Пакінуў след у нас і вядомы ў гісторыі беларускай літаратуры казачнік Карусь Каганец, жыццяпіс якога часам здаецца легендарным. Славуты беларускі паэт, празаік, грамадскі дзеяч, перакладчык, мастак, фалькларыст, этнограф, мовазнаўца, аўтар першага беларускага “Буквара”, яго постаць – самабытная і цікавая з’ява ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.Аднак для нас Карусь Каганец цікавы творчай спадчынай, у якой адлюстроўваецца невялічкая часцінка вельмі старажытнай гісторыі нашага краю. І, па-першае, вершам “Сцяты камень”, у аснову якога закладзена старадаўняя легенда дулебскіх плямёнаў, якія рассяліліся на тэрыторыі сучасных Бярэзінскага і Клічаўскага раёнаў.
Стракаты лёс
Сапраўднае імя Каруся Каганца – Казімір-Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі. Нарадзіўся 10 лютага 1868 года ў Табольску. Пра страката-пакручасты лёс Каганца можна даведацца з адкрытых крыніц. Жыццё яго было не цукар. Калі казаць адным сказам, гэты чалавек непахісна выступаў супраць засілля царскіх улад, за што трапляў у турму, губляў работу, і мусіў вандраваць з аднаго месца ў другое. Быў выпадак, калі ў эпоху да Кастрычніцкай рэвалюцыі сядзеў у турме разам з Якубам Коласам – за светапогляды, рэвалюцыйныя для тагачаснага царскага ладу.
Знакавы верш
Напачатку 1908 года Карусь Каганец атрымаў месца ляснічага ў Патоку на былой Ігуменшчыне (Чэрвеншчыне).Тэрыторыя ўваходзіла ў склад яшчэ ранейшага Любашанскага староства, якое ў той час належыла сямейству Патоцкіх – тагачасных гаспадароў Беразіно. Увосень 1908 года Карусь Каганец пераведзены ў Дулебы. Тут ён правёў прыкладна год. Вядома, што ў верасні 1909 года Карусь Каганец пакінуў край, перабраўшыся ў Вільню. Аднак варта меркаваць менавіта ў Дулебах ён пачуў старадаўняе паданне пра бітву дулебскага князя Кумара з князем Гудам, і паводле легенды потым напісаў верш “Сцяты камень”, які заняў асаблівае месца ў творчасці казачніка.
Трэба адзначыць, што не толькі ляснічай службай і творчай спадчынай пісьменнік спрычыніўся да гісторыі Бярэзіншчыны. Карусь Каганец яшчэ па лініі маці даводзіцца сваяком Баляславу Свентаржэцкаму, які ў 19 стагоддзі валодаў Багушэвічамі. Таксама даводзіцца стрыечным дзядзькам французскаму сусветнавядомаму паэту Гійёму Апалінэру.
Старажытны народ
Гісторыя нашай зямлі хавае ў сабе таямніцу старажытнага і загадкавага народа – дулебаў. Яны згадваюцца ў знакамітай “Аповесці мінулых гадоў” і “Залатых лугах” арабскага гісторыка ал-Масудзі, які жыў у 10 стагоддзі.
Пра паходжанне дулебаў у гісторыкаў няма адназначнага адказу. Сляды іх пражывання сустракаюцца ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе. Займаліся земляробствам, было развіта кавальства, разьба па камяні, кераміка. Пасля нашэсця аварскіх плямёнаў у другой палове першага тысячагоддзя былі вымушаны перасяліцца на тэрыторыю сучаснай Беларусі. Асобныя даследчыкі нават лічаць дулебаў продкамі дрыгавічоў. Дарэчы, у Х стагоддзі дулебы ўдзельнічалі ў ваенным паходзе на Канстанцінопаль на чале з кіеўскім князем Алегам.
Таямнічая легенда
Аднойчы дулебскі князь Кумар выйшаў на вуліцу і здзівіўся, убачыўшы на дарозе незвычайны след. Прадчуванне бяды ахапіла князя. На самой справе гэта быў след ад кола, а дулебы на той час кола яшчэ не ведалі. Неўзабаве прадчуванні Кумара спраўдзіліся: у пушчы з’явіліся варожыя плямёны. Іх князь Гуд выклікаў Кумара на паядынак. Варта заўважыць, адны даслечыкі лічаць Гуда князем готаў і датыруюць бітву 2-3 стагоддзем, другія (а іх большасць) ўпэўнены, што Гуд – аварскі князь, і сутычка адбылася ў 6 стагоддзі.Аднак вернемся да легенды.
Паядынак закончыўся смерцю дулебскага князя: вораг адсек Кумару галаву. І ў той самы момант Гуд, Кумар і адсечаная галава пераўтварыліся ў камяні-валуны, якія згодна з паданнем недзе да сёй пары стаяць побач у глыбіні пушчаў Бярэзіншчыны або Клічаўшчыны – дзе жыў старадаўні народ дулебаў.
Звязана з Бярэзіншчынай
Паданне пра бой князёў Кумара і Гуда запісаў у XIX стагоддзі гісторык і археолаг Генрых Татур, калі наведваўся з даследчымі мэтамі на Ігуменшчыну. Але ж менавіта Карусь Каганец даў легендзе далейшае жыццё, увасобіўшы яе ў свой знакаміты верш. Таленавіты паэт надаў героям твора маляўнічыя ўласцівасці, якія падкрэсліваюць характары мастацкіх партрэтаў. У гудскага князя галоўная мэта захапіць здабычу і забраць дулебаў у палон, а ў дулебскага – абараніць маёмасць і сваіх людзей, не даць ім загінуць.
Дарэчы, у адным са сваіх твораў канца 19 – пачатку 20 стагоддзя К.Каганец пра дулебаў-сучаснікаў пісаў так: “дулеб высокага росту, стройны, каравокі, з невялікаю чарняваю барадою, у летняй белай дулебскай світцы, у сіняй з зялёнымі кантамі шапцы з гербам і з бляхаю на рэмені, з торбаю з ласовых лапак… і нажом пры поясе і са стрэльбаю за плячыма… ідзе ў падар, дзе ліпнёг слаўны падняўся, і любуецца ён, расхінаючы высокія, гладкія ліпкі,каторыя мяккім сваім лістам ласкочуць яго па твары” (захованы правапіс арыгінала).
Карусь Каганец жыў сярод простых людзей, пераважна сялян, і гэта вельмі спрыяла творчай працы. З Бярэзіншчынай звязаны яшчэ два яго творы: “Забойства Захаркі” і “Забойства ў пушчы”, героі якіх – людзі на службе ў графа Патоцкага – няйнакш маюць рэальныя прататыпы. Творы можна знайсці ў інтэрнэце. Што ж датычыцца дулебаў, то з цягам часу яны асіміляваліся з дрыгавічамі і сталі часткай нашай старажытнай гісторыі яшчэ да таго далёкага моманту, калі бярэзінская зямля стала лічыцца тэрыторыяй Полацкага княства.
Падрыхтаваў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з адкрытых крыніц.