Не бойцеся звяртацца да псіхолага!

Date 01.03.2022 Man
Comment 710
Не бойцеся звяртацца да псіхолага!

“Самагубства – самае дурное, што чалавек можа здзейсніць. Праўда, калі гутарка ідзе пра звычайны бытавы суіцыд, а не пра самаахвяраванне з мэтай уратаваць бліжніх у эсктрэмальнай сітуацыі”, — сцвярджаў адзін мой сябар.

З гэтай высновай нельга не пагадзіцца. Якім не было б жыццё шчаслівым ці горкім, як бы не стракацела фарбамі, усё адно знаходзяцца людзі, якія прагнуць сабе смерці. Што ж гэта за “захворванне”, чым выклікана, як з ім змагацца? На гэтую тэму мы размаўляем з псіхолагам Бярэзінскай ЦРБ Настассяй Колесень.

— Настасся Мікалаеўна, наколькі актуальная праблема суіцыду?

— Шчыра кажучы, праблема актуальная. Нямала выпадкаў і парасуіцыду – гэта калі чалавек спрабаваў пакончыць з сабою, але або своечасова выявілі іншыя людзі і ўратавалі, або не атрымалася. Праблема таксама ў тым, што ўсе асобы, якія здейснілі суіцыд, не звярталіся за дапамогай да псіхолага, псіхатэрапеўта, псіхіятра. Мы ездзім па арганізацыях з лекцыямі, запрашаем на гутаркі, паведамляем нумары тэлефонаў, куды званіць, калі раптоўная крызісная сітуацыя выклікае думкі развітацца з жыццём. У школы таксама наведваемся.

І складваецца наступная карціна: да спецыяліста часцей за ўсё звяртаецца менавіта моладзь, падлеткі. Маладое пакаленне ахвотней ідзе на кантакт і дзеліца праблемамі. Дарослыя сталыя людзі на жаль да нас не прыходзяць. Нам жа даводзіцца працаваць з імі ўжо постфактум, калі суіцыд не атрымаўся і чалавека паспелі ўратаваць. Дарэчы, калі ўратавалі, то накіроўваюць пацыента ў спецыялізаваную лячэбную ўстанову ў Навінкі, ставяць на ўлік да псіхіятра і пакідаюць на вызначаны час пад назіраннем. А гэтага ж усяго можна было і пазбегнуць, калі своечасова звярнуліся на прыём да псіхолага.

— Як Вы лічыце, у чым прычына, што дарослыя людзі не спяшаюцца звяртацца за дапамогай у псіхалагічны кабінет?

— Няма звычкі, адсутнічае такая культура адносін з псіхолагам, не прывучалі з дзяцінства. Таму баяцца, бянтэжацца, саромеюцца, адчуваюць недавер. Наогул прычын гэтай з’явы можа быць мноства. У выніку псіхалагічныя праблемы людзі часта хаваюць у бутэльцы. Адтуль жа вядомая дарога – у лепшым выпадку на прыём да нарколага. Між іншым, сярод суіцыднікаў шмат людзей, якія нідзе не працуюць, злоўжываюць алкаголем, вядуць пэўны асацыяльны лад жыцця. Важна адзначыць момант: рэгулярнае сістэмнае злоўжыванне алкаголем моцна падрывае псіхічнае здароўе, і можа стаць ініцыятарам суіцыду ў выніку выкліканых дэпрэсіўных настрояў, або наступстваў сіндрома адмены. Можна таксама сказаць, што такія людзі з-за ладу жыцця не наведваюцца на нашы лекцыі, не чытаюць газет, не ведаюць, куды звярнуцца.

— Каго больш сярод суіцыднікаў: мужчын ці жанчын?

— Мужчын больш. Узроставая планка – звыш 50 гадоў, а таксама падлеткі і маладыя людзі. А вось няўдалых спроб, парасуіцыдаў, больш прыходзіцца на дзяўчат. Можна меркаваць, што сярод дзяўчат спробы суіцыду маюць характар больш дэманстратыўны, чым звязаны з рэальным жаданнем пайсці з жыцця.

— Якімі могуць быць прычыны развітацца з жыццём?

— У любым выпадку гэта ўзнікненне ў жыцці нейкай крызіснай сітуацыі, калі чалавек раптам не бачыць, не заўважае ніякага іншага выйсця для сябе, як толькі памерці. Даць штуршок здзейсніць непапраўнае могуць разлады ў сям’і, пытанні на рабоце, матэрыяльныя праблемы. Напрыклад, не знайсці работу, няма грошай, няма чым карміць сям’ю, і ўсё, у пэўны перыяд у чалавека апускаюцца рукі, і ўзнікае адно негатыўнае жаданне. Стартавай пляцоўкай могуць стаць і праблемы, звязаныя са здароўем. Скажам, анкалагічна хворы чалавек раптам разумее, што яму засталося нядоўга, і каб не мучыць сябе і блізкіх, вырашае пайсці з жыцця. Хранічна хворыя таксама схільныя да падобных думак. Напрыклад, летась быў выпадак, 45-гадовы мужчына здзейсніў суіцыд, ён меў хворае сэрца. Ускрыццё ж паказала, што мужчына мог пражыць яшчэ не больш аднаго-двух тыдняў. Мабыць яму было вельмі цяжка. У падлеткаў свая шкала ў гэтым плане: неразделенае каханне, пачуццё непаўнацэннасці і адзіноты, адсутнічае другая палова. Яшчэ ў падлеткаў выклікае моцны крызіс крыўда або пратэст супраць бацькоў. Бывае, бацькі настаўляюць падлетка на “шлях ісціны”, а падлетак суіцыдам пратэстуе. Гэта асноўныя прычыны.

— Такім чынам, выпадкі трэба разглядаць індывідульна?

— Зразумела! Кожны выпадак суіцыду разглядаецца спецыяльнай камісіяй у райвыканкаме, куды ўваходзяць усе суб’екты прафілактыкі. Высвятляюцца абставіны жыцця чалавека, рабочыя і сяброўскія сувязі, асабістае жыццё, узрост, звычкі, наяўнасць алкаголю ў крыві, ці знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра і нарколага. Усё дзеля таго, каб склалася поўная карціна.

— Што садзейнічае суіцыдальнаму мысленню?

— Дэпрэсіі, прыгнечаны стан. Згодна з навукай, існуюць чатыры тыпы асобы, схільныя да самагубства. Дэпрэсіўны тып: гэта людзі, якія пастаянна ў дэпрэсіі, кепскім настроі, ім нічога не прыносіць радасць і задавальненне, яны бачаць толькі негатыў і не маюць мэты ў жыцці. Другая група людзей: агрэсіўныя, якія да ўсяго ставяцца з агрэсіяй, і да ўласных заняткаў, і да іншых людзей. Як правіла, падобным людзям нічога не падабаецца, іх нічога не задавальняе. Таксама ёсць тып істэроідных людзей, якія заўсёды на павышаных танах, хочуць быць у цэнтры ўвагі, заўсёды робяць недарэчныя ўчынкі, каб прыцягнуць увагу іншых. Чацвёрты тып: трывожныя людзі. Яны не могуць спакойна ставіцца да абставін жыцця, пастаянна ўнутры за што-небудзь перажываюць, ім да ўсяго ёсць справа.

— Што варта рабіць для прафілактыкі згаданых дэпрэсіўных настрояў?

— Трэба знайсці тое, што прыносіць радасць у жыцці. Варта паставіць нейкую мэту і яе дасягнуць, больш размаўляць з іншымі людзьмі, знайсці любімую справу і займацца ёю. Трэба выкрасліць з уласнага існавання як мага больш негатыўных з’яў, а павялічыць пазітыўныя. Умераныя заняткі спортам таксама садзейнічаюць прафілактыцы дэпрэсіўных настрояў.

Што ж датычыцца суіцыдальных думак, то скажу наступнае: на самой справе людзі не хочуць памерці. Проста ім здаецца, што суіцыд – гэта вырашэнне праблемы. Яны нібыта кладуць на вагі рашэнне: можа трэба жыць, ці, можа, памерці. І ў нейкі момант жаданне пакінуць жыццё пераважвае. Дык вось вельмі важна, каб у такі момант нехта апынуўся побач, з кім можна паразмаўляць, аблегчыць душу, падзяліцца набалелым. Галоўны сродак прафілактыкі – мець надзейнага сябра, з якім можна сустрэцца ў крытычны момант.

— Куды звяртацца, калі ўзніклі думкі пра суіцыд?

— Існуюць дзяржаўныя ўстановы, дзе аказваецца кваліфікаваная дапамога: РНПЦ псіхічнага здароўя, Мінскі абласны клінічны цэнтр. На базе Бярэзінскай ЦРБ аказваецца псіхіятрычная і наркалагічная дапамога, працуе псіхатэрапеўтычны кабінет. Неабавязкова прыходзіць з яркімі сімптомамі. Заўсёды можна звярнуцца за кансультацыяй, парадай. У псіхатэрапеўтычным кабінеце вядзецца ананімны прыём. У любым выпадку ўся інфармацыя аб пацыенце – урачэбная тайна. Не варта забываць і пра «тэлефон даверу».

Кругласутачныя тэлефоны для экстраннай псіхалагічнай дапамогі Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія»: +375(17) 202-04-01, +375(29) 899-04-01.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER