Родам з вайны

Date 22.06.2025 Man
Comment 426
Родам з вайны

Пакаленне, выхаванае вайной, – асаблівая катэгорыя. Гэта людзі, чыё дзяцінства выпала на гады ліхалецця, і яны пранеслі вайну праз сэрца, праз памяць. Дзіцячая памяць судзіць вайну самай высокай меркай.

Успаміны дзяцей вайны – апошніх сведак тых трагічных падзей – выходзяць сёння на перадавую лінію. Гэта жывое сведчанне тых, хто апынуўся на краі вайны, каго фашысты імкнуліся пазбавіць дзяцінства. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі сабралі ўспаміны 35 дзяцей вайны. Бенефіс-сустрэча «Мы родам з вайны» гараджан у статусе дзяцей вайны адбылася ў бібліятэцы.

Успаміны землякоў зліліся ў шматгалоссе дзіцячых галасоў, якія прабіліся скрозь гады, як прабіваецца кволая травінка скрозь бетон і асфальт. І атрымаўся рэквіем-плач па адабраным вайной дзяцінстве, гнеўны прысуд вайне-забойцы. Самыя яркія эпізоды і фрагменты ўспамінаў часткова былі прэзентаваны завочна, часткова былі прадстаўлены самімі ўдзельнікамі сустрэчы. Успаміны ў суправаджэнні фотаздымкаў ваенных часоў дазволілі раскрыць самыя шчымлівыя, самыя суровыя перыяды вайны, якія захавала ўчэпістая дзіцячая памяць: першая сустрэча з акупантамі, першы забіты, «новы парадак» з устанаўленнем каменданцкага часу ў пасёлку Беразіно, распаўсюджваннем «Менскай газеты» з публікацыяй паэмы Я.Коласа «Новая зямля» як рэкламы раздачы новымі ўладамі зямельных надзелаў, у той час як фашысты палівалі гэтую зямлю крывёй, спальвалі вёскі, катавалі жанчын і дзяцей… На вуліцы К.Маркса ў Березіно акупанты абсталявалі гестапа, а на вуліцы Інтэрнацыянальнай – яўрэйскае гета.

Эмацыянальна і ўзрушана прагучалі ўспаміны пра жыццё ў зямлянках, уратаванне ў балоце, дзе ежу і ваду замяняла смактанне моху; эвакуацыя ў Сызрань і Казахстан, дзе беларусам давялося навучыцца есці суп з чарапах і нарыхтоўваць на зіму сплеценыя ў косы палоскі сушанай дыні.

Пачатак вайны, якая прагрымела раптоўна, як навальніца, ад якой не схаваешся пад коўдрай, не зажмурышся, каб не бачыць, не пералістаеш, як старонку страшнай казкі, перадалі ўражанні 10-гадовага Мішы Карканіцы, які ў пачатку чэрвеня 1941 года адправіўся разам з сям’ёй на вяселле сястры ў нязведаную далеч – з бярэзінскай вёскі Вусце амаль на мяжу з Польшчай (за 25 км ад Беластока) і падчас доўгага вяртання дадому начнымі дарогамі пад бамбёжкамі, праз уцёкі з акупацыйнага лагера, калі яго новенькі марскі касцюмчык ператварыўся ў брудныя лахманы. Асаблівы акцэнт – на нараджэнцаў 1941 года, чые першыя старонкі жыцця былі адкрыты ў першы год вайны. Ім не спявалі калыханкі, іх першыя словы былі пра вайну, хлеб. Надзея Гурэнчык (Пшанічнік) нарадзілася

3 ліпеня 1941г. – у першы дзень акупацыі Беразіно і якая ўсталявалася роўна на 3 гады (да 3 ліпеня 1944).

Лілія Аліфер (Бурымская) немаўляткам апынулася ў Германіі разам з бацькамі, прымусова вывезенымі на Нямеччыну на катаржныя работы. Там навучылася чужой мове, бачыла чорнага дзядзьку на танку – вызваліцеля амерыканскай арміі саюзнікаў, пры вяртанні дамоў бачыла ў цягніку бязногага і бязрукага савецкіх салдат, якія дапамагалі адзін аднаму. Час не згладзіў з дзіцячай памяці эпізоды вызвалення ад акупантаў пасёлка Беразіно і вёскі Жорнаўка: кветкі на запыленых савецкіх танках, калона прыніжаных палонных немцаў, частаванне дзяцей салдацкай кашай чырвонаармейцамі і дзіковіннай «аладкай з дзірачкамі» – пячэнінкай, якой дагэтуль не даводзілася паспытаць ні дарослым, ні дзецям…

Быт пасляваеннай школы з адным букваром на ўвесь клас, сшыткамі з мешкавіны і старых газет, торбачкамі для падручнікаў, халодныя школьныя пакоі, дзе замярзала чарніла (чорнае – з ягад крушыны, чырвонае – з буракоў) і немагчыма было здзервянелымі ад холаду рукамі трымаць крэйду і пісаць на дошцы – ажывілі ўспаміны Браніслава Трусевіча, Ліліі Казырка, Мікалая Макаранкі, Віктара Несцяровіча, Рыгора Баранава.

Вайна пасля вайны – з голадам і нястачамі, калі буханка хлеба каштавала 100 рублёў, а чэргі за хлебам былі кіламетровымі; калі на месцы былога нямецкага бункера даводзілася будаваць нанова хату; самім адліваць лыжкі і гумовыя галёшы. Тады ж самым папулярным абуткам былі бахілы з аўтамабільных пакрышак, якія на снезе пакідалі амаль машынны след, а самым шыкоўным дзіцячым уборам было паліто, пашытае з салдацкай коўдры. Тая няпростая пара паўстала паводле ўспамінаў Алы і Святланы Саскавец, Яўгена і Ірыны Мярзловых, Зоі Валожынскай (Зяньковіч), Галіны Андрэенка (Няборскай). Не менш уражвальнымі былі ўспаміны Марыі Трубскай, Надзеі Жаўняровіч (Кошалевай), Фені Барбарчык (Івановай), Валянціны Шкатула (Ленартовіч). Яны ўзгадалі пра ласункі пасляваеннага часу: шклянка цукру ад Дзеда Мароза, глазураваныя пернікі, бочкавы морс, цукеркі-падушачкі. Для дзіцяых забаў служылі гліняныя цацкі, знойдзеныя ў лесе трафейныя нямецкія губныя гармонікі, а таксама баявыя ўзнагароды бацькоў. Колькі іх – балючых і горкіх успамінаў прагучала ў той дзень. І кожны – не прыдуманы або вычытаны з кніг, а свой – асабісты, перажыты, ды так і не забыты з гадамі.

Кожны ўспамін – маленькі штрышок да партрэта вайны з яе страшным звярыным тварам, яшчэ адзін патрон для залпу па няпамятлівасці. Успаміны бярэзінскіх дзяцей вайны з уразлівай прагай жыцця былі з’яднаныя адным жаданнем: каб такіх жахаў ніколі не зведалі дзеці, унукі і праўнукі, каб цанілі людзі мірны зямны рай. Бенефіс-сустрэча ў раённай бібліятэцы стала сімвалічным помнікам дзецям вайны – тым, хто загінуў, хто аказаўся скалечаны вайной, хто не здолеў нарадзіцца па віне вайны…

 

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
супрацоўнік ДУК «Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка».

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Рубрики: