Запамінальным адыходзячы год стане і асабіста для мяне, бо стаў ён часам прызначэння мяне на пасаду старшыні роднага мне Бярэзінскага раёна, служэнне якому лічу не толькі вялікім гонарам, але і адказнасцю, бо вельмі люблю сваю малую радзіму і хачу, каб яна станавілася ўсё больш прыгожай і ўтульнай, эканамічна моцнай і прыцягальнай, каб дабрабыт кожнага бярэзінца толькі павялічваўся і мы займалі сваё годнае месца сярод іншых раёнаў рэспублікі.
За гэты перыяд нам многае ўдалося зрабіць і ажыццявіць. Адбылося гэта дзякуючы таму, што мы сталі адзінай камандай аднадумцаў, ставілі перад сабой мэты і дасягнулі іх выканання, пераадольваючы існуючыя праблемы і складанасці.
На гэтым шляху мы былі не адзіныя, бо адчувалі пастаянную надзейную падтрымку кіраўніка нашай дзяржавы – Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а таксама Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў асобе губернатара Аляксандра Турчына. Выдзяляемыя ў рамках дзяржаўных праграм тэхніка і фінансавыя сродкі ў многім дазволілі нашаму раёну стаць эканамічна больш моцным і палепшыць яго сацыяльную інфрастуктуру.
Так, па выніках 2024 года Бярэзінскі раён выканаў усе даведзеныя прагнозныя паказчыкі па асноўных відах дзейнасці. Свае дасягненні ў нас ёсць ва ўсіх галінах – эканоміцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы, культуры і адукацыі. Іх гартавалі ўсе мы сваімі агульнымі намаганнямі і імкненнем зрабіць жыццё больш светлым і радасным. Многія бярэзінскія лепшыя працаўнікі не раз ушаноўваліся на раённым свяце працы, у час дажынак, прафесійных свят, адзначаліся граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і галіновых міністэрстваў. Гэтыя людзі – наш сапраўды залаты фонд, нашы гонар і слава.
Што ж асабліва запамінальнага было ў адыходзячым годзе? Пачнём, напэўна, з нашай асноўнай галіны – сельскай гаспадаркі, дзе мы дасягнулі высокіх вынікаў і ў каравай краіны ўнеслі важкі ўклад у аб’ёме больш як 36 тысяч тон збожжа, што істотна перавышае леташні намалот. На працягу сёлетняга жніва больш за 30 яго ўдзельнікаў змаглі дасягнуць паказчыка ў тысячу намалочанага або перавезенага збожжа, былі ў нас і двухтысячнікі, а адзін вадзіцель нават пераадолеў рубеж у тры тысячы тон. І вельмі радуе, што гэта – прадстаўнікі маладога пакалення. Значыць, ёсць у нас надзейная змена і папаўненне, не вымірае працаўніца-вёска, будзе адраджацца і жыць. А для гэтага мы ствараем і будзем ствараць для сяльчан неабходныя сацыяльна-бытавыя ўмовы.
Расце і развіваецца жывёлагадоўля раёна. Для яе эфектыўнай работы зроблена трывалая кармавая база, якая забяспечвае істотныя прыбаўленні ў вазе жывёлы і высокія надоі. У асобных гаспадарках яны сапраўды рэкордныя. Так, па выніках года ў СУП «АграМАЗ» удой на карову дасягнуў 8 тысяч літраў малака. Для больш эфектыўнай работы галіны ў нашым рэгіёне закладваюцца новыя сучасныя малочнатаварныя комплексы. Першы з іх узводзіцца зараз на тэрыторыі ААТ «Брадзец» і стане пачаткам далейшага рэфармавання жывёлагадоўлі. Штогод адбываецца і папаўненне сельскагападарчых прадпрыемстваў новай магутнай тэхнікай – камбайнамі, трактарамі, аўтамабілямі, навяснымі і прычапнымі агрэгатамі, што дазваляе больш эфектыўна і своечасова праводзіць усе культуртэхнічныя работы на зямлі, удасканальваць працэс атрымання больш важкіх ураджаяў.
Нямала прычын для гонару ёсць і ў працаўнікоў-гараджан. Так, нашы сыраробы, не спыняючыся на дасягнутым, павялічваюць вытворчасць сваёй прадукцыі, яна становіцца больш разнастайнай, а ў геаграфію яе рэалізацыі ўпісваюцца ўсё новыя і новыя краіны. Традыцыйна творчым аказаўся год і для хлебапёкаў – на іх рахунак запісаны новыя перамогі ў рэспубліканскім конкурсе «Смаката». Нямала клопатаў сёння і ў нашых энергетыкаў, якія заняты перакладкай ліній электраперадачы для таго, каб у любой аддаленай вёсачцы людзі маглі выкарыстоўваць электраацяпленне. Супрацоўнікі раённага вузла электрасувязі працягваюць удасканальваць сістэму аказваемых паслуг за кошт увядзення новых, больш хуткасных ліній сувязі. Асаблівай падзякі заслугоўваюць сёлета і нашы дарожнікі. Колькі паспелі яны за адзін толькі год заасфальтаваць і добраўпарадкаваць вуліц і дарог, зрабіць іх больш зручнымі і бяспечнымі. Стараліся і прадстаўнікі іншых вытворчых прадпрыемстваў горада. І вынікі іх працы таксама не застаюцца незаўважанымі, бо з’яўляюцца істотнай састаўной часткай нашых агульных дасягненняў.
