Партызанскі камандзір, ганаровы шахцёр і проста бярэзінскі хлопец

Date 08.05.2026 Man
Comment 78
Партызанскі камандзір,  ганаровы шахцёр і проста бярэзінскі хлопец

Больш 80 гадоў прайшло пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, але мы працягваем адкрываць усё новыя старонкі тых страшных дзён. Старонкі зверстваў фашыстаў. І старонкі гераізму людзей, якія змагаліся з ворагам.

У ліку такіх людзей Г. М. Архіпец – адзін з арганізатараў партызанскага руху ў раёне і пэўны час камандзір 120-ага партызанскага атрада. Нельга не звярнуць увагу, што прозвішча наша, бярэзінскае, але ж прыбыў Георгій Мартынавіч напачатку вайны з Масквы ў складзе дыверсійнай групы.

Аказалася, сапраўды, Г.М. Архіпец - наш зямляк. Нарадзіўся ён у вёсцы Вяззе ў 1910 годзе. Шматдзетная сялянская сям’я жыла як і ўсе вяскоўцы ў той час. Георгій, ледзь падросшы, улетку пасвіў жывёлу, а зімой хадзіў у школу. Закончыў 5 класаў, працягваў наймацца пастухом у вёсках Любушаны, Капланцы, некаторы час працаваў на лесанарыхтоўках у Ягадцы. А потым па камсамольскай пуцёўцы накіраваўся ў шахты Падмаскоўнага вугальнага басейна, дзе яго домам стаў рабочы пасёлак Данскі. Там беларускі юнак набыў вядомасць і павагу, як брыгадзір-перадавік, чыя брыгада біла рэкорды па здабычы вугля. Па сведчанні праўнучкі шахцёра - Лізаветы, у 1969 годзе на старонках “Данской газеты” ў памяць аб працоўнай доблесці камсамольцаў 30-ых гадоў была апублікавана аповесць “Яны ўзнімалі Масбас”, напісаная па ўспамінах Г. Архіпца.

У 1934 годзе для Георгія пачаўся новы этап жыцця – яго прызвалі ў рады Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Дакладней, службу праходзіў у Ваенна-марскім флоце. Праз тры гады вярнуўся ў Данскі, у 1939 годзе стаў камуністам.

Вайна ўварвалася чорнай навалай, парушыўшы звыклы ход жыцця. Георгій Мартынавіч не мог не думаць пра вёсачку, дзе нарадзіўся, пра родных, якія хутка аказаліся пад акупацыяй ворага. Таму стаў добраахвотным курсантам спецшколы ў Маскве па падрыхтоўцы груп для адпраўкі у тыл ворага. Тым больш, што туды ахвотна прымалі камуністаў і камсамольцаў, якія былі родам з Беларусі. У спецшколе вучыліся арганізоўваць падпольную работу і партызанскую барацьбу, трэніраваліся скакаць з парашутам.

На тэрыторыю Бярэзінскага раёна Г. Архіпец прыбыў у складзе групы з 14 чалавек. Па яго ўспамінах, у групу ўваходзілі два радысты, мінёры. Хутка Георгій Мартынавіч узначаліў 120-ы партызанскі спецатрад, які быў выдзелены з саставу 345-ага атрада. Пад яго кіраўніцтвам атрад на той час вырас да 80 чалавек. Дзейнічаў ён на тэрыторыі Бярэзінскага і Клічаўскага раёнаў, праводзіў баявыя аперацыі па знішчэнні камунікацый ворага. Толькі за адзін дзень 14 верасня партызаны атрада ўзарвалі мост у раёне вёскі Пагост даўжынёй 20 метраў, знішчылі 500 метраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі.

Ракавым для Георгія Мартынавіча стаў дзень 23 верасня 1942 года. Як адзначана ў лісце на прадстаўленне да ўзнагароды медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені за подпісам сакратара Бярэзінскага падпольнага райкама КП(б) Б І. Сакалоўскага, “узвод партызан у колькасці 30 чалавек на чале з Г. Архіпцом зрабіў засаду на шашы Мінск-Магілёў у раёне Кукарава-Пагост супраць немцаў. У адкрытым баі было знішчана і паранена 120 нямецкіх салдат і афіцэраў, падбіта 7 аўтамабіляў. У тым баі Г.М. Архіпец быў цяжка паранены і 8 кастрычніка 1942 года на самалёце эвакуіраваны ў савецкі тыл”.

Лячэнне параненай грудной клеткі з рэшткамі 6 асколкаў давалася няпроста, але пасля аперацыі Георгій Мартынавіч змог аднавіцца, хаця адзін з асколкаў назаўсёды застаўся ў яго целе.

Пасля выпіскі са шпіталя Г.Архіпец вяртаецца ў Беларусь. Гэты пералёт падарыў яму знаёмства з вядомай лётчыцай Валянцінай Грызадубавай, якая камандавала 101-ым авіяпалком далёкага дзеяння. Самалёты менавіта гэтага палка неаднойчы скідвалі грузы ці прызямляліся на партызанскі аэрадром каля Галынкі.

Вярнуўшыся на акупіраваную тэрыторыю малой радзімы, як сведчыць праўнучка Георгія Мартынавіча па ўспамінах сваёй бабулі, працягваў ваяваць у 120-ым партызанскім атрадзе. Між іншым, пасля аб’яднання з часцямі Чырвонай Арміі 2 ліпеня 1944 года загадам Беларускага штаба партызанскага руху атрад вызначаны брыгадай са жніўня 1943 года, на той час колькасць партызан тут складала 632 чалавекі.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Г. Архіпец з-за ранення не змог працягваць службу ў радах арміі і гнаць ворага далей на захад. Але стаяла не менш важная задача па ўзнаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Георгій Мартынавіч прымаў удзел у аднаўленні беларускай прамысловасці. І толькі ў 1955 годзе вярнуўся ў пасёлак Данскі Маскоўскай вобласці, дзе працягваў працаваць на шахтах Данскі-вугаль. Завяршыў сваю працоўную дзейнасць у 1977 годзе, удастоены звання “Ганаровы шахцёр СССР”.

У ліку яго баявых узнагарод – ордэн Айчыннай вайны 1 ступені, медалі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” і іншыя.

У душы Г. Архіпца заўсёды была яго родная Бярэзіншчына, Беларусь. А яго верны тыл – сям’я. Два сыны і дзве дачкі сталі працягам актыўнай грамадзянскай пазіцыі бацькі, уліўшыся ў рады кіраўнікоў прадпрыемстваў, педагогаў, інжынераў.

– Бацька ніколі не забываў пра жудасныя ваенныя дні і гады свайго жыцця, - успамінала яго дачка, - бо пра гэта забыць немагчыма. Ён заўсёды гаварыў: “Мы адстаялі сваю Радзіму, каб вы жылі пад чыстым небам, не ведаючы такога гора і жахаў”.

Георгія Мартынавіча Архіпца не стала 19 снежня 1989 года. “Мы памятаем і ганарымся ім, - адзначае праўнучка. – Наш абавязак – захаваць памяць пра подзвіг вялікага народа-пераможцы, часцінкай якога быў мой прадзед. Вывучаючы яго лёс, я здзіўляюся вялікай сіле духу таго пакалення. Гэта было сапраўднае пакаленне Пераможцаў, якія стваралі гісторыю, абаранялі Радзіму, аднавілі сваю Айчыну”.

Ала АЛЬФЕР.
Фота з сямейнага архіва.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER