Узгаданае імя

Date 25.10.2022 Man
Comment 294
Узгаданае імя

Жыццёвы шлях кожнага з нас поўніцца людзьмі, сустрэчамі з імі, зносінамі, сумеснай працай, сяброўствам. Некаторыя з іх, хоць і перасякаюцца з табой кожны дзень, не пакідаюць глыбокага следу ў тваім лёсе, а некаторыя, з’явіўшыся толькі аднойчы на тваёй сцяжынцы, увесь твой далейшы шлях ззяюць нязгаснай зоркай. Менавіта такой асобай стала для мяне Варвара Кулікоўская.

Прозвішча гэтае для людзей сённяшняга пакалення хутчэй за ўсё невядомае. Ды і пры жыцці гэтай жанчыны ўзгадвалася яно, на жаль, вельмі рэдка. Між тым, была яна чалавекам вялікай душы, цудоўным урачом і ў свой час нават з’яўлялася галоўным урачом нашай раённай бальніцы. Да таго ж, Варвара Іванаўна ў час фашысцкай акупацыі Бярэзіншчыны была падпольшчыцай і выратавала жыццё не аднаму савецкаму патрыёту. Пра адзін з такіх выпадкаў пісаў у сваіх успамінах жыхар горада Ігнат Якаўлевіч Барысевіч, які ў час вайны быў цяжка паранены з аўтамата ворага ў жывот і толькі дзякуючы доктару Кулікоўскай змог выжыць.

У ліку тых людзей, якім падарыла другое жыццё Варвара Іванаўна, і я. Праўда, адбывалася гэта не ваеннай парой, а значна пазней, у 50-ыя гады, калі мне было ўсяго шэсць гадкоў. У той халодны студзень хвароба мяне скруціла так, што адзінай прыкметай рэшткаў жыцця з’яўлялася толькі дыханне.

Сабраліся суседзі, хтосьці мне ў галавах ужо запаліў свечку, прыцішана гучалі словы супакою забітай горам матулі кшталту "Бог даў, Бог забраў". Толькі Усявышні, відаць, быў другога меркавання і для майго ратавання падаслаў далёкую сваячніцу з суседняй вёскі. Яна, заглянуўшы за палог, умомант нарабіла крыку: “Бог дапамагае таму, хто сам таго жадае. Мігам вязіце яе ў бальніцу!”.

І гэтыя словы вывелі маці са здранцвення, далі штуршок да рашучых і дзейсных мер. Укруціўшы мяне ў сотню адзёжак і паклаўшы на саначкі, яна разам са старэйшым братам-падлеткам пацягнулі мяне за два кіламетры да цэнтра брыгады. Там вартавы конюх выдаў матулі са станка здаровага каня, дапамог запрэгчы яго і са словамі “Гані ўмераным галопам” перадаў лейцы брату. Адлегласць да райцэнтра ў 10 кіламетраў па лютым марозе была пераадолена менш чым за гадзіну.

Галоўнага ўрача бальніцы Варвару Кулікоўскую, нягледзячы на паўночны час, доўга чакаць не прыйшлося. Правёўшы шчыльны агляд, яна затым зрабіла мне пункцыю спіннога мозга і дакладна ўстанавіла дыягназ: менінгіт! На маё шчасце лекі на той няпросты пасляваенны час у бальніцы меліся ў поўным аб’ёме і я паступова пачала ісці на папраўку.

Дадам, што на той час захворванне менінгітам (гэта небяспечнае інфекцыйнае запаленне мазгавых абалонак галаўнога і спіннога мозга, якое суправаджаецца інтаксікацыяй, ліхаманкай і г.д.) насіла характар эпідэміі сярод дзяцей і падлеткаў. Яго наступствамі ў залежнасці ад ступені захворвання з’яўляліся страта слыху або мовы, пашкоджанне мазгавой дзейнасці. Пацвярджэннем таму той факт, што за час майго знаходжання ў бальніцы (ужо праз два дні) падробным дыягназам прывезлі яшчэ адну дзяўчыну з нашай жа вёскі, а праз тыдзень – 17-гадовага юнака, які таксама знаходзіўся ў цяжкім стане.

Маё лячэнне завяршылася паспяхова, хаця і для мяне наступствы маглі быць самымі непрадказальнымі. Станоўчы вынік быў дасягнуты дзякуючы нястомным намаганням доктара Кулікоўскай.

Сёння пра Варвару Іванаўну і яе жыццё нагадваюць толькі сціплы помнік на гарадскіх могілках, ды светлыя ўспаміны ўсіх тых, у чыім лёсе і чыім жыцці была гэтая жанчына і пакінула там свой адбітак.

Ніна БУРКО.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30