– Нягледзячы на колькасць пражытых гадоў, у душы мы заўсёды застаёмся маладымі. І нас, як і прадстаўнікоў падрастаючага пакалення, таксама цікавяць іх праблемы. Тым больш, што ўсім відавочна старэнне насельніцтва нашай краіны, асабліва ў сельскай мясцовасці. Не выключэнне і Бярэзіншчына. Адбываецца гэта не толькі з-за пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі, але і з-за таго, што многія маладыя людзі пасля заканчэння школы імкнуцца трапіць у вялікі горад і там атабарыцца: маўляў, там лепшае жыццё і ўмовы для яго наладжвання. Пытанне спрэчнае, але не буду ўдавацца ў палеміку.
І таму лічу вельмі важным, што ў новым праекце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь шмат увагі надаецца моладзі, яе маральнаму і фізічнаму ўдасканаленню, падтрымцы маладых сямей. Бо ў першую чаргу менавіта сённяшняму падрастаючаму пакаленню жыць па новай Канстытуцыі, будаваць заўтрашні дзень, быць нашымі прадаўжальнікамі.
Хацелася б, каб і наш горад таксама маладзеў. За кошт новай змены, за кошт маладых спецыялістаў, за кошт стварэння такіх умоў, якія б былі падобныя на сталічныя. Тады наўрад ці хто шукаў бы лепшай долі па-за межамі Бярэзіншчыны, якая да ўсяго іншага ўяўляе сабой сапраўды ўнікальны прыродны куток. Прыемна, што ў горадзе існуюць такія ўстановы як басейн, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Лазурный”, раённы цэнтр культуры, вядзецца рэканструкцыя будынка бібліятэкі, дзе будзе створаны маладзёжны цэнтр, а ў ім – і адпаведныя ўмовы для правядзення вольнага часу, у тым ліку і арганізацыі дыскатэк, узводзяцца жылыя дамы.
Думаю, што ўсе гэтыя захады станоўча паўплываюць на нашу дэмаграфічную сітуацыю, Бярэзіншчына будзе маладзець і поўніцца галасамі немаўлятак.
Што датычыць рэферэндуму, то прыняць у ім удзел я лічу сваім грамадзянскім абавязкам. Да таго ж, не так часта нам выпадае магчымасць паўдзельнічаць у фарміраванні Асноўнага Закона нашай дзяржавы.