Любушанцы паднялі праблемы добраўпарадкавання

Date 23.03.2023 Man
Comment 523
Любушанцы паднялі праблемы добраўпарадкавання

Генацыд, кібербяспека, добраўпарадкаванне на ўласных падворках і іншыя пытанні… Да любушанцаў наведалася інфармацыйна-прапагандысцкая група Бярэзінскага райвыканкама ў складзе старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Лашкоўскага, пракурора Бярэзінскага раёна Дзмітрыя Макарэвіча, намесніка начальніка Бярэзінскага РАУС Генадзія Рабізы, ўрача-гігіеніста Бярэзінскага РЦГЭ Сяргея Масюка.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел таксама дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Гоман і старшыня Пагосцкага сельвыканкама Аляксандр Цыбулька.

На сустрэчу, якая адбылася ў сельскай установе культуры, з’явіліся настаўнікі і школьнікі, работнікі СУП “АграМаз” і лясной гаспадаркі, жыхары Любушан.

Пасля абмеркавання актуальных тэм генацыду, кібербяспекі і навядзення парадку на ўласных падворках, размова паступова перацякла ў рэчышча камунальна-бытавых, дарожных і іншых не менш злабадзённых жыццёвых пытанняў, якія задавалі прысутныя ў зале.

- Ёсць у нас 9 вёсак, з якіх у школу падвозяцца дзеці, гравійныя дарогі патрабуюць пасля зімы добраўпарадкавання. Утварылася шмат ям, рытвін, выбоін, асабліва на дарозе паміж Быковічамі і Казловым Берагам, паміж Мачаскам і Хутарам, Мачаскам і Ягадкай, Жураўком, Цярэсінам, Уюноўкай, Любушанамі, Дулебамі. Калі пару тыдняў назад былі дажджы, праехаць было літаральна немагчыма. Зімой мы прыцягвалі да работы дарожныя службы ў адным месцы. Таму мы просім звярнуць увагу на гэтую праблему, - звярнула ўвагу адна з прысутных.

- Ваша пытанне слушнае, правільнае, будзе вырашацца, - адказаў Віктар Лашкоўскі.

- На старой частцы могілак пабітыя помнікі заваленыя галлём, спальвалася смецце побач, уздоўж плоту праехаў па магілках трактар, як іх зараз аднавіць і калі? – Задала пытанне адна з прысутных.

- Падрадчыку, які выконвае работы на любушанскіх могілках, гэтыя праблемы вядомыя. Наконт пашкоджаных старых пахаванняў падрадчык ужо звяртаўся ў сельскі Савет за дапамогай, каб падвезлі пяску зрабіць падсыпку і навесці парадак. Гэтае пытанне таксама на кантролі, - запэўніў Аляксандр Цыбулька. – Калі гэтую задачу не выканае падрадчык, тады выканае сельскі Савет, гэта я дакладна гарантую.

- У аграгарадку Косаўка па вуліцы Кастрычніцкай таксама цікавіць пытанне рамонту дарогі, каб зрабілі ямачны рамонт.

- Рамонт дарогі па вуліцы Кастрычніцкай у Косаўцы ўключаны ў план гэтага года, - адказаў Віктар Лашкоўскі.

- Часам бываю ў Беразіно на завулку Піянерскім. І вось на мінулым тыдні мы там проста забуксавалі з машынай, бруд жудасны, па дарозе праехаць немагчыма. Пасля дажджоў там утвараецца амаль балота. Што рабіць? Звярталіся за дапамогай неаднаразова.

- Па завулку Піянерскім і вуліцы Фрунзе, сапраўды, гэта праблемнае пытанне, зараз яно вырашаецца.

- Хачу растлумачыць наконт дадатковага кантэйнера для смецця, бо двух кантэйнераў мала, графік вывазу смецця не вытрымліваецца. Да таго ж, калі кантэйнер выгружае спецыяльнай машына, смецце разлятаецца ва ўсе бакі, мы, па магчымасці, потым падбіраем, але гэта мала дапамагае. Да каго звярнуцца, каб на нашай вуліцы паставілі дадатковы кантэйнер, хоць на летні час? – Прагучала яшчэ адно пытанне.

- Ёсць зварот ад нашага сельсавета ў адпаведныя структуры, пытанне будзе знаходзіцца на кантролі, - адказаў старшыня Пагосцкага сельвыканкама.

- Хачу засяродзіць увагу, што праблема кантэйнераў для смецця вельмі стракатая і моцная, - адзначыў Іван Гоман. – Па-першае, вываз смецця людзі аплочваюць, хто павінен падбіраць смецце пасля працэсу выгрузкі кантэйнера ў смеццевую машыну? Раней з вадзіцелем ездзіў спецыяльны работнік камунальнай гаспадаркі і падбіраў тое смецце, цяпер вадзіцель адзін. Чаму смецце павінны падбіраць людзі, калі яны аплачваюць вываз смецця з уласнай кішэні? Гэта пытанне з пытанняў… З іншага боку, хочацца звярнуцца да грамадзян і спытацца ў іх: а што вы самі зрабілі для навядзення парадку на ўласным падворку перад тым, як крытыкаваць уладу?  Бо сапраўды, у нас сустракаюцца асобы, у якіх і трава не абкошана, і плот павалены, а будуць хадзіць крытыкаваць і тое, што робіцца на падворках дзяржаўных гаспадарак, убачаць спраўна. Навядзенне парадку ў першую чаргу трэба пачынаць з сябе.

- Хачу звярнуцца да прысутных, - сказаў Аляксандр Цыбулька. – У кожнага маецца ўласнае домаўладанне. У лістападзе адбылася сесія дэпутатаў Пагосцкага сельсавета, на якой былі вызначаны межы для абслугоўвання грамадскіх тэрыторый. Было вызначана, што кожны чалавек павінен абслугоўваць тэрыторыю ад свайго плота да праезнай часткі, дзесяць метраў ад агароджа. Што значыць абслужана? Гэта тэрыторыя павінна быць своечасова абкошана, прыбрана ад смецця, выдалены кустарнікі. Гэта тое, што датычыцца прыватных домаўладанняў. Таксама хачу нагадаць, што вуліцы – гэта грамадская тэрыторыя, і калі вы прывезлі дровы, або будаўнічыя матэрыялы, то знаходзіцца на вуліцы яны могуць не больш 72 гадзін.

Усе пытанні, якія прагучалі на мерапрыемстве, узяты на кантроль.

 

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER