Партызанскія былі

Date 11.07.2023 Man
Comment 819
Партызанскія былі

Адным са складальнікаў Вялікай Перамогі былі поспехі партызанскага руху ў Беларусі. Ні ў адной краіне свету, ні ў адной рэспубліцы былога Савецкага Саюза не было столькі партызан у час Другой Сусветнай вайны. Фронт у тыле ворага: 1108 партызанскіх атрадаў, звыш 370 тысяч партызанаў.

Пад кантролем партызан знаходзілася 60% акупіраванай фашыстамі тэрыторыі Беларусі, прыкладна 38000 м2 былі свабодныя ад праціўніка – тэрыторыя, роўная тэрыторыі Галандыі ці Бельгіі.

У Бярэзінскім раёне дзейнічала 18 партызанскіх атрадаў, 5 партызанскіх палкоў, 9 брыгад. Наш зямляк Максім Іванавіч Жукоўскі (ураджэнец вёскі Пагост) адным з першых у Савецкім Саюзе сярод партызанаў узнагароджаны ордэнам Леніна літаральна ў першыя месяцы вайны (жнівень 1941).

Сярод партызан Бярэзіншчыны значыцца грамадзянін Францыі Раман Дзюбаст. Не па сваёй волі 20-гадовы французскі юнак трапіў у Беларусь. Пагрозай пакараць родных гітлераўцы прымусілі яго надзець нямецкую форму.

І пагналі на ўсход, дзе ён павінен быў удзельнічаць у карных экспедыцыях супраць беларускіх партызан. Вайсковую часць, у якой давялося служыць Раману, нямецкае камандаванне размясціла на абодвух берагах Бярэзіны, у вёсках Аздзяцічы, Віляціна і Чэрнеўка Барысаўскага раёна і вёсках Наваселле і Мурава – Бярэзінскага. Пад нямецкім шынялём білася сэрца патрыёта, ён чакаў толькі зручнага выпадку, каб перайсці на бок партызан. І такі выпадак прадставіўся… Хлопец стаў байцом атрада імя Шчорса.

Партызаны хутка палюбілі вясёлага і мужнага французскага юнака. У баях ён не хаваўся за спіны іншых. У вольную хвіліну любіў спяваць савецкія песні, асабліва “Тры танкісты”, марыў пасля вайны вярнуцца на радзіму і вырошчваць буракі. Аднак, не дажыў да гэтага светлага дня.

10 кастрычніка 1943 года абарвалася жыццё французскага патрыёта. Бліз вёскі Марысіна ён нёс патрульную службу, заўважыў па дарозе з боку Беразіно калону фашыстаў, адаслаў таварыша ў штаб з данясеннем, а сам уступіў у бой з цэлым падраздзяленнем фашысцкіх уласаўцаў.

Імя адважнага партызана, грамадзяніна Францыі Р.Дзюбаста зараз значыцца на помніку ў скверы райцэнтра Беразіно.

У жніўні 1941 года стаў партызанскім важаком былы чырвонаармеец Дзмітрый Барысавіч Шрэйн. Партызанская зона з базай бліз станцыі Градзянка на тэрыторыі Асіповіцкага раёна ўжо ўвосень 1942 года кантралявала 40 населеных пунктаў, шасейныя дарогі Мінск-Магілёў, Мінск-Бабруйск. Камандзір партызанскай роты Д. Шрэйн з чатырма партызанамі здзейсніў пераход за лінію фронта для ўстанаўлення сувязі з ЦК КПБ і Беларускім штабам партызанскага руху ў Маскве. Адважныя партызаны перайшлі лінію фронту, абыходзячы варожыя гарнізоны, пераадолелі шлях у 600 км. З’явіўся на прыём да начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К.Панамарэнкі са справаздачай аб дзеяннях партызан у Асіповіцкім раёне. Кароткі адпачынак, і група адправілася ў зваротны шлях. У партызанскі атрад вярталіся ўжо 10 чалавек, у ліку новых членаў групы былі радыстка і інструктары падрыўной справы, у атрад была дастаўлена радыёстанцыя. У Маскву адпраўляліся ў гарачыя жнівеньскія дні, а вярталіся ў лістападзе 1942 года, аб хуткім наступленні зімы ўжо нагадвалі першыя марозы і іней на дрэвах. Баявы шлях Д.Б.Шрэйна адзначаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені. Персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння пасля вайны працаваў у Бярэзінскім леспрамгасе, затым начальнікам Бярэзінскага сплаўучастка.

У пачатку вайны савецкая авіяцыя выкарыстоўвалася для аказання дапамогі партызанам Беларусі эпізадычна, а з наступленнем вясны 1942 года становішча стала мяняцца. Для абслугоўвання партызан пачала выкарыстоўвацца транспартная авіяцыя. Партызаны Бярэзінска-Клічаўскай зоны прымалі грузы на аэрадроме каля вёскі Галынка (зараз в. Партызанка) Бярэзінскага раёна. Народных мсціўцаў Беларусі з Вялікай зямлёй звязвалі авіятары 101-га авіяцыйнага палка далёкага дзеяння, якім камандавала Герой Савецкага Саюза гвардыі палкоўнік Валянціна Грызадубава. Дарэчы, 21 лістапада 1942 года на выкідку боепрыпасаў на пляцоўку партызанскага аэрадрома “Галынка” вылятала сама легендарная лётчыца.

Паветраную трасу з Вялікай зямлі да аэрадромнай пляцоўкі каля вёскі Галынка 14 ліпеня 1942 года пракладаў камандзір экіпажа малодшы лейтэнант Віталь Пятровіч Бібікаў (загінуў у снежні 1942 года). Партызаны сустракалі яго з асаблівай радасцю. Былы партызан Мікалай Ратушнаў у кнізе “У баявым паходзе” так апісваў пасадку першага самалёта каля Галынкі: “Што тут рабілася! Абдымкі, пацалункі, гоман неразборлівых, але аднолькава радасных воклічаў. У кожнага было жаданне не толькі бліжэй убачыць, але і дакрануцца да лётчыкаў і да самалёта, упэўніцца, што гэта не сон, а самая сапраўдная ява”.

У ноч на 17 сакавіка 1943 года з аэрадрома Галынка экіпажам Сцяпана Запылёнава быў вывезены адмысловы мазаічны пісьмовы стол, які змайстраваў у вёсцы Нядашкава (непадалёк ад Магілёва) сталяр-чырванадрэўшчык Якаў Арлоў.

Яго мазаічныя самабытныя вырабы з розных парод дрэў экспанаваліся і адзначаліся ўзнагародамі на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы ў 1937 годзе, на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Двухтумбавы пісьмовы стол у падарунак Сталіну Арлоў стаў майстраваць да 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі з усіх парод дрэў, што растуць у Беларусі. На стальніцы майстар зрабіў надпіс: “Вялікаму правадыру Іосіфу Сталіну ад беларускіх сялян у знак вечнай брацкай дружбы”.

Вайна прыпыніла работу ўмельца. Калі фашысцкія захопнікі ўварваліся ў вёску, яны нейкім чынам дазналіся пра схаваны ў хляве ўнікальны стол і вырашылі адправіць яго ў падарунак Гітлеру. І загадалі майстру змяніць былы надпіс на новы – “Вялікаму фюрэру Гітлеру ад беларускага народа ў знак удзячнасці за вызваленне”. Фотаздымкі падарунка фюрэру былі змешчаны ў нямецкіх газетах, з Берліна да Арлова прыязджалі нямецкія чыноўнікі, захапляліся. Варта было ў раёне з’явіцца партызанам, стол разам з майстрам вывозілі пад больш надзейную ахову ў Магілёў. Знікалі партызаны – стол пад аховай паліцаяў вярталі ў Нядашкава, каб майстар працягваў сваю працу. Акрамя стала, гітлераўцы запатрабавалі, каб Арлоў зрабіў і спецыяльнае крэсла для Гітлера. У красавіку да дня нараджэння фюрэра падарунак планавалася даставіць у Германію. Фашысты ўмельца з хаты не выпускалі, трымалі яго работу ў сакрэце. Але сакрэты ў вёсцы доўга не жывуць. Патрыёты ўстанавілі сувязь з 620-ым партызанскім атрадам Чапаева, які дзейнічаў на тэрыторыі Бярэзіншчыны. Народныя мсціўцы наважыліся захапіць або, у крайнім выпадку, знішчыць стол. Дачакаўшыся ночы, партызаны ўзвода разведкі Івана Пархаўчэнкі ў цемнаце падышлі да хаты Арлова, ліквідавалі вартавога. Стол хутка разабралі, паклалі на санкі і разам з майстрам, які папрасіўся ў партызанскі атрад, ціха выехалі з вёскі. 18 лютага 1943 года былі ўжо на месцы дыслакацыі атрада ва Усакінскіх лясах. Фашысты былі раз’юшаны. Прачэсваліся ўсе навакольныя лясы, была вызвана нават авіяразведка (хацелася любой цаной вярнуць падарунак Гітлеру). Аднак пошукі былі марнымі…

Пасля вайны майстар замяніў надпіс на стале на звычайны арнамент, а ў 1963 годзе, незадоўга да сваёй смерці, перадаў стол у Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Сёння экспанат з гісторыяй знаходзіцца ў экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу
і сацыякультурнай дзейнасці
ДУК “Бярэзінская раённая
цэнтральная бібліятэка”.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER