Сённяшнюю нагоду вярнуцца да старых фотаздымкаў маста цераз Бярэзіну падказала невялікая юбілейная дата: сёлета спаўняецца 10 гадоў з часу запуска ў эксплуатацыю шыкоўнага моста цераз раку даўжынёй амаль у кіламетр пасля пракладкі па раёне новай чатырохпалоснай аўтамагістралі. Сёння гэтае збудаванне настолькі трывала ўвайшло ў нашу свядомасць, што выгляд старой пераправы начыста сцёрся з памяці і ўспрымаецца як неад’емны атрыбут знешняга выгляду горада і яго годнае ўпрыгожанне.
Між тым, пераправа цераз Бярэзіну мае сваю даўнюю гісторыю. Вядома, што ў ХІХ стагоддзі моста Беразіно не мела і нават на пачатку мінулага стагоддзя тут дзейнічала толькі паромная пераправа, карыстальнікі якой аддавалі па 1 капейцы за чалавека і па 5 – за каня. Перабрацца на другі бок ракі было няпроста (ды і яна была на той час больш шырокай і паўнаводнай, асабліва ў час разліваў), такое падарожжа цягнулася нярэдка гадзіну, а то і больш.
Зладжаны ў 1916 годзе драўляны мост праіснаваў нядоўга і быў спалены ў час грамадзянскай вайны. Наступная спроба будаўніцтва была распачата ў 1929 годзе і толькі 7 лістапада 1933 года пры ўдзеле старшыні Саўнаркома БССР М. Галадзеда адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Такая гісторыя даваеннай пераправы цераз Бярэзіну. Нялішнім будзе сказаць, што на той час у нашым раёне існаваў яшчэ адзін мост, які размяшчаўся ў в. Якшыцы і быў знішчаны ў час баявых дзеянняў.
Пацярпеў у час вайны і мост у Беразіно. Яго, як важнейшы стратэгічны транспартны аб’ект, неаднаразова палілі, бамбілі і знішчалі, нягледзячы на пільную варту і паветраную абарону. На яго месцы рабілася часовая пераправа і рух тэхнікі і людзей працягваліся.
Мост, які доўгі час верай і праўдай служыў бярэзінцам да пачатку новага тысячагоддзя, пачаў звязваць берагі ракі пасля вызвалення нашага раёна. Ён быў чыгуначным, на што ўказваюць нясучыя канструкцыі – фермы. Ды і шырынёй (відаць, па гэтай жа прычыне) не вызначаўся. І калі па ім ехала вялікагабарытная тэхніка (да прыкладу, зернеўборачныя камбайны), сустрэчны рух перакрываўся. Даволі працяглы час на мосце існавала ваенізаваная ахова, рыбачыць пад ім строга забаранялася. Вясной, у час крыгаходу, для таго, каб крыгамі не пашкоджваліся апоры моста, ледзяныя заторы ўзрывалі сапёры крыху вышэй па цячэнні.
І вось нарэшце прыйшоў час аднаўлення нашай шматпакутнай пераправы. Новы мост, які лёг паралельна існаваўшаму раней, узнёсся наб Бярэзінай шырокай стужкай, звязваючы паміж сабой не толькі два берагі ракі, а і дзве эпохі, новы адлік якой распачаўся для бярэзінцаў роўна 10 гадоў таму назад.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з архіва рэдакцыі.