«Амікрон» — гэта не прастуда, не блытайце!

Date 15.02.2022 Man
Comment 482
«Амікрон» — гэта не прастуда, не блытайце!

Штам “амікрон” працягвае наступленне. Колькасць хворых расце.

На гэты раз пра чарговую хвалю каранавіруснай інфекцыі размаўляем з галоўным урачом Бярэзінскага РЦГЭ Вадзімам Буйніцкім.

— Вадзім Сяргеевіч, чым у сувязі з COVID-19 зараз заклапочана раённая служба эпідэміялогіі?

— Заклапочана тым, што многія бярэзінцы не носяць маскі ў грамадскіх месцах. Наведваюцца ў магазіны, банкі, на рынкі, ездзяць у грамадскім транспарце, і пры гэтым практычна 50 працэнтаў насельніцтва, а то і больш, не карыстаюцца маскамі, не захоўваюць сацыяльнае дыстанцыянаванне. Нібыта ўсе раптам сталі бясстрашнымі.

— Чаму так, як Вы лічыце?

— Псіхалагічны фактар. Надакучыла людзям, бо ўжо 2 гады жывём з каранавірусам. Многія спадзяюцца на “авось”. Спрыяе такім неахайным адносінам да пандэміі і меркаванне, што “амікрон” лёгкі штам па сваім уплыве і быццам няма ад яго ніякіх наступстваў. А гэта не зусім правільнае меркаванне. “Амікрон” лёгка праходзіць у тых краінах, дзе вакцынавана не менш за 80 працэнтаў насельніцтва. У нас такога працэнта няма, бо ў нас людзей трэба ўгаворваць прайсці вакцынацыю. Аднакратна ў нас прышчэплена прыкладна 58 працэнтаў насельніцтва, двухкратна – крыху больш за 50 працэнтаў. Больш аператыўныя звесткі пра працэс вакцынацыі можна ўбачыць на сайце Міністэрства аховы здароўя.

— Якія дзеянні прадпрымае РЦГЭ?

— Асноўны ўпор робіцца на правядзенне прафілактычных гутарак у калектывах і сярод насельніцтва. Але колькі можна гутарыць? Калі чалавек не хоча сам усведамляць пагрозу, то што зробіш? Другое пытанне, “амікрон” закрануў у вялікай ступені дзіцячую частку насельніцтва. Само сабою, праводзіцца кантроль санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму ва ўстановах адукацыі. У мерах прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі ўстаноўлены ранішнія фільтры. Што гэта значыць? У кожнай установе адукацыі распрацаваны план па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, назначаны адказныя асобы. У гарадскіх школах гэта медработнікі, у сельскіх – работнікі адукацыі. Школы маюць бескантактныя і электронныя тэрмометры. На ўваходзе раніцай правяраецца тэмпература педагогаў і школьнікаў, высвятляецца самаадчуванне, каб асобы з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі не заражалі іншых. Вядуцца спецыяльныя журналы, у якіх адзначаецца стан здароўя, каб не прапусціць хворага чалавека. Таксама захоўваецца сацыяльнае дыстанцыянаванне, праветрываюцца памяшканні, праводзіцца дэзынфекцыя на пераменах. Простыя меры, якія на самой справе вельмі эфектыўныя. У школах таксама падтрымліваецца месячны запас дэзынфіцыруючых сродкаў.

– На прадпрыемствах уведзены ранішнія фільтры?

– Ёсць адпаведныя рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя. Для гандлёвых аб’ектаў і прадпрыемстваў харчовай прамысловасці падобныя меры з’яўляюцца абавязковымі. Для іншых – па жаданні кіраўніцтва прадпрыемства. Аднак усе разумеюць, што “COVID-19” – гэта хвароба, якая можа спыніць вытворчасць, калі мер не прымаць, таму ставяцца да праблемы правільна.

— На Вашу думку, да выхаду на плато па захваральнасці пакуль далёка?

— Практыка паказвае, што плато наступае прыкладна праз 2 месяцы пасля пачатку хвалі. Рост захворванняў будзе назірацца, пакуль не з’явіцца імунная праслойка насельніцтва, пакуль вірусу не будзе каму перадавацца. Бо хтосьці да таго моманту будзе імунізаваны праз вакцынацыю, хтосьці праз перанесеную хваробу. Тады пачынаецца спад. Было б значна прасцей, калі б людзі не марудзілі з вакцынацыяй, не баяліся прышчэпак. Але, на жаль, пакуль назіраем рост.

— У чым крыецца небяспека “амікрона”?

— У тым, што многія пачалі памылкова ўспрымаць гэты штам віруса як звычайную прастуду. Гэта звязана з аднолькавай сімптаматыкай. Аднак грып ці любая вострая рэспіраторная інфекцыя пабыла і прайшла, а пасля “амікрона” ідуць наступствы. Кавід павышае загусальнасць крыві. У выніку з’яўляюцца тромбы у лёгкіх, у сэрцы, якія могуць выклікаць эмбалію важных сасудаў, наступствам чаго можа стаць інфаркт або інсульт. Для чалавека, які ставіцца да “амікрона” як да звычайнай прастуды, можа быць фатальны фінал. Да таго ж, пакуль нікуды не дзеўся штам “дэльта”. Калі ў Мінску зараз прэваліруе “амікрон”, то ў рэгіёнах часам доля захворванняў “дэльтай” складае 50 на 50 працэнтаў. Да таго ж, калі чалавек пераходзіць у стадыю кавіднай пнеўманіі, пачынаецца кіслароднае галаданне, якое выклікае следам праблемы з цэнтральнай нервовай сістэмай, памяццю, падзенне інтэлектуальных здольнасцей. Так што да любога штама кавіда ні ў якім разе нельга ставіцца легкадумна.

— Метады перасцярогі і прафілактыкі застаюцца класічнымі?

— Так, неабходна сацыяльнае дыстанцыянаванне, нашэнне масак, карыстанне антысептыкамі. Маска эфектыўная, калі яе носяць і хворыя, і здаровыя. Многія кажуць, маска неэфектыўная, бо памеры віруса значна меншыя, чым ячэйкі тканіны маскі. Аднак вірус у чыстым выглядзе не выдзяляецца ў паветра, ён ідзе толькі з кроплямі макроты і часцінкамі слюны, якія і затрымлівае маска. Прытым маску трэба мяняць кожныя паўтарыдзве гадзіны. І варта памятаць, што маску трэба насіць правільна. Дарэчы, у краінах Еўрапейскага Саюза звычайныя тканінныя і медыцынскія маскі ўжо лічуцца неэфектыўнымі, таму забароненыя. Выкарыстоўваюцца зараз фільтруючыя паўмаскі абарончага тыпу FFP2, у якіх зараз выступаюць спартсмены на Алімпійскіх гульнях. У нас такія маскі маюцца ў продажы.

І абавязкова – вакцынацыя. Напрыклад, зараз прышчапляюцца дзеці ад 12 да 17 гадоў кітайскай вакцынай. Яна абсалютна бяспечная. У нашым раёне ўжо больш 100 дзяцей прышчэпленыя. Гэта неабходная працэдура для ўсіх, каб актывізаваць імунную сістэму і сябе абараніць. Калі прышчэплены чалавек і захварэе, то перанясе кавід у лёгкай форме, і атрымае яшчэ больш надзейную абарону.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER