“Я толькі адна засталася жывая ў тым хляве…”

Date 18.03.2022 Man
Comment 542
“Я толькі адна засталася жывая ў тым хляве…”

Сёстры Хатыні… Колькі было іх на тэрыторыі закатаванай гітлераўцамі Беларусі! Нямала такіх вёсак-пакутніц існуе на Бярэзіншчыне, былі яны і ў суседніх раёнах.
Адна з іх – в. Дубоўручча Чэрвеньскага раёна.

Як паведамляецца ў кнізе “Нацысцкая палітыка генацыду і “выпаленай зямлі” ў Беларусі (1941-1944)”, тут да вайны ў васьмідзесяці дамах пражывала 275 чалавек. Фашысты ў лістападзе 1942 года спалілі 78 дамоў, у агні згарэлі 240 чалавек. Сведкай і ахвярай тых жудасных падзей з’яўлялася і былая жыхарка в. Паплавы Марыя Майсееўна Пекур, некалі запісаныя яе ўспаміны мы прапануем нашым чытачам.

“Нарадзілася і гадавалася я тут, у Барках – непадалёк ад Паплаў. Бацька, маці, браты і сёстры былі. Мы ўсе працавалі на сваёй зямлі. А замуж я ішла дваццаць першым годам у Дубоўручча. Гэта ўжо Чэрвеньскі раён, кіламетраў 18 адсюль. Нарадзіла пяцёра дзяцей. Старэйшая, Ніна, перад самай вайной у дзявяты клас хадзіла, а Жорж – у сёмы. Не паспелі дарасці да школы блізняты Алёша і Коля. А самай малодшай была Жанна.

Калі прыйшлі немцы, мой муж Сяргей Дзмітрыевіч быў дома. Яго аднагодкаў у армію не бралі. І ў лес не пайшоў. Ён быў кавалём, коней партызанам падкоўваў, кулямёты рамантаваў. Той самы партызан, толькі дома.

Так мы пражылі да кастрычніка 1942-га. Немцы пачалі блакаду партызан. А нас усіх сагналі ў кагал. Думалі, што паб’юць усіх. Нехта нават казаў, што на могілках капаюць яму для гэтай мэты. Мужчын пазабіралі ад нас і пагналі ў Слабаду, а жанчын з дзецьмі адпусцілі дамоў. Потым прыгналі назад і мужчын.

Праз колькі дзён пагрузілі нас у машыны і павезлі ў Барысаў. Там мы начавалі пад адкрытым небам. Ужо снег быў, халодна. Меншую дачку да сябе прытуліла, нейкім ласкутом прыкрыла. Так і сядзелі адной кучкай. Развіднела. Мужчын, якія былі на конях, пагналі торф капаць, а каторыя былі пешшу (у іх ліку быў і мой муж) – пагналі ў Германію. А нас з дзецьмі дамоў адпусцілі.

Але на гэтым пакуты не закончыліся. Аднаго разу прыходзіць да нас у хату немец і гоніць усіх на кагал: маўляў, даведкі выдаваць будуць.

Прыгналі на вуліцу, пастроілі ўсіх. На пасёлку немцы злавілі двух нашых хлопцаў. Забілі іх, хату запалілі і кінулі тых хлопцаў у агонь. Сказалі:

– Злавілі двух партызанаў.

Прыехала машына-легкавушка з Раваніч. З яе выйшаў фашыст і аб нечым пагаварыў з перакладчыкам. І нас пагналі ў адну хату да сястры маёй Ульяны, Яфрэмавай па мужу. Адтуль нас бралі групамі і ў бойні заганялі.

У хаце нас сабралася сорак сем душ – старых, дзяцей, немаўлятак. Нагналі, каго куды. Нас білі ў хляве. Дзе мяне білі, там было пятнаццаць чалавек. Я, пяцёра маіх дзетак, мая ятроўка Саша з трыма дзецьмі. Аднаму яе хлопчыку было гадкоў 12, другому – 7, а самаму малодшаму – тры месяцы. Увагналі чатыры паліцэйскія нас у хлеў і пачалі страляць з аўтаматаў. Першая куля мне трапіла ў галаву. Дык я толькі крыкнула:

– Дзеткі мае, усе да мяне!

Усе мы пад сцяну пападалі. Нас ляжачымі расстрэльвалі. Другая куля мне трапіла ў патыліцу, трэцяя – у руку, а чацвёртая – у нагу. Я нічога ўжо не памятала.

Ужо страха абвальвалася, як я ачуняла. Мне прыпякло. На мне стаў гарэць кажух. Устала, агледзелася. Дзеткі нежывыя. Агонь ужо і на іх быў. Гарэла адзенне на хлапчуку і дзяўчынцы, кажушок і фуфаечка на двайнятах, хустка на Жанне. Я толькі адна засталася жывая ў тым хляве. Неяк выпаўзла на двор праз адчыненыя вароты. Тут ужо нікога не было. Карнікі расстралялі нас, запалілі хлеў і пайшлі.

Адпаўзла я метраў дваццаць ад таго месца і схавалася ў лаўжу з галля абрэзаных яблынь ды груш на ўскрайку мяжы. Сяло гарыць, а я ў тым лаўжу ляжу. А што я зраблю? Ляжу і чую, як па вёсцы немцы свіней ды гусей ловяць. Думаю: прыбяжыць сюды свіння, убачаць мяне і заб’юць.

Як стала змяркацца, я ледзь устала і да старшынёвага дома пайшла, яго хата не згарэла. Далей з таго двара – на агарод. А на выгане ў нас сушня стаяла, дзе мы лён даўней мялі. Я пад той сушняй прыпынілася, каб раны заматаць. А няма чым. Са страху падалося, што ў ельніку немцы гавораць. Я тады з-пад той сушні прамым ходам – на Палядкі. Прыйшла, а там спяць усе. Тады з Палядак – на Пагулянку, там вёскі блізка. Як толькі я на тую вясковую вуліцу прыйшла, бабы да мяне:

– Ай, Марылечка, цераз цябе і нас паб’юць. Пашкадуй ты нас. Ідзі.

І я пайшла. Ноч ішла, дзень, яшчэ ноч ішла, пакуль прыйшла ў Баркі. На той час ужо ў печах пачалі паліць. Я ледзь увалілася да сястры Хадосі. А яна:

– Марылечка, а дзе ж Ульяна?

– Вы не пытайце, – кажу, – дзе Ульяна, а мяне ці ратуйце, ці дабівайце.

Я да таго часу ўжо зусім змаглася. Раны мае прамылі, перавязалі. Так і засталася я да пары-часу ў Барках.”

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31