Бярэзынь - мястэчка былой Мінскай губерні, Чэрвеньскага павета, Пагосцкай воласці, з 1924 года асяродак Бярэзінскага раёна Барысаўскай акругі.
Гэты раён самы паўднёвы ў акрузе, ляжыць абапал ракі Бярозы, займае 1854 кв. км і налічвае 47409 насельнікаў. Само мястэчка ляжыць на правым беразе ракі Бярозы, у 65 вёрстах ад Барысава і ў 110 вёрстах ад Мінска. Бліжэйшая станцыя чыгункі – Градзянка – ляжыць вёрст за 30 ад мястэчка. Пры гэтым цягнікі на Градзянскай ветцы ходзяць вельмі неакуратна, а каб праехаць з Градзянкі ў Мінск ці яшчэ куды, трэба мець перасадку ў Вяройцах. Зразумела, што насельнікі Бярэзаню едуць у Мінск і ў іншыя гарады пераважна цераз Барысаў або цераз Бабруйск, з якімі мястэчка звязана правільнымі параходнымі рэйсамі па Бярозе.
.jpg)
З Мінска цераз Смілавічы і Чэрвень ідзе на Бярэзынь і далей на ўсход на Магілёў стары шлях, які тут перасякае раку Бярозу.
Здаўна цераз раку тут была паромная пераправа. У 1916 годзе тут пабудавалі мост, але ў 1919 годзе, у час вайны з Польшчай, гэты мост спалілі і цяпер карыстаюцца часовым плывучым мастом, побач з якім будуюць новы сталы мост.
Мястэчка Бярэзынь цягнецца з поўдня на поўнач уздоўж ракі і складаецца з некалькіх прадоўжных вуліц, злучаных папярочнымі завулкамі. У паўночнай частцы мястэчка Бяроза мае нізкі правы бераг, і там пасярэдзіне ракі ляжыць досыць вялікі востраў.
У паўднёвай частцы Бярэзыню ляжыць былы маёнтак, які да рэвалюцыі належыў да графа Патоцкага. У гэтым маёнтку, побач з дворнымі будынкамі, уздымаецца комін даўнейшага бровару. Цяпер гэта паравы млын, які ўзімку, апрача таго, з’яўляецца электрычнай станцыяй і дае электрычнае святло для ўсяго мястэчка.
Побач з гэтай фабрыкай, над самым берагам Бярозы, над стромым абрывам уздымаецца досыць прыгожы белы двухпавярховы палац Патоцкіх, папсаваны абстрэлам у 1919-20 гадах, але адрамантаваны ў 1924 годзе. Цяпер там змяшчаецца дзіцячы гарадок для 150 дзяцей з Бярэзінскага і суседняга раёнаў. Пры дзіцячым гарадку ёсць ворная зямля, сенажаць, 4 каровы, свінні і г.д. Улетку частка дзяцей жыве ў лагеры на сенажаці, вярсты за 2 ад мястэчка. Пры гарадку ёсць шавецкая, кравецкая і сталярная майстэрні. Апошняя працуе вельмі энергічна і вырабляе для ўсіх школ Бярэзінскага раёна школьныя лавы. Каля палаца ў маленькім парку ёсць пляцоўка для заняткаў фізічным выхаваннем. Аднак вялікі былы панскі сад і ліпавыя прысады пры ім, што аддзяляюць маёнтак ад мястэчка, знаходзіцца ў карыстанні Бярэзінскай савецкай гаспадаркі і аддзелены ад дзіцячага гарадкаа высокім плотам.
.jpg)
Каля былога маёнтка пачынаюцца дзве найважнейшыя вуліцы мястэчка. На адной з іх – Чэрвеньскай (цяпер Кастрычніцкай) – пры самым уездзе ў Бярэзынь у прыгожым драўляным будынку з мезанінам знаходзіцца раённы выканаўчы камітэт. Трохі далей на поўнач па гэтай жа вуліцы стаіць паштова-тэлеграфнае аддзяленне з касай ашчаднасці пры ім, народны дом і галоўны з будынкаў сямігодкі, каля якога на дзядзінцы стаіць высокі добры ветрамер.
У Бярэзыньскай сямігодцы вучыцца 360 вучняў, з якіх 76 прыходзяць з дзіцячага гарадка. Апроч беларускай сямігодкі, у мястэчку ёсць польская і яўрэйская прымітыўкі.
Другая вуліца, раўналежная першай, ідзе бліжэй да ракі. На ёй знаходзяцца аптэка, царква з асобнай званіцай, вялікая каменная сінагога, разам з якой у адным будынку знайшлі сабе месца крамы і склады. Апроч таго, у адной з хат часова змяшчаецца касцёл, бо стары будынак касцёла, пабудаваны ў 1601 годзе Лявонам Сапегам, згарэў. У 1914 годзе ад яго засталіся толькі рэшткі мураваных слупоў, званіцы.
Сінагог у Бярэзыні тры. Апроч мураванай, ёсць яшчэ адна маленькая і адна вялікая драўляная, да якой не дайшоў пажар 1914 года, бо яна стаіць на адным з двух ручаёў, што перасякаюць мястэчка.
Наогул, усё мястэчка мае выгляд пустога і апушчанага, тады як да 1914 года яно спрачалася з Чэрвенем за першае месца сярод паселішчаў тагачаснага Чэрвеньскага павета.
