– Я лічу, што гэтыя рысы разам з высокімі вытворчымі паказчыкамі, якіх наша арганізацыя дасягнула летась, і сталі асновай таго, што калектыў ДРБУ-192 прызаны ў раёне лепшай арганізацыяй у будаўнічай сферы па выніках 2023 года і занесены на раённую Дошку гонару, - гаворыць кіраўнік дарожнікаў Аляксей Кніга. - Для нас такая ацэнка вельмі ганаровая і нацэльвае на новыя поспехі і не менш плённую працу. А падстаў для таго, каб сёлетні год склаўся для нас паспяхова і ўдала, шмат.
На сёння спецыялісты ДРБУ-192 у большай ступені заняты тым, што прыводзяць усе замацаваныя за імі дарогі да патрабаванняў эксплуатацыі іх у летні перыяд. Гэта прафіляванне гравійных участкаў дарог, уборка смецця ў прыдарожнай паласе, афарбоўка і замена дарожных знакаў, стоек, прыпыначных пунктаў, мастоў, пуцеправодаў, замена знакаў. Названымі работамі заняты члены дзвюх брыгад догляду. Нямала часу адбірае ў іх уборка смецця (на дарозе, у прыдарожнай паласе, а таксама ў полі і лясным масіве), на што выдзелены пастаянна дзеючы трактар і рабочыя, якія яго абслугоўваюць. А іх жа можна было выкарыстаць і на больш патрэбныя і карысныя справы, не марнаваць час. На жаль, культура нашых землякоў застаецца не на высокім узроўні. Тычыцца такая заўвага ў роўнай ступені як сельскіх жыхароў, так і гараджан.
Усе дарогі, замацаваныя за арганізацыяй (а іх працягласць складае 594 кіламетры), абслугоўваюць тры майстарскія ўчасткі, якімі кіруюць старшы майстар Ігар Хадаронак, майстры Максім Хахол і Васіль Дзюк. Менавіта іх падраздзяленні і заняты доглядам і ўтрыманнем шляхоў зносін. Бо менавіта стварэнне ўмоў для бяспечнага руху на сетцы мясцовых дарог, па словах Аляксея Кнігі, якраз і з’яўляецца асноўным відам дзейнасці арганізацыі.
Безумоўна, займаюцца дарожнікі і больш маштабнымі і аб’ёмнымі відамі работ. Большую частку з іх яны вядуць і зараз. Гэта ямачны рамонт праезнай часткі, падсыпка, грэйдзіраванне, падрыхтоўка вуліц да асфальтавання і закатка іх асфальта-бетонам. Такія віды работ – клопат яшчэ аднаго ўчастка, будаўнічага, якім кіруюць Аляксандр Слабко і Уладзіслаў Мацыяка. Клопатаў хапае і ім. Пакуль што да ўкладкі асфальту дарожнікі не прыступалі. Тым не менш, на іх рахунку ўжо вялікі спіс карысных спраў, якія яны паспелі ажыццявіць, лічы, за адзін сакавік, з пачаткам сезона работ. Так, толькі ў аграгарадку Паплавы дарожнікі адсыпалі больш за 14 тысяч квадратных метраў вуліц (прычым, гэта без уліку трох вуліц – Міра, Маладзёжнай і Кастрычніцкай, якія не толькі былі падсыпаны, але ўжо падрыхтаваны да ўкладкі асфальту, што неўзабаве будзе зроблена). Адсыпка дарог і вуліц вялася і ў шэрагу сельскіх населеных пунктаў, а таксама і ў горадзе Беразіно. Актыўна вёўся і ямачны рамонт дарог (найбольш істотным ён быў на дарогах у напрамку Месціна і Высокай Гары).
Але ж дарожнікі пакуль што толькі на пачатку сезона правядзення асноўных аб’ёмных работ. Якія ж дарогі будуць сёлета заасфальтаваны?
– Пакуль што задача стаіць выканаць работы па пацверджаных аб’ектах, - дадае Аляксей Уладзіміравіч. - Назаву іх. Гэта з’езд на вёску Паложына з барысаўскай трасы, участак дарогі Навасады-Чэрнеўка-Дзмітравічы ад мяжы з Барысаўскім раёнам і да завяршэння в. Арэшкавічы, таксама ўчастак дарогі ад пачатку в. Дзмітравічы да перакрыжывання з дарогай Р-62. Пацверджана таксама злучэнне гравійнага ўчастка ў асфальтаванне на дарозе Марціянаўка-Котава-Восава - там заставалася 2,5 км гравійкі, а гэта важная артэрыя. Першым у чарзе пасля гэтых аб’ектаў з’яўляецца ўчастак аўтадарогі Беразіно-Жукавец ад Жорнаўкі да канца вёскі Прыбрэжнае. Там адзін участак гравійны, а па вёсцы Прыбрэжнае трэба замяніць асфальт.
Вось такія першачарговыя задачы па асфальтаванні замацаваных дарог стаяць перад ДРБУ-192. Акрамя таго, ёсць раённы план рамонту вулічнай і дарожнай сетак, які друкаваўся ў газеце, у тым ліку гэта вуліца Новабазарная, па Дзмітравічах - пачатак вуліцы Цэнтральнай, закальцоўка каля вуліцы Кірава. У цэлым сёлетнія планы намнога больш істотныя, чым былі летась. Дзякуючы намаганням старшыні райвыканкама Андрэя Сакалоўскага, на дарожныя работы істотна павялічана і сума выдзяляемых сродкаў.
Яшчэ адно невялікае ўдакладненне. Двойчы на год, вясной і ўвосень, спецыяльнай камісіяй праводзіцца агляд дарог. Чарговы з іх адбудзецца ў маі. Пасля такіх аглядаў складаецца пералік аварыйных участкаў дарог, уносяцца змяненні ў пералік бягучых рамонтаў, у тым ліку і мастоў (сёлета, дарэчы, бу-дзе рамонт моста ў Жорнаўцы). Так што і гэты аспект можа паўплываць на аб’ёмы работы дарожнікаў і да названых вышэй аб’ектаў могуць быць дададзены і некаторыя іншыя. Але, зразумела, гаварыць аб паўсямесным асфальтаванні дарог не даводзіцца, бо гэта нерэальна. У кожнага аб’екта свая чарга, ды і няма патрэбы ператвараць у шашу малазапатрабаваныя асобныя дарогі або вуліцы.
- На сёння вялікія грошы ўкладзены ў падрыхтоўчыя работы па асфальтаванні, - расказвае далей Аляксей Кніга. – Праведзены рамонт асфальтаўкладчыка, да работы гатоў і наш асфальтабетонны завод, што знаходзіцца непадалёк ад вёскі Асмолаўка. Так што ўжо на гэтым тыдні, спадзяюся, будуць пакладзе-ны першыя тоны асфальту гэтага года. Да гэтага мы ўсю зіму нарыхтоўвалі матэрыялы, каб не стаяць без спраў у час сезона. Для выпуску асфальтабетону прывезлі гранітны шчэбень, які заменіць гравійны, што выкарыстоўваўся раней, бо трываласць гранітнага значна вышэй. Нарыхтоўвалі таксама гранітны адсеў, пясок. Так што матэрыялам для завода мы забяспечаны поўнасцю.
Што тычыцца якасці асфальтабетонных сумесей, выпускаемых на нашым прадпрыемстве, то за ёй устаноўлены пільны кантроль. У нас ёсць свая сертыфікаваная лабараторыя, узоры прадукцыі мы рэгулярна возім у незалежныя лабараторыі на выпрабаванне. Увесь наш асфальт поўнасцю адпавядае ўсім нормам якасці і зацверджаным стандартам, як і матэрыялы, што выкарыстоўваюцца для яго выпуску.
Добрым залогам высокай якасці не толькі выпускаемых асфальтабетонных сумесей, а і выконваемых работ, з’яўляецца таксама ўменне і майстэрства саміх работнікаў ДРБУ. Калектыў тут склаўся працавіты, кожны з працаўнікоў, як кажуць, знаходзіцца на сваім месцы, аддаў дарозе шмат гадоў, а таму мае вопыт работы ў любых умовах. Так што смела можна сцвярджаць, што дарожнікі сёлета зробяць нямала для ўдасканалення дарог Бярэзіншчыны, а сваёй якаснай работай істотна павысяць узровень нашага жыцця.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.