Дзякуючы запісцы, знойдзенай на месцы бою ў гільзе ад патрона супрацьтанкавага ружжа, якую напісаў перад смерцю ўраджэнец Мядзельскага раёна чырвонаармеец Аляксей Валюк, мы змаглі даведацца яшчэ аб адной невядомай старонцы Вялікай Айчыннай вайны. Тэкст запіскі прыведзены на гранітнай пліце, устаноўленай на гэтым месцы. Вось яе тэкст:
«От батальона осталось три человека. Нет, уже два. Сашок ранен. Сам я из деревни Заврутки. Мы держим оборону за рекой Березина. Реку перешли фашисты. Умер мой друг Александр Бручкин. Я остался один, осталось шесть гранат, но танки все лезут. Перебили ноги. Скоро не будет меня. Товарищи, отомстите за нас. Мы не отступили, сражались до последней капли крови.»

Вельмі хацелася, каб на гэтым месцы, акрамя помніка як сімвала гераізму нашых воінаў, была ўстаноўлена гармата. Такая ідэя нарадзілася ў мяне яшчэ ў 2015 годзе. Ажыццяўляючы задуманае, двойчы друкаваў у нашай раённай газеце матэрыялы аб гэтым, адзін з іх пабачыў свет і ў газеце “Беларусь сегодня”. Неаднойчы звяртаўся ў раённы савет ветэранаў. Аднак усё было безвынікова. На змешчаную ў 2020-м годзе публікацыю мне прыйшоў адказ за подпісам тагачаснага намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Навіцкага, дзе паведамлялася, што ў Міністрэстве абароны няма гармат перыяду Вялікай Айчыннай вайны, таму ўстанавіць адну з іх каля помніка не ўяўляецца магчымым.
Разам з тым, на тэрыторыі нашага раёна непадалёк ад з’езду на вёску Гаруні з аўтамагістралі Мінск – Магілёў я неаднаразова бачыў устаноўленую на магіле гармату. Калі больш грунтоўна пазнаёміўся з тым, у памяць каго ўстаноўлены манумент, то выявіў, што ён прысвечаны памяці 250-ці закатаваных немцамі мірных жыхароў нашага рэгіёна. Гэта акалічнасць мяне, шчыра скажу, уразіла. Але ж пазбаўляць помнік ужо ўстаноўленай каля яго гарматы таксама было б няправільна.
У сваіх наступных кроках я паставіў перад сабой мэту - ажыццявіць сваю ідэю да 80-годдзя Вялікай Пермогі. Бо калі не наша пасляваеннае пакаленне зробіць гэта, то наўрад ці знойдуцца потым іншыя энтузіясты. Зноў былі візіты ў розныя інстанцыі, і зноў гучаў адказ накшалт таго, што “мы б з радасцю, але…”. Зрэшты, менавіта такая акалічнасць і дапамагла мне знайсці рашэнне – звярнуцца да першай асобы ў раёне.
Сёлета на пачатку года я пазваніў на праводзімую старшынёй райвыканкама Андрэем Сакалоўскім “прамую тэлефонную лінію” і падзяліўся сваімі думкамі наконт ушанавання памяці загінуўшых воінаў. Выслухаўшы мяне, Андрэй Валянцінавіч без залішніх спасылак на цяжкасці або якія-небудзь недасягальныя праблемы адназначна сказаў: “Я вам абяцаю, 9 мая гармата будзе ўстаноўлена”. Усё! Каротка, канкрэтна і без лішніх слоў. Я некаторы час сумняваўся ў тым, ці не стануць яго словы пустой абяцанкай. Але калі 9 мая спецыяльна выбраўся да гэтага святога месца і на ўласныя вочы пабачыў устаноўленую там гармату, быў прыемна ўражаны. Вось дзе сапраўды: сказаў – зрабіў. Узяць бы прыклад з нашага кіраўніка раёна іншым адказным асобам, наколькі б менш праблем было ў нас, простых людзей.
Андрэй Валянцінавіч, вялікі дзякуй вам ад мяне і ўсіх нераўнадушных бярэзінцаў. Той, хто шануе памяць аб мінулым, не можа не пакінуць добрую памяць пра сябе.
Мікалай ЯЦЭВІЧ,
пенсіянер, жыхар г. Беразіно.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.