Рака-працаўніца

Date 15.04.2022 Man
Comment 672
Рака-працаўніца

Пра яе складзена шмат вершаў і песень, легенд і паданняў, ёй прысвячалі свае палотны многія мастакі, яна з’яўлялася месцам воінскай славы і гібелі іншаземных ворагаў, здаўна яна звязвала паміж сабой краіны і народы, уяўляючы сабой вядомы шлях з вараг у грэкі…

Шматвекавая яе біяграфія поўніцца многімі фактамі і заслугоўвае вялікай павагі. Сёння ж наша любімая рака Бярэзіна страціла сваё першаснае значэнне воднай артэрыі і ператварылася ў любімае месца адпачынку не толькі бярэзінцаў, а і жыхароў многіх раёнаў Беларусі (хто ж не ведае, што яе берагі надзвычай папулярныя ў сталічных рыбакоў, якія, нягледзячы на адлегласць, прыязджаюць сюды за багатым уловам).

Сёння ж мне хочацца нагадаць чытачам пра тыя не зусім даўнія часы, калі наша Бяроза-рака была ракой-працаўніцай і выконвала шмат важных функцый для вырашэння шэрагу (як гэта б не гучала трывіяльна і пафасна) народнагаспадарчых пытанняў. А пацвярджэннем таму стануць фотаздымкі, якія дайшлі да нас з той пары.

Зараз рака Бярэзіна з’яўляецца месцам работы толькі некалькіх чалавек – выратавальнікаў раённай структуры добраахвотнага таварыства выратавання на водах ды прадстаўнікі інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету, якія сочаць за законнасцю вядзення рыбалоўнай гаспадаркі. Раней жа колькасць такіх людзей была намнога большай. У час суднаходства па яе хвалях з Барысава на Бабруйск хадзілі пасажырскія параходы (для іх на тэрыторыі раёна існавала некалькі спецыяльна створаных прыстаней), запоўненыя лесам, збожжам і іншым грузам, абуджалі воды спакойнай гладзі вялікія баржы, нярэдка плытагоны сплаўлі па ёй лес, калінікалі тут можна было пабачыць і грувасткія землечарпальныя агрэгаты, пры дапамозе якіх чысцілася і паглыблялася рэчышча і дно. Для скарачэння часу пры неабходнасці дабрацца з Беразіно ў Слабаду ў раёне старога вакзала існавала рачная пераправа – так званы перавоз, дзе на лодцы за невялікую плату можна было перабрацца на супрацьлеглы бераг.

З пачаткам суднаходства па Бярэзіне вечарамі на працоўную вахту адпраўляліся бакеншчыкі, якія запальвалі на спецыяльна ўстаноўленых на берагах слупах невялічкія “маякі”, якія ўказвалі межы ракі і фарватар руху судна або платоў, каб тыя не “селі” на мель. І гэта былі не адзіныя спецыялісты па абслугоўванні ракі. Можа гэта здаецца сёння дзіўным, але існаваў і чалавек, які рэгулярна з году ў год праводзіў вымярэнні Бярэзіны – узровень вады, яе тэмпературу, фіксаваў час пачатку і заканчэння ледаставу, назіраў за іншымі характэрнымі параметрамі.

Унікальнай фігурай з’яўляўся чалавек, які працаваў не на самой рэчцы ці на яе беразе, а непасрэдна над ёй! Як такое можа быць? Элементарна. Гэта быў ахоўнік моста (на ім нават была ўстаноўлена спецыяльная невялічкая каравульная будыніна), які штодзень з сапраўдным баявым карабінам у руках нёс тут сваю вахту. І было чаго: мост – аб’ект стратэгічны і патрабаваў сваёй недатыкальнасці. Пастаяць на ім хвілін дзесяць і не выклікаць заўвагі вартаўніка было немагчыма, забаранялася таксама вудзіць рыбу пад мостам. А для таго, каб у час крыгаходу (калісьці гэта было непаўторнае відовішча!) палі маста не былі парушаны ледзянымі таросамі, даводзілася ліквідоўваць іх з дапамогай піратэхнікаў або сапёраў.

Вось такія былі часы ўсяго некалькі дзясяткаў гадоў таму назад. Сёння рака Бярэзіна перастала выконваць многія функцыі. Стала яна менш паўнаводнай, зарастае па берагах травой, рэдка калі на ўсю зіму пакрываецца лёдам, менш шырокія яе веснавыя разлівы і паводкі. Але яна па-ранейшаму з’яўляецца нашай любіміцай, нашым гонарам і самым папулярным месцам адпачынку. Давайце ж будзем берагчы падоранае прыродай багацце, захоўваць яго і ашчадна адносіцца да гэтай жыватворнай вільгаці.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Памяці Хатыні прысвяцілі сустрэчу Письма с войны »
« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30