Маскоўскі азімут бярэзінскіх хлопцаў

Date 02.04.2024 Man
Comment 489
Маскоўскі азімут бярэзінскіх хлопцаў

Беларусь і Расія – не толькі суседнія і братнія дзяржавы, а штосьці большае, чаго нельга выказаць словамі, а можна толькі адчуць на прыкладзе лёсаў землякоў, якімі з поўным правам ганарацца і беларусы, і расіяне. Наш бярэзінскі край выпусціў у вялікі свет, у сталіцу вялікай дзяржавы Маскву адразу трох лепшых прадстаўнікоў аднаго сялянскага роду, адной сям’і. Тры імёны – і адно агульнае прозвішча, якое праславіла бацькоўскі род і нашу бярэзінскую старонку на ўвесь Савецкі Саюз.

Лясная вёсачка Баравіна Ігуменскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі (зараз вёска Баравіно Бярэзінскага раёна). Не вялікая і не маленькая: да рэвалюцыі паўсотні двароў і 310 жыхароў жылі працоўнымі мазалямі… Моцныя дрэвы з трывалымі каранямі цягнуцца да сонца сваімі маладымі галінамі, а сем’і – дзецьмі.

У сям’і сплаўшчыка лесу і хатняй гаспадыні Ляндрасаў было пяцёра дзяцей: 2 дачкі і 3 сыны з невялікай розніцай у нараджэнні – Зіновій (1901 года), Ілья (1905 года), Сямён (1907 года). Не князі – душой багатыры, з пытлівым розумам і цягай да ведаў, з жаданнем самасцвярджэння. Браты, быццам птушкі, адзін за адным пакінулі бацькоўскае гняздо – і наперад! Кожны з братоў узяў сваю планку вышыні, аднак азімут атрымаўся адзін і сышоўся менавіта ў Маскве, за 800 кіламетраў ад малой радзімы.

Старэйшы з братоў Зіновій Аляксандравіч Ляндрас перш-наперш закончыў Бабруйскую савецкую працоўную школу (1920 г.). Да выбару прафесіі падышоў грунтоўна. У 20-ыя гады тэхніка рашуча ўваходзіла ў савецкі быт і вытворчасць. Лямпачка Ільіча – прамень свету ў цёмным царстве, электрастанцыі – галоўная энергетычная база тэхнічнага прагрэсу вялікай краіны. Кемлівы хлапчук выбраў электрапрамысловы факультэт Маскоўскага інстытута народнай гаспадаркі імя Пляханава (1921-1927 гг. навучання).

Дыплом па спецыяльнасці “Гарадскія цеплавыя электрастанцыі з выкарыстаннем цяпла ў вытворчасці” стаў пропускам у нафтавую прамысловасць на інжынерную пасаду, дазволіў надзейна прапісацца ў гарадскім асяродку, не згубіцца ў індустрыяльна шумнай Маскве. 26-гадовы беларус імкліва ўзнімаўся па кар’ернай лесвіцы: інжынер – электрамеханік – галоўны інжынер – намеснік (начальнік) Упраўлення Маскоўскай нафтабазавай гаспадаркі. А па сумяшчальніцтве яшчэ і выкладчык у Маскоўскім нафтавым інстытуце. Розум віраваў ідэямі: 30-гадовы інжынер праектнага трэста здолеў сказаць сваё слова вынаходніка ў галіне турбінабудаўніцтва і бурэння скважын. Адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1942 г.). Пражыў 86 гадоў.

У лёсе сярэдняга брата Ільі Аляксандравіча Ляндраса чытаецца біяграфія краіны і яе сталіцы - горада Масква. Удзельнік грамадзянскай вайны. Ардэнаносны палкоўнік міліцыі. Начальнік аддзела Маскоўскага крымінальнага вышуку. Чалавек – крэмень. Яго не паласнуў нож крымінальніка, а вось лязо рэпрэсій 30-ых прайшлося па лёсе. Прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі. Але як травінка, прыбітая ветрам і дажджом выпрамляецца, так і 30-гадовы мужчына здолеў прабіцца скрозь граніт абставін. Унутраная душэўная браня дапамагла выстаяць, каб і надалей прыносіць карысць людзям і любімай сталіцы… У 1935 годзе толькі-толькі было запушчана ўнікальнае Маскоўскае метро (эскалатары, мармуровая аддзелка і скульптуры, вестыбюлі і платформы ва ўсёй прыгажосці, 9 млн. пасажыраў штодзень). Востра паўстала неабходнасць забеспячэння захавання абсталявання і належнага грамадскага парадку, стварэння міліцэйскіх пастоў на кожнай станцыі метро. І.А.Ляндрас становіцца першым камандзірам асобнага дывізіёна па ахове Маскоўскага метрапалітэна.

Ён распрацаваў спецыяльную інструкцыю міліцыянера па ахове метро, праводзіў строгі адбор: адукаванасць, рост, статнасць, страявая падрыхтоўка. Хромавыя боты, белыя пальчаткі. Апрануты ў такое абмундзіраванне статны міліцыянер выглядаў святочна і адпавядаў унутранаму ўбранству метро. А наш зямляк адпавядаў вобліку савецкага інтэлігента.

Малодшы з братоў Сямён Аляксандравіч Ляндрас – энцыклапедычна адукаваны чалавек. Юнак вялікіх разумовых здольнасцей лёгка, без зубрэння закончыў прамысловую акадэмію. У 23 гады быў прызначаны памочнікам наркама цяжкай прамысловасці СССР С.Арджанікідзе (1930-1941г.). Вайна «закружыла» ў грознай віхуры, густа «навесіла» ўзнагарод. Упаўнаважаны Дзяржкамітэта абароны на I Украінскім і I Беларускім франтах займаўся ўкамплектаваннем партызанскіх атрадаў партатыўнымі паходнымі друкарнямі ўласнай канструкцыі. Пасля вайны былі запатрабаваныя тэхнічна адукаваныя людзі ў ведавецкай справе. У выніку знаёмства з галоўным рэдактарам усесаюзнай газеты “Известия”, Ляндрас прызначаны яго намеснікам. Заснаваў аб’яднанне навукова-тэхнічных выдавецтваў “За индустрию”, “За технику”, “Техническая пропаганда” і аб’яднанне кніжна-часопісных выдавецтваў.

Справы выдавецкія ішлі паспяхова, ды злы вецер уварваўся ў лёс земляка. Рэпрэсіраваны ў 1952 годзе і занесены ў спіс ворагаў народа. Асуджаны на 8 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў. Праз 2 гады (замест 8) пасля смерці Сталіна і зняцця абвінавачвання (красавік 1954) вызваліўся цяжка хворы з пашкоджанным пазваночнікам і часткова паралізаваны (адняліся ногі і рука). У 47 гадоў ператварыўся ў старога, важыў 50 кг. З выпаленай душой, са слядамі надломленасці фізічнай, але не душэўнай, знайшоў сілы пачаць усё з нуля, узляцець з падбітым крылом над уласным лёсам. Зачыніліся адны дзверы – адчыніліся другія! С.А.Ляндрас займаецца выдавецкай справай на пасадзе дырэктара Дзяржлітвыдавецтва. Член камісіі па літаратурнай спадчыне М. Булгакава спрыяе пасмяротнаму выданню рамана “Мастер и Маргарита”, складальнік разам з удавой письменніка “Успамінаў пра Булгакава”. Адчуваючы, што мала засталося, працаваў без права перадышкі: старшыня клуба кнігалюбаў пры Цэнтральным доме літаратараў, кансультант Саюза пісьменнікаў СССР. Заслужыў “Знак Пашаны” да свайго 60-годдзя (1967), а праз год дайшоў да фінальнай жыццёвай мяжы. Быў нядоўгім у лёсе – падкасіла каса рэпрэсій.

Аднак Сямён Ляндрас пакінуў пасля сябе годнага прадаўжальніка роду. Яго сын Юліян стаў знакамітым пісьменнікам з сусветным іменем, аўтарам многіх раманаў, па якіх былі зняты захапляльныя фільмы. Аднак вядомы ён пад сваім літаратурным псеўданімам. Пра гэтага чалавека і яго тайну мы раскажам у адным з наступных нумароў нашай газеты.

Вось толькі невялічкі прыклад таго, як узбагацілася Масква трыма нашымі слыннымі землякамі. А колькі яшчэ было бярэзінцаў, лёс якіх быў непарыўна звязаны з лёсам Расіі, колькі карысці прынеслі яны нашаму тагачаснаму агульнаму дому. Што ні гаварыце, а непадзельная гісторыя нашых дзвюх дзяржаў, моцна перапляліся іх лёсы. І кожны з іх непаўторны, са сваёй гісторыяй і адмецінай.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу і сацыя-
культурнай дзейнасці ДУК“Бярэзінская
цэнтральная раённая бібліятэка”.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER