І напой з аксамітак

Date 29.12.2024 Man
Comment 142
І напой з аксамітак

За тыя 18 гадоў, што працуе Таццяна Цюхай у сельскай гаспадарцы, шмат чаго памянялася ў роднай гаспадарцы. Некалі гэта быў саўгас «Бярэзінскі», пасля аб’яднання ён увайшоў у састаў ААТ «Пагосцкі». Розныя перыяды пад’ёмаў і спадаў былі і ў так званым “тысячніку” – ферме «Косаўка». Ды і сама жанчына выконвала там даволі розныя функцыі – з’яўлялася даглядчыцай бычкоў, маленькіх цялятак, цялушак. А зараз, вось ужо восьмы год, як стала тут жа асемянатарам.

– Родная гаспадарка, – расказвае яна, – для мяне гэта маё жыццё. Тут я нібы рыба ў вадзе, дастань яе адтуль, яна і загіне. Так і я. Не было ніводнага дня, калі б я не выйшла на работу. У водпуску не бываю. Нават калі крыху захварэю, адпраўляюся на ферму, дзе нібы падпітваюся нейкай энергіяй. З дзяцінства марыла займацца жывёлагадоўляй, нават паступіла вучыцца на заатэхніка. Але выйшла замуж, з’явіліся дзеткі, у мяне іх двое, стала не да вучобы. Калі даведалася, што гаспадарцы патрэбны асемянатар, пайшла да Мікалая Грынкевіча, які тады кіраваў калектывам, і папрасілася накіраваць мяне на вучобу. З таго часу прайшло восем гадоў. І ні дня не пашкадавала, што стала такім спецыялістам.

У перыяд догляду цялушак пры неабходнасці самой даводзіцца лячыць рагулю, рабіць ёй уколы ў адпаведнасці з рэкамендацыямі, якія дае ветэрынарны ўрач. А ён у гаспадарцы хоць і чалавек пабочны, ды вельмі граматны і ніколі не памыляецца ў дыягностыцы.

Таццяна Аляксееўна задаволена не толькі самой работай, а і тым дружным калектывам, у якім яна знаходзіцца. Тут заўсёды прыйдуць на дапамогу, адгукнуцца на любую іншую просьбу, дадуць слушную параду або кансультацыю, што стварае свой асаблівы мікраклімат. З удзячнасцю называе жанчына прозвішчы Стрытовіч і Молчан, якія дапамагалі ёй асвоіць няпростую прафесію. Ды і Віталь Чорны, які сёння працуе на Лешніцкім комплексе, таксама не хавае сваіх сакрэтаў, шчыра дзеліцца ведамі і вопытам.

Дарэчы, муж Таццяны Аляксееўны Леанід Букаты таксама жывёлавод: на гэтым жа комплексе працуе начным вартаўніком. Толькі такая акалічнасць ні ў якім разе не адбіваецца на іх узаемаадносінах і вядзенні гаспадаркі. А яна ў іх па сённяшніх мерках немалая: каля гектара зямлі і трое (хаця, прабачце, засталося ўжо двое) парсюкоў. Не пустуюць і градкі каля дома. На іх, акрамя садавіны ды гародніны, шмат кветак – руж, ірысаў, вяргінь, аксамітак (бархатцев). З апошніх гаспадыня нават навучылася рабіць кампоты. Суседзі спачатку смяяліся, а калі рассмакавалі такі напой, то і самі перанялі вопыт, бо кветкі тыя і на вітаміны багатыя, і ціск зніжаюць.

На маё пытанне, чым запомніўся адыходзячы год, Таццяна Цюхай адказала: вяртаннем на пасаду кіраўніка ААТ “Пагосцкі” Сяргея Лобача. Некалі ён ужо ўзначальваў “Бярэзінскі”, і тады ў гаспадаркі адзначыўся рост паказчыкаў. Жанчына спадзяецца, што і будучы год, праведзены разам з ім, таксама акажацца плённым, паспяховым і багатым на дасягненні. А ўсім бярэзінцам яна жадае моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і сямейнага ладу.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Рубрики: