Да штыка прыраўнялі пяро

Date 03.05.2024 Man
Comment 246
Да штыка прыраўнялі пяро

Тэму гэтай публікацыі падказала набліжэнне нашага прафесійнага свята – Дня друку і маючае адбыцца 3 ліпеня слаўнае 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І падалося вельмі сімвалічным, што абедзве гэтыя даты вельмі сугучныя адна адной. Бо і журналісты нашай газеты, і сама раёнка, якая тады называлася “Сцяг Леніна”, таксама набліжалі вялікі дзень Перамогі і вызвалення нашай зямлі.

Створая яшчэ за 10 гадоў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, газета заўсёды была памочніцай, дарадцай і ідэйным натхняльнікам жыхароў Бярэзіншчыны на слаўныя справы, подзвігі і перамогі. Як аказалася потым, не толькі працоўныя, а і са зброяй у руках.

Па меры таго, як фронт усё далей адсоўваўся на Усход, нашы землякі ў меншай ступені мелі магчымасць даведацца аб рэальным становішчы бітваў. І тут насуперак фашысцкай прапагандзе і ілжывай інфармацыі, што распаўсюджвала гебельсаўская прапаганда ў газеце «Наша слова», якую выдавалі акупацыйныя ўлады ў нашым раёне, аб тым, што Масква ўжо ўзята і сам Сталін трапіў у палон, да жыхароў Бярэзіншчыны пачынаюць паступаць лістоўкі са зводкамі Саўінфармбюро, у якіх адлюстроўваецца рэальная карціна падзей на франтах. А неўзабаве, у лютым 1942 года, у 208-м партызанскім атрадзе выходзіць першы на Беларусі рукапісны часопіс «Народный мститель». У гэтым жа годзе падобныя выданні пачалі выходзіць у 62-м, 120-м, 345-м партызанскіх атрадах. Так доўжылася да лістапада, калі напярэдадні 25-й гадавіны Вялікага Кастірычніка па рашэнні падпольнага райкама партыі выйшаў першы нумар рукапіснай раённай газеты «Чырвоны партызан». Рэдкалегію выдання ўзначаліў даваенны рэдактар Іван Лескавец. Усяго было выпушчана пяць нумароў, а затым газеце была вернута даваенная назва «Сцяг Леніна».

Праз які час яна пачала выдавацца друкарскім спосабам. Адбылося гэта дзякуючы таму, што па ўказанні ЦК КПБ для партызанскіх атрадаў рэспублікі было створана 300 партатыўных друкарскіх машын. Іх канструктарам стаў механік выдавецтва «Палесдрук» Ф. Пільціенка. Такая партатыўная машынка важыла з наборам шрыфтоў усяго 10-12 кілаграмаў. Вытворчасць іх была наладжана на прадпрыемствах Масквы, і ўжо да чэрвеня 1943 года ў Беларусь было адпраўлена першых 150 такіх агрэгатаў.

Выходзіла газета двойчы ў месяц тыражом 150 экземпляраў. Да таго часу ў раёне быў створаны новы партызанскі атрад №120 – атрад асаблівага прызначэння. Пры ім знаходзіўся падпольны райкам партыі і рэдакцыя газеты «Сцяг Леніна».

Складанасці выпуска газеты абумаўлівался не толькі знаходжаннем пад акупацыяй, вядзеннем баявых дзеянняў і рэгулярна праводзімымі карнымі аперацыямі супраць партызан. Не хапала да таго ж паперы, друкарскай фарбы, клішэ. Але і тут народныя мсціўцы праяўлялі свае спрыт і кемлівасць, часам здабывалі неабходнае ў фашыстаў з баямі. І газета несла праўду, клікала на змаганне, усяляла веру ў хуткую перамогу.

Іван Лескавец

 

Вельмі не падабалася акупантам газета і работа журналістаў-падпольшчыкаў. Рэдактар Іван Лескавец трапляе ў спіс самых галоўных ворагаў фашыстаў і за яго галаву ўстанаўліваюць істотную ўзнагароду. Усяго за час вайны газета «Сцяг Леніна» пабачыла свет 25 разоў, яна выдавалася з лістапада 1942 па 22 чэрвеня 1944 года. Рэдактармі яе з’яўляліся акрамя ўзгаданага Івана Лескаўца Антон Яблонскі, Уладзімір Піскун (загінуў 23 лістапада 1943 года пры выкананні задання), Макар Бурдыка (ён жа  і першы пасляваенны рэдактар).

Малавядомы факт. Газета выдавалася пераважна на беларускай мове. Але ёсць некалькі яе нумароў на рускай мове. Прызначаліся яны для засылкі да салдат такзванай «рускай народнай арміі», а таксама для грамадзян, якія былі ўцягнуты ў «атрады самаабароны».

У выданні падпольной газеты прымалі ўдзел не толькі члены рэдкалегіі. Прыцягваліся да гэтай справы і іншыя творчыя асобы. Гэта былі байцы-партызаны, якія са зброяй у руках выконвалі баявыя заданні і непасрэдна з месцаў падзей прыносілі матэрыялы. Адным з такіх аўтараў быў і баец 120-га атрада Міхась Сакаў. Ураджэнец вёскі Брадзец, студэнт Мінскага педагаічнага вучыішча  імя Н.К. Крупскай, ён быў вымушаны перарваць сваю вучобу і, не меўшы магчымасці быць прызваным у Чырвоную Армію, вярнуўшыся дамоў, уліўся ў рады народных мсціўцаў. Рэгулярна выконваў заданні, хадзіў ў далёкія рэйды на падрыў чыгункі, тройчы разам з атрадам удзельчаў у прарыве блакад, ледзь застаўся жывым пасля катаванняў фашыстамі.

 

Міхась Сакаў

 

Галоўнай сваёй узнагародай (а іх у ветэрана было нямала) лічыў медаль «За адвагу». Яго матэрыялы аб партызанскай барацьбе, а таксама вершы (часта сатырычныя) заўсёды знаходзілі свайго чытача і прыходзілся даспадобы. І затым, у мірным жыцці, Міхаіл Пятровіч доўга яшчэ (з 1944 па 1977 год) нёс слова праўды і сумлення бярэзінскаму чытачу, з’яўляўся адным з любімых яго аўтараў.

Дарэчы, Міхась Сакаў з’яўляўся не адзіным работнікам газеты «Сцяг Леніна», які прайшоў дарогамі вайны. Амаль дзесяць гадоў узначальваў яе калектыў ардэнаносец (меў ордэн Айчыннай вайны і шэраг медалёў) Мікалай Глазко. Ужо толькі адзін той факт, што нарадзіўся ён на Бягомльшчыне – славутым партызанскім краі Віцебшчыны – гаворыць сам за сябе. Прайшоў жа Мікалай Фёдаравіч з баямі Заходні, Калінінскі, Прыбалтыйскі і Ленінградскі франты.

 

Мікалай Глазко

 

Заўсёды паважна ставіліся да сваёй калегі Тамары Давідовіч. І не толькі за яе творчыя здольнасці і шэраг баявых медалёў. Унікальнасць гэтай жанчыны была ў тым, што ўсю вайну Тамара Іларыёнаўна правяла за рулём аўтамабіля ў якасці вадзіцеля! Колькі людзей, колькі грузаў даставіла яна на фронт, колькі разоў трапляла пад бамбёжкі і абстрэлы – лёс варты не адной кнігі.

Сёлета, калі Беларусь будзе адзначаць 80-годдзе вызвалення ад фашысцкага ярма, вельмі хацелася б, каб сярод узгаданых прозвішчаў герояў той Вялікай вайны прагучалі і названыя мною імёны бярэзінскіх журналістаў. Яны таго вартыя.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER