Перажываць за поспехі нашых суайчыннікаў будзем і мы. Тым больш, што нагода для гэтага ёсць больш чым дастатковая: у Салігорску, дзе, акрамя іншага, адбудуцца спаборніцтвы па барацьбе ў грэка-рымскім стылі, выступіць наш зямляк Андрэй Самец. За некалькі дзён да старту мы пагутарылі з маладым чалавекам, які з ахвотай адказаў на нашы пытанні, даведаўшыся аб тым, што патурбавалі яго для эксклюзіўнага інтэрв’ю з роднай «Бярэзінскай панарамы”.
– Вы мяне літаральна ад барцоўскага дывана адарвалі, – прызнаецца Андрэй. – Цяпер, у апошнія дні перад стартам ІІ Гульняў краін СНД, даводзім спартыўную форму да дасканаласці, аднаўляем напрацаванае, знаходзімся ў пастаянных трэніроўках. У мяне за плячыма і Мінскае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву, і тры гады вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры і спорту. Таму, думаю, ёсць чым здзівіць сапернікаў. Буду карыстацца прыроднай вынослівасцю, браць іх зморам.
Гэтую маю "візітоўку" мы адкрылі з першым маім трэнерам бярэзінскай спартшколы Міхаілам Фесуном. Бацькі прывялі да яго ў секцыю грэка-рымскай барацьбы яшчэ калі мне было восем гадоў. Спачатку тут займалася шмат маіх равеснікаў, але паступова многія адсейваліся. Затое тыя, хто заставаўся, станавіліся сапраўднымі чэмпіёнамі. Вазьміце хаця б вучня Міхаіла Іванавіча Арсена Сычова, сярэбранага чэмпіёна свету па грэка-рымскай барацьбе сярод юніёраў.
– Ці ёсць страх перад спаборніцтвамі, і хто яўляе сабой найбольш сур'ёзную канкурэнцыю?
– Страху няма, але хвалюешся, вядома, заўсёды. Нават нягледзячы на тое, што за свае 23 гады я паўдзельнічаў у больш чым сотні спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню і вышэй, і ў многіх станавіўся прызёрам. Такое адчуванне перад кожным важным мерапрыемствам абсалютна нармальнае, так і нашы трэнеры гавораць. А адзін з самых высокіх узроўняў у грэка-рымскай барацьбе на Гульнях, лічу, прывязе каманда Расіі. Найбольш сур’ёзным маім канкурэнтам у катэгорыі да 77 кілаграмаў стане расіянін Яўген Байдусаў. Бясспрэчна, гэтыя спаборніцтвы не стануць прахаднымі.
– Якія са спаборніцтваў, у якіх ты прымаў удзел, найбольш запомніліся?
– Нават не ведаю, бо на кожны старт я выходжу рабіць сваю справу, і рабіць яе якасна. Калі хочаце, раскажу гісторыю, пра тое, як я стаў майстрам спорту. Мне было тады 17 гадоў.
Апанент выйграваў з разгромным лікам 5:0. Аднак мне ўсё ж удалося прыкласці ўсе сілы, каб пераламаць сустрэчу. У другім і трэцім перыядах не пакінуў саперніку ніякіх шанцаў і атрымаў перамогу з канчатковым лікам 5:7.
– Падзяліся, калі ласка, сваімі планамі на перспектыву.
– Пакуль што мне застаецца вучыцца тры гады ў БДУФК, і я буду набірацца досведу і ўменняў. А далей? Шмат чаго ў нашым жыцці залежыць ад выпадку. Кепскі той спартсмен, які не марыць трапіць на Алімпійскія гульні.
А ў мяне, лічу, ёсць і час, і магчымасці для гэтага, ды і жаданне таксама. З часам магу стаць трэнерам, вучыць дзяцей барацьбе, як мой пастаянны спарынг-партнёр у бярэзінскія гады Ягор Хохол, які сёлета пачне працаваць у нашай роднай СДЮШАР. Пажывём – пабачым.
– Андрэй, ад душы жадаем табе добрага выступлення. Будзем «хварэць» за твой поспех усім раёнам!
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота з архіва спартсмена.