычніку тэма заняткаў значылася “Надгляд транспартнага сродка”. Важная тэма на службе. Як гэта правадзіць правільна, якія пытанні задаваць вадзіцелю, якія дадзеныя ўносіць у спецыяльны журнал – усім прысутным дакладна тлумачыць Пётр Іванавіч. У ахоўнай справе дробязяў не існуе. Хоць заняткі паўтараюцца з года ў год, аднак як сведчыць вядомая прымаўка: паўтарэнне – маці вучэння.

 

Сэрца аховы

Сэрцам Бярэзінскага аддзялення варта назваць пультавую, куды паступаюць дадзеныя з усіх ахоўваемых аб’ектаў. Дыспетчар апрацоўвае паступіўшы сігнал, на месцы прымае аператыўнае рашэнне і дзейнічае ў адпаведнасці з зацверджанымі пратаколамі. Больш за ўсё спрацовак паступае на пульт у выхадныя дні. Самыя “гарачыя” кропкі – гандлёвыя аб’екты, месцы, дзе прадаецца спіртное, у тым ліку кафэ, аўтазапраўкі.

Людзі ў стане алкагольнага ап’янення часам пачынаюць хуліганіць, або хтосьці ў магазіне пранясе міма касы тавар, “забыўшыся” заплаціць. У такім выпадку прадаўцы націскаюць на трывожную кнопку ў пошуку дапамогі, і дыспетчар накіроўвае да месца выкліку групу затрымання, каб утаймаваць парушальніка ці затрымаць злачынцу. Калі на месцы гэта не атрымліваецца, адпрацоўваецца прылягаючая тэрыторыя. Выязджаюць таксама, калі хтосьці паспрабуе без дазволу пранікнуць на тэрыторыю ахоўваемага аб'екта.

У крайнім выпадку да пошукаў асобы, здзейсніўшай грабеж або крадзеж, далучаецца ўвесь асабісты састаў. Здараецца, што на пульт паступае і ложны сігнал, гэта калі заказчык адчыніў дзверы аб’екта і не папярэдзіў ахову. Наогул розных выпадкаў шмат.

Калі я завітаў, за пультам дзяжурыла Крысціна Цэдрык. Працуючы дыспетчарам ужо чацвёрты год, сутыкалася з рознымі сітуацыямі, набыла за гэты час належны вопыт. “Галоўнае на дзяжурстве – дзейнічаць адпаведна з правіламі”, – лічыць Крысціна Аляксандраўна. Як характарызуе кіраўніцтва маладую жанчыну – выдатная супрацоўніца, малайчына. Дарэчы, усяго дыспетчароў пяцера. Уседлівасць, уважлівасць і дакладнасць – вось галоўныя прафесійныя якасці, якія патрабуюцца на дадзенай пасадзе.

 

І аўчарка Гера

У дзень майго візіту дзяжурыла група затрымання ў складзе старшага сяржанта міліцыі Васіля Ярмоліна і міліцыянера-кінолага прапаршчыка міліцыі Валянціна Нікаленка. Калі не паступаюць уводныя дадзеныя ехаць на спрацоўку сігналізацыі, задача групы – патруляваць гарадскую мясцовасць па зацверджаным маршруце.

У шэрагу абавязкаў работнікаў аховы яшчэ і пільнаваць за парадкам на вуліцах, папярэджваць правапарушэнні, а таксама правяраць дзяжурных вартаўнікоў і кантралёраў на аб’ектах аховы. Маршрут распісаны па хвілінах, прыпынкі на ім таксама рэгламентаваныя. Мне пашчасціла патрапіць з дзяжурнай групай на ахоўны пункт у гімназіі.

З леташняга студзеня пад аховай Дэпартамента знаходзяцца ўсе гарадскія навучальныя ўстановы і дзіцячыя сады. Школы на раёне абсталяваныя трывожнымі кнопкамі. Група затрымання ўважліва правярае, каб былі зачыненыя ўсе ўваходныя дзверы, каб знаходзіўся ў парадку пункт аховы і іншае. Дарэчы, патрапіць у гімназію можна толькі праз адзін уваход, на якім электронны замок. У наяўнасці таксама відэакамеры. У той дзень дзяжурыла Святлана Казюка. Такія праверкі для яе справа звычная. Павітаўшыся з калегамі, прадэманстравала журнал запісу наведвальнікаў. Усё было ў парадку. Хтосьці падобныя меры аховы школы можа палічыць залішнімі, аднак варта прыгадаць добра вядомае: беражонага Бог беражэ.

– У святле жудасных і трагічных выпадкаў, якія мелі месца ў тых самых расійскіх школах, і ў замежжы, калі сярод урокаў пачыналася стральба са зброі, мы на ўсякі выпадак стараемся прадугледзіць і такое, – расказвае Данііл Тарацін. – Нашыя супрацоўнікі і кантралёры праходзяць спецыяльную падрыхтоўку, як сябе весці ў падобных сітуацыях.

Варта прыгадаць яшчэ пра аднаго члена групы затрымання – нямецкую аўчарку Геру. Выпадае часам, што без яе дапамогі не абысціся. Знайсці рэчавы доказ, напасці на след – надзейны памочнік усё ўмее. Асаблівая запатрабаванасць узнікае, калі прапаў чалавек. Гера можа і заблукаўшага грыбніка знайсці, калі своечасова “папрасіць”.

Ветэраны і моладзь

Сяргей Макарэвіч раней працаваў камандзірам аддзялення, зараз ён – старшыня ветэранскай арганізацыі. Не дае сумаваць пенсіянерам Дэпартамента аховы, якіх налічваецца 13 чалавек, далучае да разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку і святочную ўрачыстаць да 70-годдзя ахоўнай службы. Ды і сам актыўна працуе з моладзю, дапамагае вырашаць арганізацыйныя пытанні, дзеліцца прафесійнымі ведамі, расказвае пра асаблівасці службы. Сёлета ж на службу прыйшлі два маладых чалавекі: Данііл Баразна і Яўгеній Раманёк, дастойнае папаўненне ў радах аховы.

Наогул, калектыў раённага Дэпартамента аховы дружны, моцна спаяны службай, а той факт, што сёлета супрацоўнікамі было раскрыта 8 крымінальных злачынстваў сведчыць пра тое, што работы ў іх заўсёды будзе хапаць, і яны будуць аднымі з самых запатрабаваных людзей у грамадстве. З той нагоды хочацца павіншаваць іх з юбілеем службы і пажадаць далей з гонарам несці сваю вахту.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER