У спадчыну – вечную памяць і боль

Date 09.09.2022 Man
Comment 851
У спадчыну – вечную памяць і боль

У вёсцы Стаўпы нішто ўжо не нагадвае пра жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны: няма тут ні помнікаў, ні манументаў. А між тым гэтая адметная і па-свойму каларытная вёсачка перажыла сапраўдную нямецкую расправу. Памяць аб той снежаньскай трагедыі захоўвае тут кожны жыхар.

Вось і Зінаіда Лазовіч вярнулася сюды на пенсіі са сталіцы. Яна яшчэ з бабуліных і матуліных успамінаў ведае пра жудасныя падзеі зімы 1942 года, паказвае ўсім месца, дзе планавалася расправа і расстрэльвалі людзей.

 

У той жудасны снежаньскі дзень

– У адну са снежаньскіх раніц 1942 года народныя мсціўцы з брыгады Сяргея Жуніна (вяскоўцы звалі іх “сяргееўцамі”) пасля паспяховай аперацыі па разгроме нямецка-фашысцкага гарнізона ў вёсцы Марціянавічы Круглянскага раёна прыбылі ў веску Стаўпы на адпачынак, – успамінаў у свой час настаўнік-краязнавец Уладзімір Трус. – Аб’яднаўшыся, карнікі з Круглянскага і Крупскага раёнаў кінуліся даганяць партызан, у якіх сілы былі намнога меншыя. Неўзабаве яны былі пад Стаўпамі. Народныя мсціўцы пашкадавалі мірных жыхароў і не ўступілі ў бой. Яны накіраваліся ў бок Глінішча і Харчыч. Да партызан далучыліся многія мірныя жыхары.

Паказаўшыся з боку Дзевяніцы, карнікі адкрылі суцэльную страляніну з мінамётаў, кулямётаў і вінтовак у напрамку Стаўпоў. А ўварваўшыся ў вёску, пачалі пазверску здзекавацца з мірных, ні ў чым не павінных людзей. Ратуючыся ад смерці, адны з вяскоўцаў пад свіст варожых куль пабеглі ў бок вёскі Медзенкі, другія – ў бок вёскі Старыя Гумны, трэція – хаваліся ў хлявах ці скляпах… Там іх і напаткалі варожыя кулі. У той снежаньскі дзень акупанты забілі дзевяць чалавек – старых, падлеткаў, дзяцей. Гэта былі Іван Трафімавіч Кляшчонак, Міхаіл Міхайлавіч Сашко, Пётр Фадзеевіч Дудко, Ганна Іванаўна Любецкая, Іван Сідаравіч Любецкі, Уладзімір Васільевіч Малашка, 65-гадовы Ігнат Іванавіч Любецкі і яго 12-гадовы сын Мікалай, 14-гадовая Пелагея Крыварот.

– Усіх жывых карнікі сагналі ў хату Андрэя Мацвеевіча Любецкага, – нагадвае краязнавец. – Вакол паставілі кулямёты. Прынеслі салому, план быў такі: спаліць людзей жывымі, а хто паспрабуе ўцячы – застрэліць.

 

Боскай малітвай і нямецкай мовай

У той хаце разам з усімі вяскоўцамі была і 12-гадовая Ганна Кляшчонак. Лёс падараваў гэтай жанчыне доўгае жыццё і яна паспела не аднаму пакаленню вяскоўцаў данесці праўду пра тыя жудасныя падзеі.

Свечкі захоўваў для ўласных патрэб гаспадар дома Андрэй Мацвеевіч Любецкі. Ён жа быў пчаляром і вырабляў іх з воску. Немцы зойдуць паглядзець, як людзі моляцца, і выходзяць. Адну жанчыну нават пашкадавалі, калі яна страціла прытомнасць: паклалі на ложак, прынеслі снегу.

Разам з усімі людзьмі ў хаце быў Арцём Якаўлевіч Любецкі. Ён яшчэ ў першую сусветную вайну трапіў да немцаў у палон і там крыху вывучыў іх мову. Ён пісаў на дзвярах панямецку і гаварыў, што людзі ні ў чым не вінаваты. Праз некаторы час фашысты сталі выклікаць з хаты маладых дзяўчат, каб гналі кароў на Ухвалу, дзе знаходзіўся гарнізон. Мы з мамай таксама дайшлі да Дзевяніцы, а там зайшлі ў хату і потым вярнуліся назад.

Так выратаваліся стаўпчане ад зверскай расправы.

– А можа таму, – падкрэслівалі ў свой час выжыўшыя вяскоўцы, – што сярод карнікаў не аказалася ні забітых, ні параненых.

– Немагчыма расказаць, што рабілася ў той хаце, – узгадвала жанчына, – мы думалі, што нас спаляць жывымі: дзіцячы плач, крыкі. Сюды прынеслі параненых. Польцы Крыварот куля трапіла ў жывот, і яна прасіла, каб яе дабілі, і немцы дабілі. А тады ўсе людзі сталі на каленцы, запалілі свечкі і сталі маліцца Богу.

Доўга дагаралі спаленыя вясковыя будынкі Аднак на гэтым жудасная снежаньская трагедыя маленькай бярэзінскай вёсачкі не скончылася. Пакуль ішла падрыхтоўка да расправы, астатнія карнікі, у тым ліку паліцаі з суседніх вёсак Дзевяніца і Гумны, палілі хаты і гаспадарчыя пабудовы. У сваёй хаце пад падлогай схаваўся дзед Касцюк – Канстанцін Герасімавіч Любецкі. Дзеду неяк удалося выбрацца з палаючай хаты і адпаўзці ў агарод, але варожая куля “прашыла” яму жывот. І ўсё ж вяскоўцы выхадзілі яго, хаця гора было ў кожнай хаце. Забітыя, цяжка параненыя, знішчана 35 гаспадарак. А на двары снежань...

 

Немцы нікога не шкадавалі

Сведкам трагедыі была Марыя Арцёмаўна Трус. Яна дачка Арцёма Якаўлевіча Любецкага, які на нямецкай мове пераконваў немцаў не паліць людзей.

– Я на той час у сяле была самай старэйшай, – расказвала яна пра сябе, – да вайны ўжо была замужам, мужа немцы забілі, а ў мяне праз некалькі дзён нарадзілася дачка. У той снежаньскі дзень мы толькі-толькі паставілі мяса ў чыгунку варыць для партызан. Калі пачалася страляніна, схаваліся ў ямку. Але немцы выцягнулі нас. А як прымусілі кароў гнаць на Ухвалу, спрабавала схавацца, але немцы знайшлі і мучылі нас.

Ад агню выратаваць удалося толькі ікону

Пакінула ўспаміны аб той жудаснай падзеі і Марыя Іванаўна Любецкая. Яна дачка той жанчыны, якая страціла прытомнасць у хаце, падрыхтаванай да чорнага вогнішча. Ды і ўявіце стан яе матулі, у якой на руках маленькая дачка, а з боку за спадніцу трымаецца пяці-гадовы сынок. А муж Іван Герасімавіч Любецкі і яго браты ваююць на фронце. Жанчына з дзецьмі зімой засталася без даху над галавой, бо хата згарэла. Засталася толькі посцілка, у якую была загорнута ікона. Ікона дагэтуль беражліва захоўваецца як сямейны аберагальнік.

 

“Душа нявінная гіне. Ідзі, гадуй дзяцей”

Шмат чаго ў свой час расказвала пра вайну сваім дзецям і ўнукам Кацярына Макараўна Васілеўская: – У 1939 годзе ў Стаўпах быў моцны пажар, згарэла амаль уся вёска. Толькі-толькі людзі пачалі адбудоўвацца, як пачалася вайна. Немцы ў вёсцы з’явіліся на трэція суткі, прыехалі на матацыклах.

Вёска Стаўпы ўнікальная па сваёй гісторыі і мясцовых жыхарах. Сцвярджаюць, што назву яна бярэ ад слупа, які некалі стаяў на месцы новага паселішча. У 1916 годзе вёска ўваходзіла ў склад Пагосцкай воласці Ігуменскага павета, налічвала 36 двароў і 176 чалавек. Перад вайной колькасць двароў павялічылася да 40.

Пасля часта наведваліся. Да вайны ў нас старшынёй калгаса быў Мартын Васільевіч Крыварот, а ў вайну ён стаў старастам. Пасля вайны з усёй сям’ёй з’ехаў недзе за Урал. Шмат загубленых жыццяў на яго ліку. Нават хваліўся, што сам рыдлёўку даў у рукі роднай сястры, якую немцы за дапамогу партызанам расстралялі разам яшчэ з адной дзяўчынкай. Маму таксама на расстрэл вадзілі, але прыбег бацька і яго паставілі побач. Немцы нешта перагаварылі паміж сабой і тады да маці: “Цурук”. А бацька перахрысціўся і кажа: “Душа нявіная гіне. Ідзі, гадуй дзяцей”. Бацьку расстралялі, гэта былі яго апошнія словы.

Яго подзвіг дагэтуль не забыты ў яго родзе. Да вайны мужчына паспеў паставіць зруб новай хаты, замест згарэўшай. Сям’я жыла ў часовым невялікім будынку. Але ў час вайны хавалася ў лесе ў зямлянках.

Шануйце родную зямлю

Пасля вайны тут аднавіў сваю дзейнасць калгас “Сталінскі шлях”, які потым увайшоў у саўгас “Высакагорскі”, а сёння – у ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”. Праўда, зараз ніхто з вяскоўцаў у гаспадарцы не працуе. Вёска Стаўпы ўжо надзейна стала дачным месцам са сваім каларытам і калодзежамі. Дачнікі – нашчадкі тых, каму давялося спазнаць нямецкую расправу, узялі ў спадчыну не толькі стойкасць да сучасных перамен, але і выключную працавітасць. Тут дагэтуль засяваюць збожжам палеткі і рупяцца, каб землі не пуставалі.

– Мяне матуля і бабуля з маленства вучылі даглядаць зямлю, –
прызнаецца Зінаіда Міхайлаўна, дачка Кацярыны Макараўны Васілеўскай, – дзеля гэтага я з дачушкамі і ўнукамі трымаю тут невялічкую гаспадарку, засейваю збожжам соткі, зберагаючы старое, адбудоўваю бацькоўскі дом. Так я працягваю справу сваіх бацькоў – шаную і люблю свой родны край. Берагу слаўную памяць пра мужных землякоў і нават планую навесці адпаведны парадак на могілках, дзе яны пахаваны.

 

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Новаму мосту цераз Бярэзіну – 10 гадоў Узгаданае імя »
« Ноябрь 2023 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30