Зрабіць прышчэпку – уберагчыся ад магчымых праблем

Date 07.10.2022 Man
Comment 443
Зрабіць прышчэпку – уберагчыся ад магчымых праблем

Хутка год, як у краіне поўным ходам праводзіцца вакцынацыя дзяцей ад каранавіруснай інфекцыі, а нядаўна распачалася традыцыйная іх сезонная вакцынацыя ад грыпу.

Як гэта адбываецца, што варта ведаць бацькам? На гэтыя тэмы мы размаўляем з урачом-педыятрам Бярэзінскай ЦРБ Андрэем Вайцяховічам.

– Андрэй Мікалаевіч, раскажыце, менавіта дзецям якога ўзросту патрабуецца рабіць прышчэпкі і якой вакцынай?

– Варта звярнуць увагу, што змянілася ніжняя ўзроставая планка вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі. Зараз прышчапляюцца дзеткі ўзростам ад 5 гадоў. Выкарыстоўваецца вакцына кітайскай вытворчасці “verocell”, якая складаецца з двух кампанентаў. Першая доза адразу, і праз 21-28 дзён – другая. На што варта звярнуць увагу: калі дзіця перахварэла кавідам, патрабуецца, каб мінула як мінімум 6 месяцаў пасля хваробы. Вакцынацыя не раней за гэты тэрмін.Ад грыпу прымяняецца вакцына “Грыпол”, дзеткі прышчапляюцца з 6 месяцаў. Да 3-гадовага ўзросту прышчапленне двухразовае з інтэрвалам у адзін месяц, пасля 3-гадовага ўзросту – аднаразовае, як і для дарослых.

– Лагічнае пытанне: ці даводзіцца ўгаворваць бацькоў прышчапляць дзяцей ад каранавіруснай інфекцыі?

– Справа гэта добраахвотная, прымусова нікога не вакцынуюць. Хаця хочацца, каб працэс у гэтым плане рухаўся хутчэй. Многія бацькі не адмаўляюцца вакцынаваць дзяцей па прычыне зніжэння цяжкасці перанясення хваробы, няма больш лятальных зыходаў і ўскладненняў. Зараз сімптомы каранавірусу праяўляюцца толькі ў выглядзе павышэння тэмпературы, пяршэння і болю ў горле, бывае нават і без пнеўманіі. Назіраецца падобная сімптаматыка тры-чатыры дні. Таму бацькі не бачаць мэтазгоднасці пастаноўкі вакцыны. Мы ж падчас прафілактычных гутарак тлумачым падрабязна ўсе “за” і “супраць”, бо наступствы ад перанесенай інфекцыі могуць выліцца ў непрадказальнае і даволі небяспечнае становішча. Наогул жа, адпаведна з правіламі, вакцынацыя дзяцей адбываецца менавіта з пісьмовай згоды бацькоў. Зразумела, раней у нас не было яшчэ доўгай практыкі дзіцячых прышчэпак ад каранавірусу, справа для бацькоў новая ў гэтым плане. Прышчапляцца ад грыпу больш звычна.

– Ці сустракаюцца выпадкі дзіцячага кавіду ў цяжкай форме, ці сітуацыя для дзіцяці ўскладняецца пасля хваробы?

– Дзіцячы кавід у цяжкай форме ўжо не сустракаецца, гэта здаралася раней. Аднак, паўтаруся, мы павінны мець на ўвазе наступствы пасля перанясення каранавіруснай інфекцыі, і часам яны “размываюцца”. Напрыклад, раней дзіця не хварэла атытам, а пасля каранавірусу захварэла. Covid-19 паслужыў стартавым механізмам для пачатку захворвання. І падобных прыкладаў шмат. У прынцыпе, пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі можа тлумачыцца любая ўзнікшая паталогія. Наступствы могуць быць вельмі сур’ёзнымі, і гэта цяпер вельмі актуальна. Бацькам варта задумацца. Посткавідны сіндром утварае небяспеку, і наступствы мы адсочваем ужо рэтраспектыўна. Таму расслабляцца нельга, прышчэпкі істотна дапамагаюць мінімізаваць затраты арганізма ў супраціўленні вірусу і наступствам.

– Колькі дзяцей плануецца прышчапіць?

– Па магчымасці, як мага больш, а ў ідэале ўсіх, хто падпадае пад пазначаны ўзрост і медыцынскія паказанні. Чым большым будзе ахоп вакцынацыяй, тым большы эфект паслаблення росту захворванняў.

– Якія ёсць супрацьпаказанні?

– Супрацьпаказана прышчэпка, калі мае месца алергічная рэакцыя на якую-небудзь уведзеную дзіцяці вакцыну раней, не ад кавіду, а наогул, бо дзецям жа робяцца прышчэпкі шмат ад чаго. Таксама анкалагічныя захворванні, адкрытыя формы туберкулёзу, СНІД – пры іх стапрацэнтна не робім прышчэпку. Да супрацьпаказанняў адносяцца і неўралагічныя захворванні цяжкай ступені з прагрэсіраваннем.

– А наступствы пасля прышчэпкі?

– У якасці пабочных сімптомаў можа быць пачырваненне ў месцы ўколу, высыпанне на скуры. Таму пасля ўвядзення кампанента дзіцяці трэба яшчэ на працягу 30 хвілін пачакаць у аддзяленні, каб у выпадку алергічнай рэакцыі мы маглі на месцы аказаць дапамогу. Дапускаецца яшчэ павышэнне тэмпературы, але яна праходзіць праз 1-2 сутак.

– Раскажыце пра падрыхтоўку да вакцынацыі і куды звяртацца каб зрабіць прышчэпку?

– Агульнае правіла адно: каб дзіця было здаровым. Спачатку педыятр павінен зрабіць агляд дзіцяці і даць дазвол. Зразумела, калі дзіця хварэе вострай інфекцыяй, мы яго не вакцынуем. Пасля прышчэпкі на 3 дні забараняюцца фізічныя нагрузкі. Звяртацца ж трэба ў дзіцячае аддзяленне паліклінікі.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER