«22 июня ровно в четыре часа…»

Date 21.06.2024 Man
Comment 401
«22 июня ровно в четыре часа…»

Чытаючы гэтыя радкі, зірніце на гадзіннік: колькі ўжо? А зараз падлічыце, колькі часу ў далёкім 1941 ужо ішла вайна.

Як бы ні дыхала паветра прадчуваннем вайны, прыходзіць яна заўсёды знянацку, насуперак усім нашым марам і жаданням, якія кожны носіць у сабе: а можа, не ўсё так страшна і абыдзецца без кровапраліццяў і вялікіх неапраўданых ахвяр… У 41-м не абышлося. Вар’яцтва, амбіцыі, дэманстрацыя сілы, жаданне панаваць Гітлеру і яго ашалелай камандзе не далі нам шанцу на мірнае жыццё і стваральную працу.

Ахвяры… Колькі іх было панесена за гады Вялікай Айчыннай вайны, памяць пра іх мы захоўваем у сваіх сэрцах, як пякучы боль і як незажыўную рану. Бо колькі б часу, колькі б гадоў ні прайшло з той пары, забітыя, закатаваныя, прапаўшыя без звестак, памерлыя ад голаду і нястач вялікай шматмільённай арміяй ахвяры заўсёды будуць прысутнічаць у нашай свядомасці, будуць важкай прычынай сабрацца каля жалобных помнікаў і магіл герояў і мірных жыхароў і яшчэ раз узгадаць, якой цаной нам дасталася Перамога.

Больш васьмідзесяці гадоў прайшло з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу мы не можам дакладна назваць колькасць панесенага ўрону за гады ліхалецця, за гады ўчыненага на тэрыторыі Беларусі генацыду нашага народа. І сёння працягваецца работа па ўстанаўленні ўсё новых і новых фактаў фашысцкіх злачынстваў, выяўляюцца невядомыя раней захаванні і брацкія магілы, колькасць ахвяр павялічваецца і расце. Ахвяр, якіх магло і не быць.

Пра тое, чым завяршыліся амбіцыйныя планы захопнікаў, мы добра ведаем. Агрэсар атрымаў па заслугах і быў разбіты ў сваім логаве, у чарговы раз атрымаўшы добры ўрок таго, ці варта з намі гуляць у вайну і замахвацца на нашу незалежнасць. Толькі вось урок гэты за даўнасцю гадоў пачаў сцірацца з памяці асобных ваяўніча настроеных заходніх лідараў і іх заакіянскіх верхаводаў. У паветры ізноў ствараецца напружанасць, побач з межамі нашай дзяржавы чуваць бразганне зброі. Чаго вартыя гэтыя патугі і на што накіраваны яны, зразумець зусім няцяжка. Развязаць рукі, а затым і пагрэць іх на полымі вайны жадаючых шмат.

Так, народ Беларусі – міралюбівы. Але ён і свабодалюбівы. Адстаяць свой суверэнітэт мы зможам і нам ёсць чым зрабіць гэта. А яшчэ ў нас ёсць нягаснучая памяць пра панесеныя ў час апошняй вайны ахвяры. Іх ліміт мы перабралі з лішкам на многія стагоддзі наперад.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова паўтараў, што нам чужога не патрэбна, але і сваё мы ніколі не аддадзім. Добра запомніліся і ўрэзаліся ў памяць словы нашага Прэзідэнта, што лепш «ваяваць» на зерневых палях, будаваць дамы, школы, чым ваяваць у акопах.

Многія хочуць перапісаць гісторыю. Забыць пра подзвігі нашых дзядоў і прадзедаў у той страшнай вайне. Таму сёння так важна патрыятычнае выхаванне моладзі. Мы, маладыя, павінны памятаць, якой цаной дасталася нам Перамога. Памятаць і ні ў якім разе не дапусціць таго, што здарылася «22 июня ровно в четыре часа»…

Сёння, адыходзячы да сну, на хвілінку задумайцеся аб тым, што пасярод ночы, у чатыры гадзіны раніцы ўжо мінулай ноччу, шмат дзесяцігоддзяў назад закончылася прывычнае мірнае жыццё і пачалася вайна. Для нас наступны ранак, ранак праз дзень, месяц, год… будзе такім жа мірным і стваральным, як і завершаны дзень. Мы будзем спакойна спаць, радавацца мірнаму жыццю. Цаніце мір як самую найвялікшую каштоўнасць свайго жыцця і гарантыю шчаслівай будучыні.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота  адкрытых крыніц.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Правый крен День, который нельзя забыть »