– Сапраўды, такая падзея надарыцца ў сучасным жыцці горада толькі аднойчы, – распавядае пробашч Бярэзінскай парафіі Андрэй Фёдараў. – На свята запрошана каля дваццаці ксяндзоў з усёй нашай архідыяцэзіі, а таксама ўздапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі. Чакаем і гасцей з аграгарадка Рубяжэвічы і Маладзечна, дзе я служыў Богу раней.
Урачыстая імша пачнецца з перадачы мітрапаліту Юзафу Станеўскаму сімвалічнага ключа, якім ён тройчы пастукае ў касцельныя брамы, зойдзе сам і благаславіць увайсці святароў, міністрантаў і вернікаў. Арцыбіскуп у ходзе набажэнства асвяціць святым алеем алтар і сцены. І храм у імя Маці Божай Міласэрнасці, нібы пахрышчанае дзіця, духоўна з’явіцца ў свет.
Трэба адзначыць, што хрысціянства Заходняга абрада на Бярэзіншчыне мае старадаўнія традыцыі. Першы каталіцкі касцёл быў закладзены на рынкавай плошчы горада ў сярэдзіне XVII стагоддзя маршалакам Казімірам Львом Сапегам. І нават напачатку XX стагоддзя, падчас Расійскай імперыі, Бярэзінская каталіцкая парафія была самай вялікай ва ўсёй Мінскай губерні, налічваючы сем тысяч вернікаў. На жаль, драўляны храм згарэў падчас вялікага гарадскога пажару ў 1914 годзе.
Парафіяльнае жыццё адраджаецца ў Беразіно ў пачатку 90-х гадоў, калі ксёндз з Барысава Юзэф Пятушка пачаў праводзіць набажэнствы ў часовай капліцы. Зразумела, гэты былы ўласны дом на вуліцы Піянерскай быў не зусім прыдатны да абрадаў. І калі святар Андрэй Фёдараў прыехаў у Бярэзінскую парафію ў 2014 годзе, многія веруючыя пыталіся, ці будзе пабудаваны належны храм.
– Мне спачатку не верылася, што ў Беразіно паўстане сапраўдны касцёл, – прыгадвае ксёндз Андрэй. – Але я з дапамогай неабыякавых людзей паступова пачаў брацца за гэту справу. Мы прасілі адміністрацыю горада выдзеліць зямлю пад будаўніцтва. І неўзабаве ў гістарычным цэнтры горада, каля гарадскога стадыёна, вясной 2016 года дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім быў асвечаны крыж. Само будаўніцтва пачалося праз два гады і было скончана летась.
– Калі ўзводзіўся касцёл, мне прыходзілі розныя думкі, сумненні, нават страх, – прыгадвае святар. – Але кожнаму чалавеку ў любой справе трэба мець моцны давер Богу. Былі цяжкасці, гэта праўда. Але з Богам няма нічога немагчымага. Безумоўна, для мяне вялікая радасць, што наш велічны касцёл гатовы. Для кожнага святара асаблівы гонар – пабудаваць храм, у якім людзі будуць удасканальвацца і выратоўваць свае душы. Дзякую ўсім ахвярадаўцам, будаўнікам, тым, хто маліўся за касцёл. Наша парафіяльнае жыццё сёння пашыраецца і развіваецца. І садзейнічае гэтаму новы храм.
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара і Анатоля ПАЛЫНСКАГА.