Але наша краіна вызначаецца не толькі сваёй эканомікай і высокімі тэмпамі вытворчасці. Перш за ўсё палітыка нашай дзяржавы накіравана на сацыяльны аспект, які з’яўляецца прыярытэтам і ставіць у аснову асноў чалавека і яго дабрабыт, належныя ўмовы працы і жыцця. А яно пастаянна паляпшаецца і ў бярэзінцаў. І вельмі часта – агульнымі намаганнямі: за кошт правядзення суботнікаў па навядзенні парадку на зямлі, акцый па аднаўленні ляснога фонду, добраўпарадкавання тэрыторый за кошт заробленых у час суботнікаў сродкаў, якія патрачаны на будаўніцтва дзіцячых і спартыўных пляцовак, надання больш прывабнага выгляду грамадскім месцам і зонам адпачынку нашага горада, іх азелянення і ўстаноўцы малых архітэктурных форм. У райцэнтры вось ужо які год не спыняецца жыллёвае будаўніцтва і святкуюцца наваселлі, адкрываюцца новыя гандлёвыя пункты і аб’екты па аказанні паслуг насельніцтву, стабільна працуюць установы аховы здароўя і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Мы не забываем пра дзятву і людзей, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе і праводзім для іх дабрачынныя мерапрыемствы і акцыі, ствараем умовы для безбар’ернага доступу, бо быць чалавекам спачувальным і спагадлівым – нацыянальная рыса кожнага беларуса. Як і захаванне гістарычнай памяці і культуры сваіх продкаў. Мы не толькі ўшаноўваем герояў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і належным чынам даглядаем месцы іх пахавання, мы не забываем і пра ахвяр фашысцкага генацыду на тэрыторыі Беларусі, і калі выяўляюцца новыя факты такога зверства, адкрываем помнікі гэтым мірным ахвярам.
Запомніцца нам адыходзячы год побач з працоўнымі дасягненнямі і мноствам цікавых і змястоўных мерапрыемстваў, якія яшчэ больш згуртавалі нас, прадэманствалі наша адзінства. Гэта святкаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзе з часу ўтварэння Бярэзінскага раёна, адноўленае свята Купалля, традыцыйная «Бярэзінская рампа», нядаўна праведзенае дабрачыннае свята «Цяпло Ражства».
Веру, што такія ж адзінства і актыўнасць праявяць бярэзінцы і ў час правядзення ў студзені 2025 года выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Абвешчаны заклік «Трэба!» датычыцца не толькі нашай абавязковай яўкі на выбарчыя ўчасткі 26 студзеня. «Трэба!» – значыць для кожнага з нас захаваць у сабе неабыякавасць да сваёй Радзімы і яе далейшага лёсу, значыць і надалей імкнуцца як мага больш зрабіць для яе росквіту і дабрабыту, значыць быць патрыётам і захоўваць мір, годна несці на сабе ганаровае імя беларуса і заўсёды быць узорам для прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Зрэшты, гэта азначае заставацца ў любой сітуацыі самімі сабой і не здраджваць сваёй святой памяці.
Праз некалькі дзён мы ўступім у новы 2025 год. Якім будзе ён, залежыць толькі ад нас саміх, нашай разважлівасці і мэтанакіраванасці. Як і заўсёды, ён будзе поўным на памятыя падзеі (галоўная з іх – 80-годдзе Вялікай Перамогі) і справы. Ужо сёння зроблены трывалы задзел будучага ўраджаю, які, спадзяёмся (і небеспадстаўна!), акажацца больш важкім і багатым. У планах – далейшае будаўніцтва вытворчых і жыллёвых аб’ектаў, развіццё інфраструктуры як у горадзе, так і сельскай мясцовасці. З прыярытэтных напрамкаў такой дзейнасці – устаноўка ў Бярэзінскай райбальніцы апарата для камп’ютарнай тамаграфіі (КТ), пачатак работ па рэканструкцыі нашага ўнікальнага гістарычнага помніка – будынка графа Патоцкага, закальцоўка водаправоднай сеткі ўсіх вуліц горада і падключэнне яе да цэнтральнага водаправода, для чаго будзе зроблены «пракол» трасы М-4, што дасць магчымасць бесперапыннага забеспячэння якаснай пітной вадой жыхароў паўночнай часткі г. Беразіно. Па-ранейшаму ў прыярытэце застануцца сельскія населеныя пункты: тут будзе весціся знос лядашчых пабудоў, добраўпарадкаванне вёсак, іх вуліц і дарог, грамадскіх могілак і пад’ездаў да іх, увод у севазварот пустуючых участкаў і ліквідацыя церазпалосіцы. Пасля зацвярджэння бюджэту раёна на наступны год мы зможам больш канкрэтна расставіць акцэнты першачарговага яго расходавання, каб з найбольшай аддачай паслужыў ён на карысць бярэзінцам і паляпшэнне іх умоў жыцця. А паляпшэнне дабрабыту кожнага з нас, як і дабрабыту ўсёй краіны, залежыць толькі ад уласных намаганняў. Таму – за справу, сябры, каб і надыходзячы 2025 год аказаўся для нас не менш паспяховым і выніковым, прынёс нам радасць і задавальненне ад новых перамог і дасягненняў.
З надыходзячым Новым годам!
Андрэй САКАЛОЎСКІ,
старшыня Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта.