Лічыўся прапаўшым без вестак...

Date 15.08.2023 Man
Comment 1089
Лічыўся прапаўшым без вестак...

Вёска Дзмітравічы мае багатую і даўнюю гісторыю, і пра тое я аднойчы раскажу асобна. Аднак сёння хочацца паведаміць пра аднаго слаўнага яе сына, які лічыўся прапаўшым без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сем сыноў жыхаркі вёскі Дзмітравічы Аўдоцці Міронаўны Крыварот – Сцяпан, Гаўрыла, Міхаіл, Уладзімір, Іван, Сяргей, Аляксей – удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне як франтавікі і партызаны. Іх баявыя заслугі ў барацьбе супраць германскіх акупантаў былі адзначаны баявымі ўзнагародамі – ордэнамі і медалямі.

Амаль 80 гадоў лічыўся прапаўшым без вестак яе сын Міхаіл Цітавіч, які выбраў кар’еру кадравага ваеннага і ў 1938 годзе закончыў Мінскае Чырвана-сцяжнае ваеннае пяхотнае вучылішча імя М.І. Калініна.

У складзе 194-га стралковага палка 64-й стралковай дывізіі ўдзельнічаў у польскім паходзе 1939 года. Падчас савецка-фінляндскай вайны атрымаў раненне, пасля чаго працягваў ваенную службу ў Хоральскім райваенкамаце Палтаўскай вобласці. У сямейным архіве захаваўся фотаздымак ад 25 снежня 1939 года, на якім палітрук М. Ц. Крыварот разам з аднапалчанамі.

Маёй бабулі, Крыварот Аўдоцці Міронаўне, восенню 1944 года паведамілі, што яе сын Міхаіл прапаў без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Родныя неаднаразова пісалі лісты ў розныя інстанцыі, каб даведацца пра яго лёс. Аднак звароты не далі вынікаў. У кнізе «Памяць» Бярэзінскага раёна згадана, што радавы Крыварот М.Ц. нарадзіўся ў 1918 г. і прапаў без вестак у верасні 1944 г. У банку дадзеных аб тых, хто быў прызваны з тэрыторыі Беларусі і загінуў ці прапаў без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны, паведамляецца, што сяржант Крыварот М.Ц. прапаў без вестак у верасні 1944 г.

Пошукі працягваліся, і некалькі гадоў таму з кнігі «Памяць» Палтаўскай вобласці мне ўдалося атрымаць наступную інфармацыю са спасылкай на Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі: «Начальнік 4-га аддзялення штаба 371-й стралковай дывізіі старшы лейтэнант Крыварот Міхаіл Цітавіч прапаў без звестак у лютым 1942 г.».

Па баявым шляху дывізіі можна прасачыць і франтавы лёс афіцэра. Дывізія была сфарміравана ў г. Чабаркуль Чэлябінскай вобласці восенню 1941 г., а з 1 снежня 1941 г. увайшла ў склад 30-й арміі Заходняга фронту. Пасля разгрузкі з 2 па 5 снежня 1941 г. на станцыі Савёлава дывізія прыняла ўдзел у контрнаступленні пад Масквой.

Па стане на 1 студзеня 1942 г. ужо ўваходзіла ў склад 30-й арміі Калінінскага фронту. У пачатку лютага 1942 г. злучэнні арміі пачалі наступленне з задачай дэблакіраваць 29-ю армію, якая трапіла ў нямецкае акружэнне. Часці 371-й дывізіі вялі баі на тэрыторыі Ржэўскага раёна. Такім чынам, начальнік 4-га аддзялення штаба 371-й дывізіі 25-гадовы старшы лейтэнант Крыварот М.Ц. удзельнічаў у фарміраванні злучэння, змагаўся з германскімі войскамі пад Масквой, а затым удзельнічаў у Ржэўскай бітве. Па апошняй выяўленай архіўнай інфармацыі ўраджэнец вёскі Дзмітравічы Крыварот Міхаіл Цітавіч загінуў 9 лютага 1942 г. Архіўная справа афіцэра на 20 лістах знаходзіцца ў Расійскім дзяржаўным ваенным архіве (Ф. 37976, воп. 10, спр. 504).

Дарэчы, яшчэ адзін сын Аўдоцці Міронаўны – 20-гадовы Іван, які з кастрычніка 1942 г. ваяваў у складзе партызанскіх атрадаў – 130-ага і 340-ога, 7 ліпеня 1944 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію і загінуў 23 сакавіка 1945 г. у баі каля польскага горада Гданьск. За асабістыя баявыя подзвігі ў партызанах прадстаўляўся да ордэна Чырвонай Зоркі і медаля «Партызану Айчыннай вайны». Будучы байцом-аўтаматчыкам 609-га стралковага палка 2-га Беларускага фронту, Іван Крыварот быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

Анатоль КРЫВАРОТ,
вядучы навуковы супрацоўнік
Інстытута гісторыі НАН Беларусі,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
Фота прадастаўлена аўтарам.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER