Як бы ні дыхала паветра прадчуваннем вайны, прыходзіць яна заўсёды знянацку, насуперак усім нашым марам і жаданням, якія кожны носіць у сабе: а можа, не ўсё так страшна і абыдзецца без кровапраліццяў і вялікіх неапраўданых ахвяр… У 41-м не абышлося. Вар’яцтва, амбіцыі, дэманстрацыя сілы, жаданне панаваць Гітлеру і яго ашалелай камандзе не далі нам шанцу на мірнае жыццё і стваральную працу.
Ахвяры… Колькі іх было панесена за гады Вялікай Айчыннай вайны, памяць пра іх мы захоўваем у сваіх сэрцах, як пякучы боль і як незажыўную рану. Бо колькі б часу, колькі б гадоў ні прайшло з той пары, забітыя, закатаваныя, прапаўшыя без звестак, памерлыя ад голаду і нястач вялікай шматмільённай арміяй ахвяр заўсёды будуць прысутнічаць у нашай свядомасці, будуць важкай прычынай сабрацца каля жалобных помнікаў і магіл герояў і мірных жыхароў і яшчэ раз узгадаць, якой цаной нам дасталася Перамога.
Больш васьмідзесяці гадоў прайшло з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу мы не можам дакладна назваць колькасць панесенага ўрону за гады ліхалецця, за гады ўчыненага на тэрыторыі Беларусі генацыду нашага народа. І сёння працягваецца работа па ўстанаўленні ўсё новых і новых фактаў фашысцкіх злачынстваў, выяўляюцца невядомыя раней захаванні і брацкія магілы, колькасць ахвяр павялічваецца і расце. Ахвяр, якіх магло і не быць.
Пра тое, чым завяршыліся амбіцыйныя планы захопнікаў, мы добра ведаем. Агрэсар атрымаў па заслугах і быў разбіты ў сваім логаве, у чарговы раз атрымаўшы добры ўрок таго, ці варта з намі гуляць у вайну і замахвацца на нашу незалежнасць. Толькі вось урок гэты за даўнасцю гадоў пачаў сцірацца з памяці асобных ваяўніча настроеных заходніх лідараў і іх заакіянскіх верхаводаў. У паветры ізноў ствараецца напружанасць, побач з межамі нашай дзяржавы чуваць браццанне зброі. Чаго вартыя гэтыя патугі і на што накіраваны яны, зразумець зусім няцяжка. Развязаць рукі, а затым і пагрэць іх на полымі вайны жадаючых шмат. Але ж, панове, уціхамірце сваю апантанасць, пагартайце яшчэ раз падручнікі гісторыі і, перш чым зрабіць неабдуманы крок, задайце сабе пытанне: а ці яно таго варта – наступаць на граблі з жалезнай ручкай? Так, народ Беларусі – міралюбівы. Але ён і свабодалюбівы. Адстаяць свой суверэнітэт мы зможам і нам ёсць чым зрабіць гэта. А яшчэ ў нас ёсць нягаснучая памяць пра панесеныя ў час апошняй вайны ахвяры. Іх ліміт мы перабралі з лішкам на многія стагоддзі наперад.
Сёння, адыходзячы да сну, на хвілінку задумайцеся аб тым, што пасярод ночы, у чатыры гадзіны раніцы, шмат дзесяцігоддзяў назад закончылася прывычнае мірнае жыццё і пачалася вайна. Для нас наступны ранак будзе такім жа мірным і стваральным, як і завершаны дзень. Цаніце мір як самую найвялікшую каштоўнасць свайго жыцця і гарантыю яго захавання.
Юлія БУКЕЛЬ.