У 1914 годзе выгарэла большая частка Бярэзыню. Гавораць, што ў час гэтага пажару цеплыня адчувалася за вярсту. У час польскай акупацыі 1920 года былі знішчаны яшчэ многія будынкі, і мястэчка апусцела. Цяпер паўсюдна раскіданы пусткі, і рэшткі зруйнаваных комінаў сведчаць аб былой велічыні Бярэзаню.
Патрохі насельнікі пачалі будаваць новыя дамы, але на месцы будынкаў гарадскога тыпу павырасталі толькі вясковыя хаткі. Толькі вольна-пажарнае таварыства замест былога драўлянага дэпо збудавала новы мураваны будынак. Апрача гэтага будынка, сінагогі і палаца, ёсць яшчэ каменная лазня. Усе іншыя будынкі – драўляныя. Па даных перапісу 1923 г. усіх жылых будынкаў у Бярэзыні 389.
Зрабіўшыся ў 1924 г. асяродкам вялікага раёна, Бярэзынь пачаў аджываць. Раённыя ўстановы прынаджваюць сюды многа народу па розных справах і гэта спрыяе развіццю местачковага гандлю. Тут ёсць раённая міліцыя, нарсуд, раённая бальніца ў прадмесці і г.д. У апошнія часы ў мястэчку зрабілі маленькі бульварчык, на якім тры разы ў тыдзень іграе аркестр вольна-пажарнай каманды.
.jpg)
Гісторыя Бярэзыня небагата здарэннямі. Калісьці ён належыў да Любашанскага староства. У 1708 г. цераз мястэчка перайшоў Карл XII, які, жадаючы абмінуць Барысаў, 16 і 1 ліпеня перавёў тут сваё войска цераз Бярозу.
У 1858 годзе ў Бярэзыні было 1086 насельнікаў, у 1897 – 4871, а ў 1909 - 4264. Перапіс 1916 г. паказаў тут толькі 2428 насельнікаў, у 1917 - іх засталося 2162, у 1919 - іх было 2582 і ў 1923 – 2263. Даныя камісіі па раёнаванні ў 1924 г. паказалі ў мястэчку 2191 насельніка.
Паводле даных 1923 г., 1954 душы жыло за кошт розных нясельскіх заняткаў, і сапраўды, сельскія заняткі тут іграюць вельмі малую ролю. У гэтым лёгка ўпэўніцца, напрыклад, з даных аб колькасці свойскай жывёлы ў мястэчку. У 1923 г. у Бярэзыні налічылі толькі 59 коней, 293 штукі быдла, 73 свінні і 8 авечак і коз. Нават меншыя суседнія мястэчкі маюць многа больш жывёлы (у Пухавічах, напрыклад, коней у 4 разы болей, быдла – ў 2 разы, авечак – у 18 разоў).
Насельнікі Бярэзыні займаюцца пераважна рамёствамі і гандлем. Тут лічыцца 13 прамысловых прадпрыемстваў з паўгадовым абаротам у 19356 р. Цяпер гэта толькі дробныя майстэрні, сярод якіх 4 цырульні, шавецкая і кравецкая майстэрні. Між тым, на пачатку ХХ стагоддзя тутэйшыя вялікія фабрыкі мелі гадавы абарот у 608000 р. Крам у мястэчку таксама многа менш, як раней. У 1900 годзе іх было 70 і гадавы абарот іх дасягаў 263000 р., у 1923/24 бюджэтным годзе засталося толькі 51 з абаротам у 79170 р. за першае паўгоддзе і 106896 р. за другое паўгоддзе…
Па Бярозе мястэчка бойка гандлюе з Бабруйскам і Барысавам. Адсюль вывозяць пераважна дрэва і смаляныя прадукты і адпраўляюць іх у прыстані Чорнага і часткай (цераз Бярэзінскі канал) Балтыйскага мора. Пяньку адпраўлялі ў Рыгу. Знізу сюды вадой прывозяць соль, збожжа. Усіх грузаў з прыстані адпраўлялі перад вайной больш за 5500000 пудоў, тады як прыбывала ў Бярэзынь болей за 70000 пудоў. У 1924 г. адсюль адпраўлена толькі 2000 пудоў, а тут выгружана 23000 пудоў (у тым ліку 22000 пудоў солі).
У ваколіцах Бярэзаню гоняць смалу і вырабляюць рагожу.
На левым беразе Бярозы супраць Бярэзыню ляжыць прадмесце Слабада, у якой калісьці была суконная фабрыка Патоцкага і жыў даўней панскі ляснічы. У 1924 годзе там была здароўніца для хворых на сухоты. Каля берага там калісьці капалі вапну.
На жаль, фотаздымкі тагачаснага Беразіно адшукаць нам не ўдалося. Таму ў якасці ілюстрацыі да матэрыялу і адлюстравання нашага мястэчка і яго жыхароў у тую эпоху мы вырашылі выкарыстаць малюнкі нямецкага мастака Курта Заўэрмільха, якія ён зрабіў у ліпені 1918 года. За шэсць год, што мінулі з таго часу да апісваемых падзей, вялікіх перамен, думаецца, не адбылося.
М. АЗБУКІН.
Часопіс “Наш край”, №2-3, 1925 г.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.