Такім дырыжорам у ААТ «Першамайскі» вось ужо колькі часу з’яўляецца Наталля Гамеза. Выдатна ведае вытворчасць, тэхніку, людзей, патрэбу ў выкананні той ці іншай работы, арганізоўвае зладжаны рытм усёй вытворчасці. Аднак гэта не адзіная місія, якую выконвае жанчына ў гаспадарцы. Не менш уважліва і карпатліва яна выконвае абавязкі бухгалтара, за ёй замацавана ўся раслінаводчая галіна. І тут у яе, як кажуць спецыялісты, таксама ўсё ў ажуры. Ну і для паўнаты малюнка дададзім, што Наталля Яўгенаўна на летні перыяд нарыхтоўкі кармоў і жніва становіцца яшчэ вагаўшчыцай і кантралюе аб’ёмы паступаючых з палеткаў грузаў. Вось такі спецыяліст шырокага профілю – заўсёды запатрабаваны і адказны. Нават даешся дзіву, адкуль толькі бярэцца энергія ў гэтага чалавека, каб спалучаць у сабе аж тры пасады і на кожным участку спраўляцца з ускладзенымі абавязкамі.
А сакрэт тут просты. Заключаецца ён у любві да сваёй справы, якой прысвечана ўсё жыццё, багаты практычны багаж ведаў, уменне шчыра працаваць з людзьмі.
– Я з даўніх часоў укараніла для сябе такую завядзёнку: вяду сшытачак па ўрочышчах гаспадаркі, дзе адлюстравана, якая дзе культура пасеяна, на якой плошчы, якія там былі папярэднікі, што на гэтым палетку лепш вырошчваць у гэтым сезоне, колькі і якога ўгнаення трэба ўнесці для добрага росту. Пад маім кантролем азімая і яравая сяўба, ворыва зябліва. Неабходную інфармацыю пастаянна перадаю ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, вяду пуцявыя лісты і сачу, каб усё сыходзілася. У летні перыяд нарыхтоўкі кармоў узважваю тэхніку і дастаўлены груз, дакладна ведаю па кожнай траншэі, дзе, у якой, колькі і якога сенажу закладзена.
Як бачыце, аб’ёмам інфармацыі жанчыне даводзіцца карыстацца вялікім. І яна пры неабходнасці з лёгкасцю можа назваць патрэбную лічбу калі не па памяці, то зазірнуўшы ў свае «кандуіды»: парадак там адмыловы і ў ім нічога не губляецца.
За час работы ў сельскай гаспадарцы, а яе адлік пачаты яшчэ ў 1981 годзе ў тагачасным саўгасе “Баравіно” пасля заканчэння Навапольскага тэхнікума, дзе атрымала прафесію бухгалтара, Бярэзіншчына для Наталлі Гамеза стала другой радзімай, якую яна шчыра палюбіла і спаўна аддае тут свае талент, уменні і вопыт. І зараз, ужо будучы на заслужаным адпачынку, яна адназначна сцвярджае, што сядзець дома без справы – не ў яе планах, бо трэба ж дачакацца, калі з восені пасеяная збажына аддзячыць вяскоўцаў за іх працу поўным коласам, нарыхтаваць і закласці кармы, арганізавана правесці жніво. Дзе там уседзець, калі наперадзе столькі спраў!
Гады для чалавека з’яўляюцца меркай яго ўзросту, але ніяк не адлюстраваннем стану яго душы. Маладыя душы не старэюць ніколі, колькі б гадоў ні было пражыта. Наталля Гамеза добра ведае пра гэта і пераканалася на ўласным жыцці.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.