Бярэзінскі раён: ступені стварэння

Date 17.07.2024 Man
Comment 636
Бярэзінскі раён: ступені стварэння

У выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе на тэрыторыі Беларусі была ўстаноўлена Савецкая ўлада. Яна прынесла з сабой не толькі новыя структуры кіравання, а і новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўпарадкаванне. Нагадаем, што да рэвалюцыі тэрыторыя падзялялася на губерні, паветы і воласці. І на той час цяперашняя Бярэзіншчына ўваходзіла ў склад Мінскай губерні. Прычым, Бярэзінская і Дзмітравіцкая воласці адносіліся да Барысаўскага павета, а Брадзецкая, Белічанская, Пагосцкая і Якшыцкая – да Ігуменскага.

У снежні 1917 года арганізацыя Савецкай улады ў Ігумені i павеце была завершана. На Ігуменшчыне барацьбу за Савецкую ўладу ўзначальвалi Б.С. Гарбачоў i В.П. Сяцько. У перыяд устанаўлення Савецкай улады ў Беларусі органы дыктатуры пралетарыята – валасныя, павятовыя  і губернскія Саветы і рэўкомы (рэвалюцыйныя камітэты) першачаргова ствараліся ў рамках старога падзелу. Прыступіць да пераўтварэнняў перашкаджала вайна з інтэрвентамі. Так, на працягу лютага – снежня 1918 г. Бярэзіншчына была акупіравана нямецкімі войскамі, а са жніўня 1919 па 7 ліпеня 1920 г. – палякамі. Падчас вайны не раз мянялася і тэрыторыя самой Беларусі, частка якой была ў адпаведнасці з Брэсцкім мірным дагаворам занята немцамі.

І толькі 17 ліпеня 1924 года II сесія ЦВК БССР скасавала паветы і воласці і стварыла акругі і раёны. Менавіта гэты дзень і стаў датай стварэння ў межах Барысаўскай акругі Бярэзінскага раёна, які 20 жніўня быў падзелены на 15 сельскіх Саветаў. Канчаткова новы адміністацыйна-тэрытарыяльны падзед БССР ЦВК і СНК рэспублікі  зацвердзілі 2 студзеня 1925 года. Пастанова змяшчалаа пералік усіх акруг, раёнаў і сельсаветаў.

Наступным этапам для Бярэзіншчыны стала знаходжанне яе тэрыторыі з 9 чэрвеня 1927 года па 26 ліпеня 1930 года ў складзе Мінскай акругі. У гэты ж час, у сувязі са скасаваннем шэрагу раёнаў, 25 ліпеня 1931 года да Бярэзіншчыны былі далучаны Сялібскі і Якшыцкі сельсаветы ліквідаванага Свіслацкага раёна.

 

У кастрычніку 1929 года ЦВК і СНК Беларусскай ССР у спецыяльнай пастанове падрабязна акрэслілі сферу дзейнасці раённых выканкамаў і сельскіх Саветаў. Значная частка аператыўных функцый, якія выконвалі акружныя выканкамы, пераходзіла да райвыканкамаў. Задачы акружнога ваыкакама абмчяжоўваліся планаваннем, кантролем і інструктаваннем нізавых выканкамаў. Таму ў 1930 годзе было прынята рашэнне аб ліквідацыі акруг. І бльш за сто раёнаў рэспублікі кіравалася непасрэдна з цэнтра, што істотна ўскладніла работы урада і наркаматаў.

У 1938 годзе канчатковае заканадаўчае замацаванне атрымлівае трэцяе звяно мясцовых дзўяржаўных органаў – вобласці. І з 15 студзеня 1938 года Бярэзінскі райн увайшоў у склад Магілёўскай вобласці. У гэтым жа годзе 7 верасня Беразіно пераўтворана ў гарадскі пасёлак.

У састаў Мінскай вобласці, да якой мы адносімся і зараз, Бярэзінскі раён быў уключаны 20 верасня 1944 года, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Чарговым, дакладней апошнім, крокам на шляху карэкціроўкі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі стала стварэнне вытворча-прамысловых зон за кошт скарачэння асобных раёнаў. Так, 25 снежня 1962 года адбылося скасаванне Бярэзінскага раёна, яго тэрыторыя перададзена Чэрвеньскаму раёну. Аднак ужо праз даволі хуткі час Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 6 студзеня 1965 г. Бярэзінскі раён быў адноўлены ў сваіх былых межах. Дададзім, што падобнаму ўзбуйненню на той час падлягала 23 раёны нашай краіны.

З таго часу тэрыторыя, межы і знаходжанне ў складзе Мінскай вобласці для Бярэзінскага раёна засталіся нязменнымі. А вось унутраныя перамены адбыліся: напачатку 2000-х гадоў у раёне быў скасаваны шэраг сельскіх Саветаў і зараз іх засталося толькі шэсць – Бярэзінскі, Багушэвіцкі, Дзмітравіцкі, Капланецкі, Пагосцкі і Паплаўскі. Яшчэ раней быў скарочаны гарадскі Савет, функцыі якога былі перададзены раённаму выканаўчаму камітэту.

Як бачым, адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўпарадкаванне Беларусі адбывалася на працягу ўсяго яе існавання як асобнай і суверэннай дзяржавы і заўсёды карэкціравалася пад уплывам знешніх і ўнутраных фактараў і задач.

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER